Выбрать главу

— Ну, што будзем рабіць, хлопцы?

Над замеценымі снегам берагамі нешырокай ракі выгнуўся мост на прысадзістых палях. Нічога не гаворачы, Сымон закруціўся ў світу i пa сыпкім снезе з'ехаў пад мост, Амяльян следам пусціў пілу i ссунуўся сам.

Зашоргала, завішчала піла па настылым дрэве.

Аляксандр стуліўся за альховым заінелым кустом i пачаў углядацца ўдалечыню: нідзе ні агеньчыка, ні жывое душы, толькі чуваць, як шастае піла i сапуць пад мостам хлопцы.

— Можа, каторага падмяніць? — спытаў Салавей.

— Ты пазірай, камандзір, а што якое — свісні,— азваліся пад мастом хлопцы.

Калі падрэзалі ўсе палі, увагрэтыя, вылезлі на мост.

— От i ўсяго страху,— сказаў Амяльян.— Але ж i заціскала, не пацягнуць. Мусілі па два рэзы рабіць.

— Развод малаваты,— растлумачыў Вежавец.— Прымай работу, таварыш старшыня.

— Ранічкаю легіянеры прымуць. А пакуль што дзякую вам ад рэўкома i ад Савецкай уласці вабчэ.

Калі вярнуліся ў вёску, Сымон сказаў Салаўю:

— Мы не толькі пілаваць умеем, таварыш старшыня, a i страляць мажэм. Вазьміце нас у свой атрад.

— А з чаго страляць будзеце?

— Такія сякія ламакі знойдуцца, там мо i чаго лепшага расстараемся.

Пад раніцу рудабельскі атрад раскінуўся ў кустах каля берага рачулкі. Салавей загадаў стаіцца, каб i духу не чутна было, страляць толькі па камандзе.

На марозе час цягнецца марудна: мерзнуць калені, заходзяцца рукі i ногі. Але нічога не зробіш, трэба цішком ляжаць i маўчаць. Усе ўглядаюцца ў цёмную сцяну лесу, прыслухоўваюцца, ці не гудуць рэйкі.

Цішыня.

Салавей ляжыць на левым фланзе, Драпеза — на правым. Абодва думаюць, чым усё гэта скончыцца. Калі легіянеры не заўважаць пасткі, цягнік узыдзе на мост. Ox i грукату ж будзе! Палезуць браніраваныя вагоны адзін на адзін, заскуголіць жалеза аб жалеза. Ламаючы парэнчы, рэйкі i апоры, усё паляціць пад лёд. Шкода толькі машыністаў... A калі агледзяцца? Прыйдзецца біцца. Можа, нехта загіне з гэтых хлопцаў, некага параніць. А тут i кавалка бінта няма. Неяк не дадумалі.

Але што гэта? Над лесам узвіўся дымок. Ён большае i набліжаецца. Зазвінелі рэйкі, чуваць прыглушаны адлегласцю гул. Усе без каманды ўзяліся за вінтоўкі, карабіны i стрэльбы, прытаіліся.

З лесу павольна выпаўзае нешта няўклюднае i шэрае. Дым вырываецца недзе з сярэдзіны саставу i адплывае белым воблачкам. Наперадзе сунецца металічная скрыня з дахам, як века дамавіны. Відаць байніцы i шчыліны. Праз ix, напэўна, углядаюцца чыесьці вочы.

Цягнік спыніўся за некалькі сажняў ад моста. Ён не адважваецца ўзысці на яго. Ад саставу аддзялілася невялічкая чорная постаць, такая чорная, што, здаецца, ад яе застаюцца цьмяныя плямы на снезе. Відаць, качагар. Ён падыходзіць да моста i глядзіць уніз.

«Эх, дурні, пілавінне не прысыпалі снегам»,— злуецца Сымон Вежавец. А яму так хацелася, каб гэтыя ашчэраныя жалезныя скрыні разам з мостам паляцелі ў прорву замёрзлай ракі.

Чалавек у чорным заходзіць збоку, спускаецца па адхоне, потым махае рукой назад i бяжыць к цягніку. З люка першага вагона вытыркаецца канфедэратка. Качагар спыняецца, задраўшы галаву, нешта гаворыць, паказвае рукамі i бяжыць к паравозу. Цягнік стаіць, нібы раздумвае, ісці ці не ісці. Пыхкае параю — i ні з месца.

З шэрых сталёвых вагонаў вылазяць трое легіянераў з белымі нашыўкамі на каўнярах. Наставіўшы карабіны, яны асцярожна ідуць к мосту.

— Эх, лупянуць бы па ix, каб пэтлахі паляцелі,— шэпча Якаў Гошка, сціскаючы вінтоўку.

— Не чхні! — злосна шыпіць Салавей.

Легіянеры ідуць асцярожна, відаць, адчуваюць, што нехта сочыць за імі, што на тым баку не так пуста, як здаецца. Яны нагінаюцца, аглядаюць мост, бо, напэўна, не вераць качагару. Ніхто з ix не адважваецца спаўзці на лёд. Яны боязка азіраюцца i, не апускаючы зброі, задам ідуць к цягніку, хапаюцца за парэнчы i ўжо з вагона махаюць машыністу ў той бок, адкуль прыехалі.

Запыхкаў, залапатаў паравоз, уздрыгнулі, заскрыгаталі жалезныя скрыні вагонаў i падаліся назад. З шчылін i люкаў бліснула полымя, праз нейкую долю хвіліны пракаціўся гулкі залп, затахкацеў кулямёт, ссякаючы дубцы ракітніку i асыпаючы іней з голых алешын.

Хлопцам хацелася адказаць дружным стрэлам. Камандзіры ледзьве стрымлівалі ix.

Цягнік нехаця, павольна пасунуўся назад. Салавей загадаў атраду адпаўзці ў лагчыну i ўсім устаць. Хлопцы атрасалі снег, ляпалі адзін аднаго рукавіцамі, тупалі. i скакалі на месцы.

— Ну ж i свярбела стрэльнуць,— прызнаўся Амяльян.

— Я ix, гадаў, на мушцы трымаў, пакуль у вагон не пахаваліся, так i карцела хоць аднаго ўлажыць,— клацнуў затворам Якаў Гошка.