Выбрать главу

У воласці рабілася ўсё трывожней i трывожней: так-сяк з Асіповіч прыбіліся Салаўёвы пасланцы. ІІрыйшлі i расказалі рэўкомаўцам, што нібыта легіянеры ўжо ў Мінску, што пайшлі ў наступление кайзераўскія дывізіі: немцы займаюць гарады i мястэчкі, асталёўваюцца грунтоўна і, відаць, надоўга. A з-за ракі легіянеры гатовы кожную хвіліну ўдарыць па воласці. I, мабыць, хутка ўдараць. Генерал не даруе рудабельцам раззброеных у Ратміравічах «жалнежаў», не забыўся ён i на бронецягнік. Не сцерпіць, што ў палескіх сёлах, як на маленькім астраўку, жыве Савецкая ўлада.

Гэта ўсё разумеў, пра ўсё гэта думаў Салавей ca сваімі сябрамі. Вечарам яны сабраліся ў Кавалях, у хаце Максіма Ляўкова. Гарэла газнічка, трашчаў за печчу цвыркун, пахла паранкаю i надгарэлаю бульбай. На печы, звесіўшы босыя ногі, сядзеў чорнабароды Максімаў бацька Архіп, курыў падмарожаны самасад, слухаў, а часам i ўстаўляў слова:

— Акапацца трэба, хлопчыкі. Пазіцыя, яна па акопах дзяржыцца. Зямля чалавека ратуе. Корміць i поіць яго i ад смерці беражэ. Давайце на гарэлым балоце, якраз проці моста, акапаемся. Другое дарогі ў ix няма. У раку не палезуць. Пусцім у пастку i стукнем з трох бакоў. От пабачыце — мая праўда.

Салавей слухаў старога салдата японскай вайны i крэмзаў нешта на сіняй вокладцы вучнёўскага сшытка.

— А бацька праўду кажа. Глядзіце, хлопцы. От мост. Справа i злева залягуць два атрады, трэці перарэжа дарогу. Як толькі яны ўлезуць у гэты мех,— Салавей абвёў алоўкам тры бакі квадрата,— мы яго i завяжам. Уцякаць адна дарога — на мост. Тут мы ім дамо пытлю.

— Як пабягуць, каб з таго боку хоць пара гранат шарахнула па мосце,— сказаў Максім,— тады мех i завяжацца.

— Разумна. Надумаем i пра гэта. A заўтра досвіті-сам выводзьце свае атрады з рыдлёўкамі ў алешнік, няхай акопваюцца. Як, дзядзька Архіп, па зімніку яшчэ можна прайсці?

— Конна наўрад. А пехатою перабярэнтся: снег зляжаўся i ўмёрз,— адказаў Салаўю стары.

...Назаўтра досвіткам, сігаючы праз выбоіны, поўныя вады, па зімніку на той бок Пцічы перабіраліся Раман Салавей з дачкою Марылькай. За плячамі яны неслі па ношцы грэчкі. Калі i запыняць часам палякі, скажуць, што ідуць на крупадзёрку.

Але ніхто ix не запыніў. Легіянерам было не да таго. Яны ад'ядаліся на дармовых харчах у халопеніцкай пані, насілі з бровара свежанькі спірт, збіраліся вясёлымі кампаніямі, нілі, маркотна спявалі:

Вруць Ясеньку з тэй военкі, вруць...

Не хацелася ім падстаўляць галовы пад мужыцкія кулі, рызыкаваць жыццём, бо ніхто з ix толкам не ведаў, за што яны мусяць ваяваць. Сцерагчы панскія маёнткі яны ўмеюць. I пажыць на ўсім гатовым кожны ласы. Вечарамі ў прасторную залу панскага палаца афіцэры прывозілі маладых дзябёлых шляхцянак з суседніх хутароў i засценкаў, шчоўкалі перад імі абцасамі наваксаваных ботаў, звінелі шпорамі, аж да раніцы круцілі ў мазурках i вальсах расчырванелых шыракаклубых часовых нявест i паненак. На ноч выстаўлялі варту вакол маёнтка i спакойна адсыпаліся. Афіцэры — у панскіх пакоях i флігелях, салдаты — у афіцынах i парабкоўскіх стадолах.

Калі паны яшчэ спалі, Раман Салавей зайшоў у кузню да Яніса Гайліса. Стары латыш звекаваў i аглух у панскіх кузнях, увагнуўся ад цяжкага молата, ссівелі галава i вусы ад клопатаў i нястач, i толькі вочы былі ясныя i добрыя, як у дзіцяці. Яніс ведаў Рамана з маладых год: яны разам парабкавалі ў маёнтку Іваненкі, па суседству карчавалі ляды i абодва некалі прыглядаліся да прыгожай вясёлай Луізы. A калі яна не паслухалася бацьку i пайшла замуж за Салаўя, Яніс не раз хацеў сустрэць камлюкаватага Рамана на 'вузкай лясной сцежцы, але ўсё ніяк не выпадала. Хацеў i пазбягаў гэтых сустрэч. Ён сцішыўся толькі, калі ажаніўся сам. I вось Луізы даўно няма на свеце. Павырасталі Раманавы i Янісавы дзеці. Цяпер у кожнага сваё гора. Раманаў Косцік уцякаў з румынскага палону, дапоўз да сваіх акопаў i загінуў у першым жа баі, a Янісаў Данат склаў галаву пад Перамышлем. Стрэнуцца старыя, пабядуюць, паўздыхаюць i разыдуцца. А цяпер не вельмі i сустрэнешся: Яніс — пад палякамі, а Раман на тым баку, у бальшавікоў, дзе ўсім камандуе яго большы сын.

Таму i здзівіўся Яніс, убачыўшы на парозе кузні Салаўя з Марылькаю.

— Лабдзіен.— Абое прывіталіся па-латышску, скінулі свае невялічкія ношкі ў парозе. Раман паціснуў чорную шурпатую кавальскую далонь i адразу ўзяўся за абшмуляны сотнямі мужыцкіх рук кіёк, пачаў раздзімаць вялікі скураны мех. Загуў горан. Яніс ласкава паглядзеў на невысокую зграбную Марыльку. Яна была трошкі цямнейшая за маці, а так — вылітая Луіза. Насупіў бровы i запытаўся ў Рамана: