— Чаго гэта вас прынесла нялёгкая? Убачаць легіянеры i ўсыплюць па «двадзесце пенць».
— Ты ж, можа, не падтыкнеш, адкуль мы? А на лбе ні ў кога не напісана, які ён: чырвоны ці белы. Маршчакі i світкі — адна хворма i тут i там... Гэта ж падгрэблі ў засеку трохі грэчкі ды ў крупадзёрку прынеслі.
Яніс глядзеў на Салаўя i ўсміхаўся ў жоўтыя пракураныя вусы.
— Ты мне, Раман, хоць цяпер галаву не дуры. Мы ўжо старыя, i дзяліць нам няма чаго.
Ён узяў мяшэчак. Ледзьве падняў яго i паважыў у руцэ. Пакруціў галавою i засмяяўся.
Марылька трывожна сачыла за кавалём.
Яніс моўчкі шуфлем разгроб кучу вугалю.
— Усё, што трэба,. можаш схаваць тут, а грэчку нясі на крупадзёрку.
Ён узяў гаечны ключ, выйшаў на двор, пачаў прыкручваць гайкі на старым возе i паглядаць на ўсе бакі.
Раман з дачкою дасталі з мяшэчка восем гранат, усе ix склалі ў адзін мех, зверху прысыпалі грэчкаю, завязалі i прыгрэблі вугалем. Убачыўшы ў акно, што ўсё гатова, у кузню ўвайшоў Яніс.
— Кажы, што далей рабіць.
— Прыйдзе да цябе чалавек з ключом на гэты замочак,— Раман дастаў з кішэні невялічкі замок ад куфэрка,— яму i аддасі. От i ўся твая работа. Ключ падыдзе, значыць, ён.
Салавей аддаў дачцэ ключ i памог ускінуць мяшэчак. Марыля выйшла з кузні i падалася ў суседнюю вёску.
Раман счакаў трохі, падзьмуў яшчэ ў мех, з дзвярэй паглядзеў на ўсе бакі i падышоў да каваля.
— Дзякую табе, Яніс.
— А ты не дзякуй. Не табе ж ласку раблю. Ды якая там ласка? Ну ідзі.— I стары Гайліс ні то абняў,
ні то штурхануў у плячук Рамана.— Калі запыняць, кажы, што быў у жончынага сваяка.
Раман, унурыўшы галаву, пайшоў да зімніка.
2.
Начамі i досвіткамі капалі партызаны акопчыкі i ямкі ў хвойніку каля моста. Уздоўж рэчкі, за альховымі i ракітавымі кустамі мяняліся каразулы. На грудку свежай зямлі ўстанавілі кулямёт, адбіты ў легіянераў бярозаўскімі хлопцамі.
Усе атрады сабраліся ў Карпілаўцы i чакалі загаду Салаўя.
— Чаго нам сядзець? Наскочым на Халопенічы ноччу, i ўсе гэтыя жоўтыя «канарэйкі» аж заляскацяць,— патрабавалі самыя няўрымслівыя. Салавей супакойваў ix, казаў, што няма чаго без дай прычыны падстаўляць галовы пад кулі, пераконваў, што трэба драпежніка заманіць у пастку i даць яму так, каб i дарогу сюды забыўся.
Калі з-за ракі вярнулася Марылька i расказала, што ў Харомцы, Катку i Касарычы падыходзяць новыя атрады легіянераў, старшыня рэўкома сабраў усіх партызан каля воласці, ускочыў на пачарнелыя бярвенні, што ляжалі ля суседняй хаты, падняў руку, спакойна i цвёрда загаварыў:
— Таварышы, не сёння-заўтра найміты капіталу, белапольскія легіянеры, пойдуць на нашу воласць. У ix конніца, ангельскія карабіны, нямецкія кулямёты i гарматы, патронаў, як таго пяску. У нас зброі такой няма. Але мы верым, што пераможам, бо кожны б'ецца за сваю зямлю, за свабоду, за Савецкую ўласць. Хто стаў у нашы рады, павінен ведаць, на што ён ідзе. Можа, i не ўсе вернуцца з гэтага бою, можа, мы страцім нашых таварышаў, але нам не страшна загінуць за лепшую долю.
У натоўпе пачалі ўсхліпваць жанчыны. Партызаны маўчалі, сціскаючы карабіны, трохлінейкі i дубальтоўкі. Пакалыхваліся авечыя шапкі i салдацкія кучомкі, віўся сіні дымок ад самакрутак i раставаў у шэрані мокрага веснавога дня.
— Таварышы,— зноў загаварыў звонкім i чыстым голасам Салавей.— Той, хто гатовы біцца за нашу Савецкую ўласць, няхай паслухае i падпіша партизанскую клятву. А хто не хоча ці баіцца, няхай ідзе да жонкі на цёплую печ.— Ён абвёў доўгім позіркам натоўп. Заварушыліся партызаны, пачалі азірацца, але не ўбачылі, каб хто выйшаў з натоўпу.
Салавей дастаў з кішэнькі пацёртага зялёнага фрэнча паперку, акуратна разгарнуў яе. Зняў шапку. Паздымалі шапкі Ляўкоў, Драпеза, Малаковіч. Скалануўся партызанскі натоўп: то адзін, то другі пачалі сцягваць старыя салдадкія кучомкі, авечыя шапкі i вайсковыя фуражкі. Вецер шкуматаў густыя чорныя i светлыя чубы, трапаў рэдзенькія касмылі на аблыселых галовах i сівыя грывы дзядоў. Салазей пачуў, як нейкая кабета шэптам спытала: «Бабанькі, можа, i хусткі трэба скідаць?» Зрабілася так ціха, што было чутна, як шамаціць паперка ў руках.
— Тады слухайце. «Я, ніжэйпадпісаны,— пачаў ён, адсякаючы кожнае слова,— клянуся гонарам i годнасцю вольнага грамадзяніна, што разумею важнасць узятага на сябе абавязку, ад якога залежыць вынік нашай барацьбы ў справе вызвалення пралетарскіх мае, якія пакутуюць у цяжкой няволі і рабстве, i свята абавязуюся прайсці абраны мною цярністы шлях. Усведамляючы рэвалюцыйны абавязак, я гатовы ахвяраваць сабою дзеля дасягнення мэты, дзеля вызвалення i аднаўлення ў нас Савецкай улады, падобна многім іншым папярэднім мне таварышам, якія дастойна памерлі ў няроўных баях... За здраду справе няхай мне будзе ўсеагульная пагарда i смерць».