Выбрать главу

Людзі маўчалі.

— Не сёння, дык заўтра легіянеры могуць напасці на нашу воласць. Рэўком уводзіць ваенную дысцыпліну. Усе атрады павінны быць гатовы ў любую хвіліну выступіць на абарону Савецкай улады,— закончыў Салавей.

Натоўп загаманіў, загайдаўся. Да бярвенняў падыходзілі маладыя i старыя, слінілі аловак, i кожны распісваўся, як умеў,— хто ставіў першую літару з хвосцікам, хто крыжык, граматнейшыя распісваліся за сябе i за суседзяў,— «па ix лічнай просьбе». Распісалася Аляксандрава сястра Марыля, за ёю надышла камбедаўка Параска i паставіла тры тлустыя крыжыкі.

— Старшыня, ты б мяне камандзірам над бабскім батальёнам смерці назначыў,— пажартаваў Цярэшка. Але жонка таўханула яго ў карак:

— Сціхні, балабон.

— Камандзіры i члены партыі бальшавікоў, зайдзіце ў рэўком,— абвясціў Пракоп Малаковіч.

З натоўпу выйшла чалавек дваццаць. За імі патупаў i Цярэшка.

— Цябе ж яшчэ, дзед, у камандзіры не прызначылі. Батальён яшчэ не набраўся. Лепей ідзі дадому,— супыніў яго Максім Ус.

— Затое ў бальшавікі ўпісаўся. Пракоп жа казаў ісці ў воласць.

— Партызаны — гэта адно, а парцейныя — саўсім другое,— тлумачыў усміхаючыся Максім старому.

— Як так? Раз я за бальшавікоў, значыць — парцейны.

Калі камандзіры зайшлі ў воласць, Цярэшка пастаяў трошкі, махнуў рукою i вярнуўся да бярвенняў, дзе мужчыны яшчэ падпісваліся пад партызанскаю клятвай.

— Няўжо не ўсё адно? Раз упісаўся, значыць — бальшавік.

Так думаў не адзін Цярэшка: кожны, хто ўзяўся за зброю i распісаўся пад клятваю, лічыў сябе бальшавіком.

Яшчэ не развіднела. За ноч зямля падшэрхла, дубцы прырэчных кустоў абледзянелі i шаргацелі, як драцяныя. З таго берага быў чуцён тупат ног, конскіх капытоў i прыцішаныя кароткія каманды.

Паўтары сотні партызан залеглі непадалёк ад моста. Яны нрыціхлі ў акопчыках i ямках, паабтыканых маладымі елачкамі i альховым веццем. На правым фланзе камандаваў Салавей, на левым — Драпеза. За паўвярсты наперадзе дарогу перагарадзіў атрад Ляўкова. Старшыня рэўкома папярэдзіў,— без яго каманды ніхто не мае права нават паварушыцца. Пахла сырой зямлёю i мохам. Ад напружанага чакання ўздрыгвалі сківіцы i пальцы. Абвостраны слых лавіў кожны шоргат i гук.

Тупат нарастаў i набліжаўся. Зацокалі падковы па мосце, глуха загрукалі боты. Легіянеры хацелі неспадзеўкі ўскочыць у Рудабелку, заняць воласць, а што рабіць далей, кожны ведаў сам — бізуны былі ca свінчаткаю, шампалы — пры кожным карабіне.

Паперадзе ехалі коннікі. На брылях канфедэратак блішчалі акантоўкі, дзынкалі доўгія зіхатлівыя палаты, рыпелі сёдлы, саплі сытыя коні. На мосце коннікі знялі карабіны. Пехацінцы зрабілі тое ж самае. Абапал дарогі, адразу за ракою, пачынаўся густы ельнік, a трошкі далей — векавы бор. Рассыпацца ланцугом па лесе было боязна, палохала i лясная дарога. Таму, мабыць, неяк самі па сабе нацягваліся павады, запавольваўся крок, вочы пазіралі то ўлева, то ўправа. Камандзір з біноклем на шыі ад'ехаў убок, прапускаючы сваіх салдат i прыспешваючы ix кароткай камандай: «Прэндзэй, панове, прэндзэй!»

Калі прайшла паўз яго апошняя шарэнга пехацінцаў, ён прышпорыў сівага, у яблыкі, каня, але не вельмі спяшаўся на сваё месца наперадзе. Ехаў з боку калоны, узіраючыся ў гушчар. У лесе было ціха, толькі марудна i лена пагойдваліся i ледзь чутна шумелі цёмныя верхавіны хвой. Прыціхлі i легіянеры. Чмякалі каныты i падкаваныя боты, ламаючы храпу i ледзяныя шкельцы лужын на дарозе. Недзе зусім блізка нешта застукала, мабыць, дзяцел. Закугукаў крумкач на сухой яліне. Павесялелі маладыя чырванатварыя ўланы i легіянеры: лес як лес, i дарэмна палохалі ix паручнікі i капралы, што быццам за кожным кустом сядзіць «бандыт».

Пры самай дарозе стаяла некалькі шурак дроў. I раптам з-за ix проста ў лоб калоне ўдарыў залп. Пярэднія коні ўзвіліся на дыбкі i аселі, зляцеў долу адзін, другі, трэці ўлан, заднія наскочылі на ix, заляскалі затворы карабінаў. Але куды страляць, ніхто не бачыў, лупілі ў дровы i проста ў белы свет.

А параненыя ўланы i коні падалі адзін за адным. Легіянеры кінуліся з дарогі ў лес, i тут з абодвух бакоў, з ямак i акопчыкаў, прыкрытых ялінкамі i кустамі, пракаціліся залпы. Валіліся на зямлю забітыя, пазляталі са спуджаных коней жывыя. Адпаўзалі за тоўстыя камлі i несуладна адстрэльваліся.

Ламаючы сучча, па лесе ляцелі ашалелыя коні без седакоў. Здавалася, страляе кожнае дрэва i куст, кулі дзынкаюць аднекуль з зямлі. Конныя i пешыя апынуліся ў вогненнай пастцы. Адзіны паратунак — назад, на мост. Без разбору страляючы ў лясны гушчар, тоичучы сваіх, імчаліся ашалелыя i разгубленыя ўланы да Пцічы. Да моста рынуўся бязладны натоўп пехацінцаў, ix да парэнчаў прыціскалі коннікі. З правага боку засакатаў кулямёт. Легіянеры перапаўзалі ад куста да куста, бліжэй к рацэ. Як толькі коннікі даехалі да сярэдзіны моста, з таго, іхняга боку, паляцелі гранаты. Узвіліся коні, потырч пасталі перабітыя маснічыны, а ззаду перлі i перлі параненыя i смяртэльна перапуджаныя салдаты.