Затрашчалі падгнілыя парэнчы. На парэпаны, набраклы лёд сарваўся конь, чмякнуўся i не ўстаў. Сіліўся, матаў галавою i не мог скрануцца з месца. Пад ім правальваўся сточаны лёд, клекатала чорная вада. Без канфедзраткі i карабіна ўлан, што зваліўся з сядла, папоўз на лёдзе. З-за кустоў на мост упала яшчэ некалькі гранат. Яны рваліся з грукатам i свістам, засцілаючы дарогу дымам. Пастка зачынілася.
Насціл на мосце быў разбіты гранатамі, тлелі парэнчы i прасмоленыя тарцы паляў. Камандзір нешта крычаў на пехацінцаў i махаў бізуном. Салдаты пераламанымі плахамі замошчвалі дзіркі, каб хоць па адным можна было перабрацца на той бок.
Страляніна сціхала. Партызаны шкадавалі патронаў. Варта было з кулямёта касануць па натоўпе на мосце, каб пакласці ўсіх. Але гэта ўжо была б не бойка, а расстрэл.
Салавей са свайго акопчыка сачыў, як гайдаюцца кусты на тым беразе ракі, i радаваўся, што ўжо ніхто не знойдзе тых касарыцкіх хлопцаў, што памагалі ім гранатамі з Гайлісавай кузні.
К паўдню сціхла ўсё. Легіянеры перабраліся на той бок, паставілі каля абгарэлага моста варту.
Партызаны па дарозе i ў лесе назбіралі штук трыццаць карабінаў, шабляў, паздымалі з забітых поўныя патранташы патронаў, палавілі спуцясаных коней, што разбегліся па хвойніку.
Калі змеркла, перанеслі трупы да моста. На кардоне, прымацаваным да слупа, напісалі: «Забірайце сваіх няшчасных ваякаў i не ганіце іншых на пагібель. Дарогу на Рудабелку забудзьце назаўсёды». I падпісаліся: «Рэўком i падраённы камітэт РКП».
У акопчыках i ў густых кустах каля ракі паставілі дазорцаў. Астатнія зняліся i рушылі дадому. На ўланскіх конях ехалі параненыя партызаны Майсей Раговіч, Рыгор Надута i Макевіч Дзяніс. Ix тугімі кужэльнымі спавівачамі паперавязвала Параска. Калі i як яна апынулася ў лесе, ніхто не бачыў. Параска ладна сядзела ў сядле i прытрымлівала Дзяніса з прабітым навылёт плечуком.
— I трэба ж было табе вытыркацца? А каб у голаў?.. Пацярпі, Дзяніска, фершал зробіць, каб не балела,— суцяшала яна Макевіча.— Але ж затое от дык далі ягамосцям, што i дзесятаму закажуць.
— Анупрэй добра ўрэзаў з кулямёта, яны так i пасыпаліся,— успаміналі партызаны нядаўні бой.
— А шкода: маладзенькія ўсе, дурненькія i недзе маткі чакаюць,— уздыхнула Параска.
— Паглядзела б, як бы яны цябе пашкадавалі,— стогнучы, бурчэў Дзяніс.
3.
Пасля бою партызаны не разыходзіліся з воласці — сядзелі ў зборні, курылі i гаманілі.
— Максім як пальнуў, гэты афіцэрык так i звіўся.
— Каторы Максім? — дапытваўся Цярэшка, не выпускаючы з рук доўгай стрэльбы. Світка падпяразана брызентавым паляўнічым патранташам, шапка заліхвацкі збіта на в уха.
— А ты, дзед, ці не соллю толькі страляў,— пакепліваў высокі, як шула, i заўсёды спакойны Максім Ус.— Я к усмаліш, гляджу — панкі толькі клубамі круцяць ды на той бок уцякаюць.
Усе зарагаталі. Але Цярэшка не разгубіўся.
— Гэта яны ад страху, a ў мяне па дзве дранкулькі ў кожным патроне. Як урэжу, так з капытоў далоў. Скажы ты мне, Максіме, хто гэта з таго боку бонбы на мост кідаў? Куды яны дзеліся, тыя людзі?
— Усё будзеш ведаць, хутка пастарэеш.— Ус павярнуўся i пайшоў у бакоўку да Салаўя.
У цесным пакойчыку на лаўках, на сталах i падваконні сядзелі камандзіры атрадаў i рэўкомаўцы.
— Яшчэ адзін такі бой, а там прыйдзецца адбівацца каменнямі i доўбнямі,— гаварыў Аляксандр.—
Патронаў мала, вінтовак на ўсіх не хапае. Што будзем рабіць, хлопцы?
— Каб расстарацца хоць бы яшчэ пару кулямётаў i скрынак пяць патронаў,— пачаў Драпеза.
— Можа, пазычыць у пана Доўбар-Мусніцкага? — сур'ёзна запытаў Максім Ляўкоў. Ён i жартаваў не ўсміхаючыся.
— Смех смехам, а з Бабруйскам звязацца трэба. Павятовы камітэт хоць i ў падполлі, а паможа.— Салавей чакаў, што скажуць рэўкомаўцы.
Дзверы адчыніліся, i з дзвюма вялікімі торбамі, перакінутымі цераз плячо, увайшоў Іван Мазалеўскі, яшчэ болей зарослы i разбрынялы. Ён скінуў каля дзвярэй клункі, з усімі павітаўся, сеў на краёчку лавы, дастаў бляшаную маслёнку з-пад ружэйнага масла, адкруціў вечка, натрое накрышанага самасаду i закурыў. Усе моўчкі глядзелі на яго.