Выбрать главу

— Дзе ж ты газы набярэшся? — азвалася Кандраціха.

Яна затупала па хаце. Зашамацелі ў пячурцы сухія трэсачкі, мужчына чыркнуў запалку. У жоўтым святле Гэля ўбачыла абветраны сухарлявы твар, глыбока запалыя вочы i пад вострым носам невялічкія вусікі. Кандраціха паднесла да запалкі лучынку, яна зырка ўспыхнула. Толькі цяпер Іван убачыў на лаве Гэлю, убачыў i разгубіўся, не ведаў, што гаварыць, што рабіць. Каб нікога не было, падхапіў бы яе на рукі, прыгарнуў да сябе, а цяпер...

— О, дык у вас госця! — загаварыў незнаёмец.

Толькі цяпер Кандраціха пазнала Раманавага сына, узрадавалася i крышку збянтэжылася.

— Праходзьце, старшыня, сядайце.— Яна запаліла лямпу, што вісела пад столлю, падкруціла кнот i кінулася выціраць фартухом лаўку.

— Гэлька, няўжо ты? Адкуль бог нясе? — падышоў да яе Іван.

— Хіба не бачыш, здарожылася, бедная,— адказала маці.— Няхай аддыхне ў нас, а там відаць будзе.

Салаўю стала ўсё ясна. Дык вунь яна якая Ермалічанка: бывае ж, што i ў змяіным гняздзе краска вырасце. Прыгожая! А на шляхцянку мала падобная.

Іван сеў побач з Гэляю. Звесіўшы кудлатую галаву, прагна курыў смярдзючы самасад. Кандраціха паставіла пасярод стала вялікую гліняную місу з кіслым малаком, на кужэльны абрус паклала паўбуханкі хлеба.

— На скаромненькае выбачайце ўжо. Неракусіце, што бог паслаў,— запрашала Кандраціха.

Іван узяў Гэлю за рукаў i пацягнуў да стала. Яна трохі ўпіналася i аднеквалася для прыклепу. А потым усе сёрбалі кіслае малако з аднае місы, елі крутую, з прыгаркамі прасяную кашу. Салавей пазіраў на Гэлю і Івана, думаў, як яны будуць добра жыць праз пяць, ад сілы праз дзесяць гадоў, i загаварыў:

— Ажэнім вас па-новаму, па-бадыпавіцку. Нарэжам самай лепшай зямлі, лесу дамо на хату. От i будзе першая савецкая сям'я ў воласці.

— Бацька не прызнае, калі па-новаму. Трэба, каб конча бацюшка павянчаў,— ціха азвалася Гэля,— a іначай усё роўна дадому павалачэ.

— Да вялікадня прыйдзецца пачакаць, а там відно будзе,— сказала Кандраціха.

— Няхай будзе i з папом, абы жылі добра. От разгонім легіянераў, хутарскіх бандзюкоў пераловім, i тады — зямля наша, лес наш, рэкі i лугі нашы. Толькі не лянуйся, усё будзе: школы пабудуем, зрэбнікі скінем, зажывём, як людзі. А пакуль што яшчэ не раз крывёю ўмыемся. Легіянераў трохі адагналі, а там немцы пруць. Наспявай толькі адбівацца ад погані.

— Дык што ж гэта будзе, Ляксандра, га? Няўжо пад ярманцам жыць прыйдзецца? Гэта ж нейкае боскае насланнё на нашу галаву. I што ім тут трэба? Чаго ix нясе нячыстая? — завойкала Кандраціха.

— Калі ўсе возьмемся дружна, i ад германца адаб'ёмся, цётка.

— Як жа ты адаб'ешся, калі ў яго сіла — арудзіі ды пілямёты, a ў нас што? Сахары ды дзедаўскія бярданкі. Ой, хлопчыкі, страшна мне за вас. Багародзіца, матка боская, заступіся i памілуй... — пачала хрысціцца старая.

— Ніхто не заступіцца, цётухна, i не памілуе, калі самі сябе не абаронім.

Салавей устаў, падзякаваў за вячэру i пачаў збірацца. Ён цяпер бачыў, што тут начаваць яму няма дзе i не хацеў замінаць маладым.

— Аставайцеся ў нас, таварыш старшыня, як-небудзь умесцімся,— не вельмі настойліва запрашаў Іван. Але Салавей сказаў, што яму яшчэ трэба зайсці да Пракопа, развітаўся i выйшаў.

Гэля з Іванам доўга сядзелі на лаўцы, шапталіся ды мілаваліся, a калі змарыў сон, яна палезла на печ да старой, a Іван да раніцы круціўся на палацях: думKi сляпіцамі лезлі адна за адною i не давалі заснуць.

Яшчэ не вывіднела, а Гэля ўжо сабралася ў дарогу. На прыпеку старая ўсмажыла яечню, наліла кубачак сырадою, паклала акрайчык хлеба i ўсё ўпрошвала, каб хаця ела. A калі дзеўчына ўзялася за клямку, прытулілася да яе i заплакала.

— Куды ж ты, мая ясачка, пойдзеш? А дай жа вам, божачка, здароўя, шчасцейка i доўгага веку. Шануй же сябе, дачушка, каб не прастыла бронь божа.

Іван, у шапцы i паўкажушку, стаяў маркотны. Ён не хацеў адпускаць Гэлю, але i трымаць не было як: дачуецца i тут жа прыляціць Андрэй, тады бяды не абярэшся. Звязе на хутар i ніывасілам выпра за якоганебудзь гугнявага шаршнюка. Хай лепей яшчэ пажыве ў Харомцах.

Яны разам выйшлі за дзверы i расталі ў перадсвітальным змроку.

5.

У Рудабелцы быў рэўком, была Савецкая ўлада, а за Пцічою абдзіралі мужыкоў легіянеры i салдаты кайзера Вільгельма. У Ляскавічах i ў Загаллі пілі, рабавалі i здзекаваліся з людзей шляхецкія банды.

Жыць адрэзанымі ад свету болей не было як. Патрэбны былі парада, падтрымка, a галоўнае — зброя i патроны. Дзе ix шукаць? З кім параіцца, што рабіць далей? А ёсць жа павятовы камітэт бальшавікоў. Трэба дабрацца да Бабруйска, адшукаць Платона Фёдаравіча.