Тым часам чарнавокая дзяўчына загарнула ў паперку выбраныя немцам паштоўкі, не лічачы, сунула ў шуфлядку маркі. Салдат шчоўкнуў падкоўкамі, казырнуў i весела развітаўся: «Тосвитания, фрау Роза»,— павярнуўшыся да старога, яшчэ раз казырнуў, сказаў «Auf Wiedersehen»[3] i выйшаў з крамы.
Калі дзверы зачыніліся, Аляксандр спытаў у гаспадара:
— Ці няма ў вас «Закона божага»?
— Ёсць толькі «Новы завет»,— усміхнулася дзяўчына, якую немец назваў Рс-заю, i загаварыла, як з даўнімі знаёмымі: — Бачу, што вы таварыша Новікава знайшлі. А зараз вам будзе i «Новы завет».
Яна знікла ў дзвярах баковачкі, следам за ёю патэпаў i стары. Чуваць было, што яны пра нешта гавораць па-яўрэйску. Праз некалькі хвілін Роза вынесла стосік тонкіх лісткоў, аддрукаваных на рускай i нямецкай мовах.
— Хавайце за пазуху,— шапнула яна.
Стары паставіў на прылавак перавязаныя шпагатам два невялічкія пачкі кніжак. Зверху ляжаў «Новы завет».
— Дома пагартайце кожную. Можа, што знойдзеце,— сказаў дзядок i падаў хлопцам маленькую вольготную руку, пажадаў ім шчаслівай дарогі, сеў у свой куточак i зноў пачаў «нюхаць» парудзелыя старонкі тоўстай кнігі.
— Выходзьце па адным i ў розныя бакі,— шапнула Роза.
— А гэты немец часам не цікуе за намі? — спытаў Аляксандр.
— Не бойцеся. Гэта наш немец,— супакоіла Роза.
6.
Акупанты занялі Жлобін, Рагачоў, Шклоў, Магілёў, захапілі сотні гарадкоў i тысячы сёл ад Немана да Дняпра. Немцы гаспадарылі ў Мінску i ў Барысаве, Асіповічах i Бабруйску, Полацку i Мазыры. У Оршы ў кайзераўскіх ваяк хапіла сілы заняць толькі таварную станцыю, a пасажырскі вакзал застаўся савецкім. На ім вісеў чырвоны сцяг, на пероне дзяжурылі чырвонаармейцы i чэкісты, дзяжурныя прымалі цягнікі з Масквы i Смаленска i адпраўлялі ix назад у чырвоную сталіцу.
З зялёнага вагона разам з натоўпам салдат i міласэрных сясцёр, сялян i мяшзчнікаў выйшаў невысокі сухенькі мужчына ў кароткай чорнай паддзёўцы, пацёртай кепцы i ў добрых юхтовых ботах. Ён звярнуў у пусты гразкі завулак. На прызбе каля доміка з сінімі аканіцамі грэблася вялікая кура, хаваючы пад крылы маленькіх жоўценькіх куранятак. На плоце сохла некалькі паліваных гладышак, на акне ярка цвіў густы «агеньчык». Мужчына смела зайшоў у двор, нібыта ў ім быў ужо не раз, адчыніў дзверы i апынуўся ў чыстым светлым пакойчыку. На цвіку віселі пацёртая скуранка i хромавая шапка з чырвонаю зорачкай. Адкінуўшы паркалёвую фіранку, з бакоўкі выйшаў малады чарнявы мужчына са стомленым тварам, з прыпухлінамі пад вачамі. На ім была расшпіленая суконная гімнасцёрка, галіфэ са скуранымі леямі i дзіравыя шкарпэткі на нагах. Відаць, ён толькі што задрамаў i адразу прахапіўся, як толькі бразнула клямка.
— Мне начальніка пагранічнай Чэка, таварыша Рэвіна,— спытаў незнаёмы.
— Адразу падавай яму начальніка. А радавыя вам не трэба? — буркнуў у адказ гаспадар.— Ну, я Рэвін. Кажы, што далей.
— Тут усё напісана.— I чалавек падаў сіні пакет.
Рэвін яго акуратна расканвертаваў, дастаў аддрукаваную на машынцы паперку, прачытаў, паклаў пакет у кішэньку гімнасцёркі i загаварыў лагодна i ветліва:
— Распранайцеся, сядайце, таварыш Серабракоў, я зараз.
Ён знік за дзвярыма, завешанымі шырмай. Чуваць было, як стукае абдас аб падлогу, бразгае спражка. Праз некалькі хвілін Рэвін выйшаў прычэсаны, туга зацягнуты папругаю, у начышчаных ботах.
— Значыць, так,— пачаў ён, нібы працягваў даўно пачатую гаворку,— дакументы патрэбныя для вас ёсць. Запомніце, Пётр Міхайлавіч.— Цяпер вы — Павел Міхайлавіч Балашоў, слесар чыгуна-ліцейнага завода пана Вітушэўскага, мешчанін горада Бабруйска.
— Добра, што хоць бацькі аднолькава зваліся, а да астатняга прывыкну. Бабруйск ведаю добра, больш года праслужыў там у аўтамабільнай роце.
— Таварыш Кнорын абы-каго не пашле. I правільна, што яму даручылі арганізацыю партыйнага падполля на акупіраванай тэрыторыі. Ён-то добра разумев, што адных немцаў трэба біць куляю, a другіх — словам. Старым салдатам надакучыла ваяваць i бадзяцца на свеце, яны рвуцца к сваім сем'ям, хочуць хутчэй вярнуцца да станка або да плуга. Многія спачуваюць нам i «не заўважаюць», калі мы пасылаем сваіх людзей, калі адпраўляем літаратуру, а часам i зброю. На такіх немцаў у падпольшчыка павінен быць асаблівы нюх. А гад сустрэнецца — ніякай літасці яму! Усё гэта вам, мабыць, гаварылі ў Смаленску?
— З абстаноўкаю ў Бабруйску пазнаёмілі, патрэбныя адрасы помню. Толькі б дабрацца туды. Спадзяюся на вашу дапамогу.