Выбрать главу

7.

Вясна пахла нашатырным духам гною i гаркаватым пылам прырэчных вербаў. На платах i азяродах гарланілі i лапаталі крыламі пеўні. Падсыхала зямля i раніцамі ў нізінах дымілася сіняватай парай. Жанкі на гародах пляскалі грады, саджалі цыбулю i адбіралі насенную бульбу. Прыйшла пара сеяць. А дзе чые палосы, яшчэ ніхто i не ведаў. У рэўком талакою ўвальваліся ўдовы i безнадзельныя карпілаўскія дзяды.

— Доўга ты нешта длубаешся, Мікодым. Зямля перасыхае, i гной петрае. Дзяліць трэба, а то няўпраўка выйдзе. Картоплю садзіць пара, проса якую жменю ды грэчкі хоць трохі ўкінуць,— прыспешвалі старшыню.

— Дзе там перасыхае? Жужаль на полі. Толькі ў разору ступіш, як спутаны конь грузнеш,— апраўдваўся Мікодым.

Але назаўтра ад самага світання з Максімам Усам пачалі зачэсваць калкі i рабіць на ix залысіны. Звязалі двое вераўчаных лейцаў, змералі ix аблузаным жоўтым аршынам. Гукнулі Параску i пайшлі на панскія папары наразаць надзелы.

Толькі паспелі разы са тры нацягнуць вяроўку ды забіць першыя калкі, як з сяла павалілі людзі. Ніхто ім не загадваў, ніхто нічога не казаў, неяк жа дачуліся, што камбедаўскія каморнікі ўзяліся за работу, i шуснулі ўсе, як на той першы сход.

— Давай, Мікодымка, я пацягаю, а ты пішы ў свае метрыкі,— адразу аб'явіўся Цярэшка. Ад яго новых лапцей на вільготнай зямлі аставаліся роўныя клеткі. Стары наском раскалупаў грудку, узяў яе ў жменю i пачаў нюхаць.

— Можа, панскім дзікалонам пахне? — не стрымаўся Максім Ус.

— Потам, братачка, потам,— спакойна адказаў Цярэшка.— А нарэжаш мне да тае дзічкі, пытляванкаю запахне. Ці не праўду кажу?

— Унь чаго захацеў! — загаманілі бабы.— Яму да дзічкі! А няшчасным сіротам пясочак.

— Ты наразай, Мікодым, а потым жэрабя пацягнем. Каб без сваркі,— загаманілі карпілаўцы.

Кандрат Кавалевіч пад'ехаў на кані з плугам i стаў каля мужчын.

— Ці не першы думает адсеяцца? — спытаў Андрэй Падута.

— А чаму б i не? — I, памаўчаўшы, дадаў: — Пакуль яны цягацьмуць гэтую ляйчыну, дык, можа, абарэм увесь надзел, каб відно было, што заняты, адным словам,— наш. А тады i падзелім. А, мужчыны?

— Яно не зашкодзіць, Гані аж да жыта.

— Но-о! — тузануў Кандрат закудлацелага за зіму коніка. Той увагнуў галаву, напяліся пастронкі, i плуг урэзаўся ў мяккую зямлю. Баразна аж ільснілася за адвалам. Следам за Кандратам пайшло некалькі мужчын. Праз гоні Андрэй папрасіў:

— Дай мне патрымацца.

— Толькі глыбока не бяры, не пацягне, падла,— аддаючы плуг, сказаў Кавалевіч.

Як убачылі жанкі, што Кандрат паехаў з плугам, пахапалі жалезнякі, каб хоць трохі падлубаць сваю палоску.

А мужчыны па чарзе абворвалі добра вылежалы папар. Камбедаўцы на кожным надзеле забівалі калкі i на залысінах ставілі нумары. Пад вечар з вялікай Усавай шапкі кожны цягнуў сваё шчасце.

У рудабельскі маёнтак немцы прыйшлі цёплым дажджлівым ранкам. Па мастку цокалі капыты вялікіх ардэнскіх коней, грукалі зялёныя паходныя кухні, акупанты ўязджалі за высокі мураваны паркан з чырвонай цэглы.

Мокры пясок на дарозе,— як воспаю, збіты цвікамі падкаваных салдацкіх ботаў.

Ужо на дзядзінцы пастаўлены ў козлы вінтоўкі з кароткімі пляскатымі штыхамі. Пыхкаюць доўгія люлькі, гергечуць паважныя i павольныя салдаты. Старэйшыя выглядаюць стомленымі i абыякавымі, маладыя яшчэ жартуюць i завіхаюцца каля кухань, ходзяць па двары i па вялікім садзе, а выткнуцца за вароты пакуль што не адважваюцца: наслухаліся ў Бабруйску i ў Глуску пра «лясных бандытаў» i трывожна азіраюцца на кожны куст.

Дні праз два з узводам нямецкіх салдат конна прыехаў малады гаспадар маёнтка барон Пётр Мікалаевіч Урангель. На ім была калматая бурка, накінутая на паходны, з генеральскага сукна мундзір, маленькія звонкія шпоры, насунутая да самых броваў зялёная шапка з кантамі. Сухі, падцягнуты, нервовы ў рухах гаспадар маёнтка зусім не быў падобны да пана: ён не ведаў, калі трэба араць i скародзіць, малаціць i сеяць, але заўсёды памятаў, што гэты белы палац з калонамі i вялікімі заламі, з ласёвымі рагамі i персідскімі дыванамі — яго ўласнасць, што палі i лясы на дзесяткі вёрст вакол маёнтка належаць яму. Маёнтак усе апошнія гады, аж да самага перавароту, даваў яму такі прыбытак, што ніколі не трэба было думаць пра грошы. Яны самі цяклі ў яго дом. Рудабельекі маёнтак барону Урангелю дастаўся ў пасаг ад камергера царскага двара Міхаіла Васільевіча Іваненкі. Пасля вяселля барон з маладою жонкаю былі тут толькі адзін раз, а потым разам паехалі ў Таўрычаскую губерню, у шыкоўны маёнтак, запісаны на імя цешчы, якую да вянчання барон ужо называў «maman».