Выбрать главу

Цяпер Урангель хацеў замацавацца ў палацы i на гэтых землях, напомніць мужыкам, хто тут гаспадар. I вось іронія лесу — прыходзіцца разлічваць толькі на дапамогу штыхоў учарашніх ворагаў — кайзераўскіх салдат.

Барона на ганку сустрэў Мікалай Мікалаевіч. Ён за апошні час асунуўся, спахмурнеў i быў падобен на засцянковага шляхціца.

Яны адразу пайшлі ў вялікі кабінет.

— Дакладвайце абстаноўку, дарагі Мікалай Мікалаевіч,— з ветлівай нервовасцю патрабаваў гаспадар, разваліўшыся ў глыбокім крэсле.

— Вымушаны шчыра прызнацца, што становішча самае што ні на ёсць крытычнае, жабрацкае становішча, ваша светласць. Маёнтка, як такога, лічыце, даўно не існуе. Парабкі разбрыліся, нікога не слухаюцца, нічога не хочуць рабіць. Мітынгуюць, падзялілі вашы землі, пад мятлу вымелі збожжа ca свірна. Мужчыны бадзяюцца па лесе са стрэльбамі. Адзіная надзея на волю боскую ды на армію кайзера Вільгельма.

— А вы, баценька, панікёр,— усхапіўся Урангель i спружыніста захадзіў па пакоі.— Гота, думаеце, усё? Думаеце, лапцюжны мужык утрымае ўладу i будзе дыктаваць свае дзікунскія законы? I на немцаў не вельмі спадзявайцеся,— загаварыў ён цішэй.— Рускае афіцэрства жыве i змагаецца. Мы яшчэ ўдарым так, што пыл паляціць i ад бальшавікоў, i ад гэтых часовых «вызваліцеляў». А вы не маеце права сядзець склаўшы рукі. Няўжо тут усе за бальшавіцкую камунію? Хіба заможныя гаспадары на хутарах не разумеюць, што ix чакае пятля, а дзяцей — торба? Што ж яны сядзяць i чакаюць, пакуль прыйдзе нячэсаны дзікун i сярод белага дня абдзярэ да ніткі?

Урангель яшчэ прабегся некалькі разоў з кута ў кут вялікага кабінета, спыніўся пасярэдзіне мяккага дывана і, адсякаючы кожнае слова, патэтычна дадаў:

— Калі б не вялікая місія выратавання Расіі ад гэтай пошасці, я тут навёў бы парадак. Кроў са слязьмі пырснула б з гэтага быдла. А пакуль што трэба ўмела павесці блізкіх нам людзей, самастойных гаспадароў, маладое афіцэрства, якое марыць пра генеральскія пагоны. Пры-ду-шыць,— ён сціснуў жылаваты кулак,— у самым зародку прыдушыць нават думку пра «равенство и братство»... Мужык ёсць мужык, а пан ёсць пан. Улада належыць дужым i разумным абраннікам. А вы тут распусцілі нюні.

Мікалаю Мікалаевічу было крыўдна слухаць папрокі маладога пана. Ён жа чакаў падзякі, што збярог хоць тое, што можна было зберагчы. У глыбіні душы ён не столькі дбаў пра барона, колькі пра сябе. Не раз хацелася захапіць самае каштоўнае i знікнуць з гэтай прапашчай, завашыўленай i ўзбунтаванай Расіі. Уцячы куды вочы глядзяць: у Румынію, у Чэхію або ў Францыю. Купіць кавалачак зямлі i быць гаепадаром самому сабе, а не служыць усё жыццё чорту лысаму. Але загаварыў пра іншае:

— Асмелюся далажыць, ваша светласць, калі б мы распусцілі нюні, дык ад вашага маёнтка засталіся б толькі галавешкі. Не без майго ўдзелу на хутарах дзейнічае адборны атрад нашых людзей пад началам маладога прапаршчыка Казіміра Ермаліцкага i былога настаўніка Парфіра Плышэўскага. Тры воласці даўно пад ix кантролем. А рудабельскай бандзе Салаўя сам Доўбар-Мусніцкі не даў рады. Гэтыя галаварэзы раззбройвалі салдат, не прапусцілі ў Ратміравічы браніраваны цягнік, заманілі ў пастку i перабілі цэлы атрад легіянераў.

— Не палохайце! Пра «страхі» я наслухаўся па дарозе сюды,— нецярпліва перапыніў барон.— Давайце лепей падумаем, з чаго пачнём. К вечару падрыхтуйце спісы ўсіх, хто расцягваў маё дабро, хто дзяліў зямлю, i прад'явіце ім рахунак: у дваццаць чатыры гадзіны ўсё даставіць на месца. Вам ясна?

Мікалаю Мікалаевічу было настолькі ясна, што аж твар яго пасвятлеў. Вярнуць усё назад — тое самае, што вырваць з воўчых зубоў костку. А што на гэта скажуць рэўкомшчыкі? Яны ж недзе тут, пакуль што прытаіліся, думаюць. I не проста так, без бою, пусцілі сюды немцаў. Можа, заманілі ў пастку. Адным словам, спаць трэба не распранаючыся. А барону што? Накрычаў, загадаў i паехаў. Калі ўдасца, вядома, гэтыя салаўі-разбойнікі i яго могуць спраўна пачапіць на горную асіну.

— Без узброенай сілы, ваша светласць, нічога не зробіш,— асмеліўся ён прызнацца,— мужык азвярэў. Сілу трэба ламаць сілаю.

— Не палохайцеся. Нямецкія салдаты нам дапамогуць,— гаркнуў барон.

Мікалай Мікалаевіч выцягнуўся, як на парадзе.

— I яшчэ. Я хачу бачыць прапаршчыка i настаўніка. Падумайце, як гэта лепей зрабіць. А пакуль можаце ісці.

Мікалай Мікалаевіч знік за дзвярыма. Барон некалькі разоў прайшоўся па пакоі. Праз акно ўбачыў паджарага нямецкага афіцэра. Ён, ляскаючы кароценькім стэкам па наглянцаваных крагах, ішоў у палац. Барон пабег яму насустрач, каб, нібы незнарок, сустрэцца ў вестыбюлі.