Выбрать главу

Стары Крышан шанаваў свайго зяця Рамана за працавітасць, цвярозасць i сумленне. Любіў ён i ўнукаў, але нейкаю стрыманаю маўкліваю любоўю.

Аляксандру ўспаміналася, як вечарамі каля камінка бацька латаў хамут ці аброць i расказваў дзецям пра сваю маладосць, пра тое, як адразу пасля жаніцьбы пайшоў да панскага ўпраўляючага Ганса Хрыстафоравіча Мухеля сказаць, што кончылася яго i Луізіна парабкоўства. Ён папрасіў на першы час за адработкі, а як разжывуцца, у арэнду кавалачак зямлі.

— Зэмля нужна сдэлать,— адказаў сухапары немец.

Раман не разумеў, як можна «сдэлать» зямлю, і толькі моўчкі лыпаў вачамі.

— Рубіт лес, вірывайт корні, как его, пэнькі, пэнькі. Там — зэмля, хлебный зэмля, будэт хлебный паляна. Панімайт?

Так i згадзіліся. Раману за балацінаю адвялі кавалачак лесу. Удваіх з маладой жонкаю выкапалі зямлянку, накалолі плашак, абклалі імі сцены, з гліны збілі печ, яловай карою i дзёрнам прыкідалі страху i пачалі жыць. Валілі сосны, палілі лаўжы, хадзілі закураныя i паабдзіраныя, як чэрці. Падсякалі, абкопвалі, доўгімі вагамі выдзіралі пні, па некалькі разоў капанічылі кожны лапік дзірвану. Плуга ж не ўваб'еш у тое ламачча. A ўвосень пасеялі пуды са тры жыта. Першыя чатыры гады, пакуль карчавалі, арэнды Мухель не браў. На пяты год Раман збіраў па капейцы, па залатоўцы, каб аддаць Мухелю пяцьдзесят рублёў, на тосты — сто, а на сёмы — усе паўтары сотні.

Ступаючы ўскрай дарогі, Аляксандр глядзеў на заінелыя лугі i балаціны, на далёкія i блізкія лясы i думаў: «Цяпер гэта ўсё наша». З ім параўняўся дзядзька Цярэшка. Відаць, старому карцела пагаварыць, бо гамонячы ісці весялей i не так дарога сцягваецца. Ён кіўнуў галавою на абвіслы мяшэчак, што целяпаўся за Аляксандраваю спіною:

— Служыў, служыў, кажаш, хлопча, ваяваў, ваяваў i ў самым Піцеры быў, а торбачка, як вымя ў ялаўкі, матляецца.

— Тут, дзядзька, такое багацце — цаны яму няма. Усім хопіць.

Цярэшка падбег бліжэй, азірнуўся i шэптам спытаў:

— Няўжо золата?

Аляксандр толькі ўсміхнуўся.

— Можа, i праўда ў царскіх пакоях наадкалупваў? Там жа, мабыць, i завесы i клямкі залатыя. Нааддзіраў бы з дзесятак, от бы i было на разжытак. Брэшуць ці не, што ў цара Мікалая гаршчок пад ложкам i той залаты быў.

— Брэшуць, дзед. Усё золата Мікалашка на снарады пераліў ды на генеральскія крыжы.

— А ты хоць які крыжык заслужыў?

— Заслужыў... Добра, што не бярозавы. Два «Георгіі», чатыры кулі i тры медалі заслужыў. От i ўвесь мой набытак за сем гадоў царскай службы.

Дзед Цярэшка адстаў i пайшоў следам. Ён усё пазіраў на зашмальцаваную торбачку i думаў: «Ніхто i не змікіціць, якое багацце чалавек нясе. Дзіва што i стрэльбу з сабою ўзяў. Калі што, дык бараніцца ёсць чым. А ў мяне? Жменю вошай на волю нясу, мех ануч ды арыштанцкую міску з кубкам. Не кідаць жа дабро ў пустой камеры».

Ішлі моўчкі. Вецер працінаў бок, ляскаў крысамі шыняля, сек у шчокі дробнаю колкаю крупкай.

На загонах палегла схопленая першымі замаразкамі рунь, сінелі прыцярушаныя нясмелым сняжком папары, над пацямнелымі стагамі крычалі вароны i садзіліся на стромкія сцежары. Такога прастору, такой цішыні ў Аляксандравым жыцці даўно не было. Ад хуткай хады ён расчырванеўся i расшпіліў каўнер шыняля. A думкі, успаміны, абрыўкі далёкага i блізкага мінулага не давалі спакою. Можа, таму, што за апошнія гады не было калі ўспамінаць i думаць пра родныя мясціны: тры гады ў ав:опах, у гразі i ў крыві, заўсёды на мушцы. Толькі i ведаў тады: зараджай, страляй, ляці ў атаку, адступай, поўзай у акопе, дыхай парахавым дымам i прэллю сырой зямлі, гарачай крывёю i потам. Часам так хацелася ўзлезці на цёплую чарэнь бацькавай печы i моцна заснуць пад спеў цвыркуна i гоман ветру. Але ўсё гэта было такім далёкім i недасяжным, што не хацелася дарэмна вярэдзіць душу. Цяпер ён даў волю сваім думкам.

У кожнага чалавека ёсць патрэба час ад часу ўспамінаць сваё жыццё з маленства i да сённяшняга. дня. Адны ўмеюць складна расказваць пра перажытае, ёсць здатныя прыхлусіць, ды так, што самі вераць у тое, чаго ніколі не было. A негаваркія людзі, ідучы ў далёкую дарогу ці едучы на возе, неўпрыкметкі ўспамінаюць даўняе мінулае, думаюць, што трэба зрабіць заўтра, як жыць далей. На тое i чалавек, каб думаць.