Выбрать главу

— Гут морген, rep командант,— весела i бесклапотна прывітаўся з ім барон. Той змушана ўсміхнуўся конскай усмешкай, паказаўшы доўгія жоўтыя зубы, i запрасіў у свой кабінет на першым паверсе.

«Хто ж тут, нарэшце, гаспадар? — з абурэннем падумаў Урангель.— Калі б мы з табою сустрэліся дзе-небудзь пад Сувалкамі, я з цябе б зрабіў рэшата, а пакуль... пакуль трымайся, генерал!»

Камендант прапанаваў барону садзіцца побач, на канапе.

— Я вымушаны прасіць пана каменданта дапамагчы вярпуць маю маёмасць, раскрадзеную бандытамі, i наогул навесці парадкі ў навакольных вёсках: пара канчаць з бандытамі i давесці мужыку, што ён — мужык...

— Армія не ёсць паліцыя, пан барон. I ўсё ж мы паможам вам. Але перш за ўсё — кантрыбуцыя. Хлеб, масла, сала неабходны імперыі. Мы будзем браць i пасылаць у фатэрлянд. А нам i вам павінны памагаць самі мужыкі.

— Як? — здзівіўся Урангель.

Камендант хітранька засмяяўся.

— Трэба выбраць самакіраўніцтва. Нацкаваць адзін на аднаго, i няхай сабе грызуцца i памагаюць нам.

Назаўтра Мікалай Мікалаевіч з трыма салдатамі ездзіў вярхом на кані ад хаты да хаты i загадваў збірацца ў маёнтак на сход.

У панскі двор ішлі толькі старыя i кабеты: ліха яго ведае, што там загадаюць. Але ніхто дабра не чакаў. На дзядзінец перад пакоямі ступалі маўклівыя i панурыя мужчыны, кожны стараўся стаць воддаль, схавацца за нечую спіну. Прыйшло некалькі ўдоў. Сярод ix была i Параска, босая, у зрэбным андараку, палінялай хустачцы, завязанай пад бараду.

Калі сабралася чалавек сорак, на ганак выйшлі нямецкі камендант i сам барон у расшпіленым кіцелі, без пагонаў, з чорнымі, нібыта прыклеенымі валасамі, сухарлявы i тонкі, як хлудзіна.

Многія «свайго пана» бачылі ўпершыню. Можа, каб не навалакліся германцы, так бы ніколі i не ўбачылі, што гэта за фрукт — барон Урангель.

Рыжавусы немец з конскімі зубамі падняў руку i загаварыў па-нямецку. Потым змоўк i паглядзеў на барона. Той выйшаў наперад, абвёў усіх маленькімі, глыбока запалымі вочкамі.

— Пан камендант гаворыць: нямецкае камандаванне патрабуе паслушэнства i павагі да арміі яго імператарскай вялікасці Вільгельма другога, Супраціўленне распараджэнням улады будзе раецэнена як бунт. Бунтаўшчыкоў у часе вайны расстрэльваюць. За напад ці замах на нямецкага салдата вінаватыя i ix пасобнікі будуць пакараны смерцю, а вёска спалена.

Зноў загаварыў немец. Барон толькі ківаў галавою. Калі камендант спыніўся, пачаў адразу перакладаць:

— Расія Германскай імперыі вінна вялікую кантрыбуцыю. Бальшавіцкія галадранцы плаціць не маюць чым. Таму кожны сялянскі двор павінен здаваць нямецкай арміі хлеб, масла, сала, мёд, лён. Дадам ад сябе: хто паслухаўся бунтаўшчыкоў i забраў хоць адну парушынку з майго маёнтка, павінен усё вярнуць на месца. Чуеце? Заўтра ж! Хто не выканае, няхай яго дзеці праклінаюць бацьку за тое, што асіраціў ix.

Камендант нецярпліва зірнуў на пана, паляпаў па руцэ стэкам i загаварыў зноў.

— Усе распараджэнні нямецкага камандавання,— перакладаў барон,— будуць перадавацца праз валаснога старасту. Ім будзе ваш чалавек, які не знюхаўся з бальшавікамі, у якога вялікая сям'я i ёсць свая зямля.

— Міхала Званковіча,— шапнула Параска Мікодыму Гошку, а той, не варушачы губамі, пераказаў суседу.

— Ноччу хадзіць сурова забараняецца, пераходзіць з вёскі ў вёску можна толькі па спецыяльным пропуску, выдадзеным нямецкай камендатурай i воласцю. Дык хто варты быць старастам? — запытаў барон.

Нехта ззаду выгукнуў:

— Міхал Званковіч няхай будзе!

— Але ж, чалавек самастаяцельны,— падтрымалі.

— I футар мае добры.

Барон пашаптаўся з упраўляхочым. Той паціснуў плячыма i развёў рукамі.

— А можа, хто больш варты? — запытаў пан.

— Лепшых у нас няма. Няхай Міхал будзе,— загуў пракураным басам Мікодым, а за ім i ўвесь невялікі натоўп.

Так i абралі Міхала Званковіча старастам. A людзі разыходзіліся панурыя i змрочныя.

8.

Маладыя i старыя, хто з кошыкам, хто з лубянай каробкаю, хто з аброццю за плячыма, з Карпілаўкі, Рудні, Кавалёў i Лаўстыкаў ішлі ляснымі сцежкамі, прабіраліся хмызнякамі i балацінамі на Зайдаў хутар. На ўзлессі была невялікая палянка, зарослая пабялелым ціпцам i званцом. Сюды i сыходзіліся «грыбнікі» i «ягаднікі». Садзіліся купкамі, курылі пякельны самасад, перакусвалі i паціху гаманілі. Калі сабралася чалавек семдзесят, з хаты, што стаяла на самым узлессі, выйшлі рэўкомаўцы i з імі нейкі незнаемы малады хлапец у сіняй сацінавай кашулі, саматканых штанах i залатаных ботах. Хоць i апрануты па-тутэйшаму, але ніхто яго не ведаў.