Грамацеі, прымасціўшыся хто да нянька, хто, падклаўшы стосік лістовак, пачалі пісаць заявы ў Рудабельскую ячэйку РКП бальшавікоў ад сябе i «за няграматнага... па яго лічнай просьбе».
Праз паўгадзіны Пракоп Малаковіч сабраў дваццаць восем заяў, напісаных насліненым хімічным алоўкам, падпісаных дзе прозвішчамі, дзе крыжыкамі.
— Таварышы, лістоўкі пастарайцеся да раніцы расклеіць на прысадах i платах, газеты падкіньце нямецкім салдатам. Гэта першае заданне маладым бальшавікам,— сказаў Салавей.— А цяпер разыходзьцеся па адным, па двох. Пашукайце грыбоў, пашчыпайце чарніц, каб ніводзін сабака не ведаў, дзе вы былі i каго бачылі.
Мужчыны бралі свае кошыкі, каробкі i аброці i разыходзіліся па лесе.
А на Заечым хутары яшчэ доўга раіліся рудабельскія рэўкомаўцы з Платонам Фёдаравічам Равінскім. Ён прыехаў сюды з пропускам, выпісаным Густавам Шульцам на імя Фёдара Раеўскага.
Ён тлумачыў, як павінна дзейнічаць кааперацыя, казаў, што ў Бабруйску трэба звяртацца да таварыша Ліакумовіча, а ён ужо забяспечыць усім, што трэба. A галоўнае — ствараць i ўзбройваць партызанскія атрады, перацягваць нямецкіх салдат на свой бок, а кайзеравых служак узяць у такія абцугі, каб яны i хадзіць баяліся па гэтай зямлі.
— Сувязь з павятовым камітэтам трымайце праз чайную i кніжную краму. I мы будзем час ад часу наведваць вас. Любы дакумент i пропуск вам дастанем. Так што, таварышы, вышэй галовы. Да поўнай перамогі застаецца нядоўга. А там пачнецца новае жыццё. Глядзіце, каб ні немцы, ні свае не расцягвалі i не руйнавалі маёнтка. Там жа ўсё зроблена рукамі вашых дзядоў i бацькоў i належыць вам.
— Туды нядаўна, Платон Фёдаравіч, прыехаў малады пан, барон Урангель, i спаганяе з мужыкоў усё, што забралі з яго свірнаў,— перабіў Равінскага Ляўкоў.— Грозіцца, што будзе страляць тых, хто не паслухаецца яго загаду.
— Сам ён нічога не зробіць, а немцы наўрад ці згодзяцца быць панскімі катамі. Можа, варта яго пужануць, каб гэты барон паляцеў вон.
— Прыстукнуць яго, гада, трэба. Гэта ж такі выжлятнік: свет абыдзі, другога не знойдзеш. Каб даў яму волю, ён бы тут нарабіў... — загуў густым басам Максім Ус.
— Ты яго прыстукнеш, a колькі можа асірацець сямей з-за аднаго нягодніка. Немцы азвярэюць i пачнуць распраўляцца з непавіннымі людзьмі. Папалохаць можаце, каб з'ехаў хутчэй,— раіў старшыня павятовага камітэта.
О, каб ён ведаў тады, што гэты самы барон Урангель стане атаманам белагвардзейскіх галаварэзаў на поўдні Расіі, што крывавы след за ім працягнецца
праз Крым i Чорнае мора, ен бы сам параіў, а то i загадаў Максіму Усу ці Анупрэю Драпезу «прыстукнуць» гэтага барона.
Трохі памуляўшыся, з лаўкі ўстаў Нічыпар Званковіч, выцягнуў з-за пазухі складзены ў чатыры столкі аркушок паперы.
— Тут майго дзядзьку Міхала выбралі валасным старастам, прымусілі нібыта быць нямецкім ганчаком. А ён чалавек сумленны i от напісаў заяву, каб i яго прынялі ў бальшавіцкую партыю. Не ведаю, што думаеце вы, а я прыняў бы. Наш ён чалавек.
— Думаем тое, што i ты,— весела адказаў Салавей.— Каб Міхал быў не наш, ніхто б яго ў старасты не выбіраў. Воласць была бальшавіцкаю, бальшавіцкаю i асталася. Так ці не, хлопцы?
— Давай сюды заяву,— працягнуў руку Малаковіч.— Хто за тое, каб прыняць Міхала Званковіча ў партыю камуністаў-бальшавікоў?
Разам з усімі прагаласаваў i старшыня павятовага рэўкома.
Пад вечар ён хуценька сабраўся ў дарогу. Цімох Валодзька ўпрыцемку запрог маленькага мышастага коніка, укінуў у палукашак травы i павёз галоўнага павятовага камуніста па аднаму яму вядомых лясных дарожках.
За паўвярсты паперадзе фурманкі ішоў па лесе Максім Ус з наганамі i гранатай, a назіркам шасталі па кустах Нічыпар Званковіч i Лявон Адзінец...
...Назаўтра новы валасны старшыня папрасіў дачку панскага вінакура Лізу, каб схадзіла з ім да нямецкага каменданта i ператлумачыла таму ўсё, што ён мае сказаць.
На дзядзінцы дымілася паходная кухня, а каля яе стаялі ў чарзе салдаты з медзянымі кацялкамі. Кухар у даўно не мытым каўпаку боўтаў чарпаком у катле i разліваў у кацялкі густы рысавы суп. На дошцы, пагладзенай на дзве цагліны, ляжалі кантовыя бляшанкі з галетамі. Кожны браў блішчасты карабок i з поўным кацялком адыходзіў у день ліпавых прысад. На ганку ў расшпіленым мундзіры стаяў камендант i глядзеў, як сілкуецца яго войска. Заўважыўшы, што маладзенькая статная дзяўчына ў доўгай спаднічцы, белай блузачцы i саламяным капялюшыку з нейкім мужчынам ідзе да яго, камендаит хуценька зашпіліуся на усе гузікі, насунуў на лоб лакіраваную каску з двума казыркамі i прыняў важную паставу.
Міхал Званковіч адвесіў нізкі наклон, Ліза толькі кіўнула прыгожай галоўкай i нешта залапатала панямецку.