Выбрать главу

Трывожыла старога Ермаліцкага i Гэлька. Ён гатоў нават узяць прымака, але каб толькі шляхецкай пароды. Выгадней, канечне, прымака, можна пасагу не даваць i мець лішняга работніка. Абы толькі не гэтага злыдня!

А Гэлька стала рахманая i маўклівая, як авечка,— ад відна да цямна таўчэцца ў аборы i на полі, ды яшчэ i ў лес адскочыць, прыхваткам чарніц поўнае вядзерца набярэ. Маці не нарадуецца i не нахваліцца ёю.

Падаіла яна неяк досвіткам кароў, абула маршчакі, ухапіла вядзерца i кажа:

— За Гарэлым балотам ягад аж чорна, збегаю — пазбіраю.

I пайшла.

Але ні ў абед, ні на вячэру не дачакаліся Ермаліцкія дачку. Кінулася старая ў куфар, аж там — ні белага плацця, што яшчэ летась к вялікадню пашылі, ні чаравікаў на гузіках няма. Так i села каля куфра Анэта.

— Едзь, бацька, шукай. Ці не замуж гэтая дурніца збегла.

Але Гэлю ўжо нельга было вярнуць.

Даўно яна прыхавала пад вываратам клунак з падвянечным плаццем i хромавымі чаравічкамі, a калі ўвайшла ў лес, паклала яго ў вядро i пабегла ў гушчар. Абрасілася па высокім папаратніку i багунніку, зайшла за ядлоўцавыя кусты, сцягнула прапацелую кофтачку, скінула спаднічку. Азірнулася — ці часам не бачыць хто. Колкая галінка казытнула па голых плячах, ранішнім халадком абдало ўсё цела. На яе глядзелі замшэлыя вывараты i дуплаватыя дубы. Слёзы заказыталі ў горле — не падружкі i не маці адзяюць яе i заплятаюць пад вянец, не качаюць каравая i не спяваюць вяеельных песень. Толькі сосны шумяць ды яшчарка з трухлявага пня пазірае на маладую. Гэля нацягнула цеснаватае белае плацце, зграбныя чаравікі сціснулі растаптаныя за лета ногі. Склала свае транты ў вядзерца i пайшла да павароткі, туды, дзе стаяла разбітая маланкаю хвоя. Ішла, крадучыся i азіраючыся, як злодзей. Так яно i было — яна крала сваё каханне ў лютага бацькі, у азвярэлага брата, што асіраціў Анікеевых дзетак, што рабаваў i забіваў ні ў чым не вінаватых людзей i туляўся па лясах i глухіх хутарах, як кручаны воўк. От, здаецца, свае кроўныя, а як яны агорклі ёй лютасцю i прагай, як ix ненавідзела i баялася Гэлька. Яна бегла па густым чарнічніку, высока паднімаючы прыпол сукенкі, каб часам не запырекаць яго пераспелымі ягадамі. Слёзы самі каціліся па гарачых шчоках. Гэля ix не выцірала, a толькі час ад часу лавіла перасохлымі губамі.

Вось відна i дарога. У кустах фыркнуў конь i зашапацела прасвечанае сонечным слупам лісце. Гэля пабегла хутчэй, пераскокваючы праз пянькі i ламачча, збіваючы мухаморы i сыраежкі. З-за куста выйшаў Іван у наваксаваных ботах, у картовым пінжаку, у чорнай шапцы з блішчастым казырком. Ён пабег ёй насустрач, абняў, прытуліў, а пацалаваць не адважыўся — яшчэ ж не жонка.

— Прыйшла? От добра. I я толькі пад'ехаў. А старый не кінуцца?

Каля каня стаяў намнога старэйшы за Івана яго швагер i альховаю галінкай адганяў сляпнёў i мух з конскай морды.

— Давай, маладая, свой пасаг,— замест прывітання пажартаваў ён, узяў вядзерца з Гэлінымі трантамі, паставіў у перадок i прыкрыў свежанакошанай травою. Паправіў посцілку на возе, зацугляў каня.

— Калі хочаш украеці нявесту, дык барзджэй паганяй,— сказаў ён Івану i ўскочыў у перадок. Маладыя паселі на посцілку. Заляскаталі колы па лясной дарозе, аб'язджаючы вёскі i бітыя гасцінцы.

З паркалёвай хустачкі Іван дастаў фату i вяночак з цупкіх белых кветак. Гэля намацала пад каўнерыкам іголку з доўгаю ніткай i пачала прЫінываць вяночак да фаты.

Ляснымі дарогамі яны праехалі вёрст з дваццаць, аж у Лучыцы, i спыніліся каля цвінтара невялічкай драўлянай царквы. Наўкол нікога не было. У пяску, каля канавязі, грэбліся папоўскія індыкі, ды ў густым лапушніку рохкаў сыты падсвінак. Гэля сядзела адна на возе, a Іван ca шваграм пабеглі ў папоўскі дом. Яны ўжо даўно згаварыліся з бацюшкам i заплацілі наперад тры пуды жыта.

Неўзабаве Гэля ўбачыла старога замшэлага попіка ў белым палатняным падрызніку i ў парудзелым ад часу саламяным капелюшы. За ім клыпаў у атопках на босую нагу гарбаценькі званар з безбародым тварам. Ён бразгаў цэлым перавяслам ключоў у руцэ, а следам ішлі Іван i ягоны швагер.

Адамкнулі царкву і пайшлі ўсярэдзіну. Іван прыбег да воза, узяў Гэлю за руку i павёў у цёмныя дзверы. У прытворы яна надзела фату з вяночкам i нясмела ўвайшла ў паўзмрок халаднаватай царквы. Каля аналоя гарэла адна свечка. На століку Гэля ўбачыла два мядзяныя пярсцёнкі, відаць, адкаваныя карпілаўскім кавалём з тоўстага мікалаеўскага пятака. Калі поп заспяваў: «Вянчаецца раба божая...» —над Гэлінаю галавой Іванаў швагер падняў блішчасты вянец, падобны на царскую карону, а над Іванам трымаў вянец гарбаценькі званар. Пацалавалі халодны крыж, пацалаваліся з Іванам, надзеў поп ім на пальцы тугія мулкія пярсцёнкі, перажагнаў вялікім евангеллем у аксамітных корках.