Вось i ўсё. Цяпер муж i жонка. А што далей? Ці адступяцца бацька i Казік? Ці дадуць спакойна жыць, няхай у беднасці, але так, як хоча сэрца? Ці дадуць з'есці нішчымніцу, не душачыся слязьмі? Гэля ледзь стрымалася, але не заплакала. Зняла ў прытворы фату, загарнула ў паркалёвую хустачку, i, ужо не хаваючыся ні ад кога, маладыя паехалі па шырокім гасцінцы ў Іванаву хату.
Старая Кавалевічыха, выціраючы хусцінкаю вочы, сыпанула ў сенцах маладым на галовы жменьку жыта i павяла ў хату.
— Прыгінайся, дачушка, каб не выцяцца.
За сталом у ружовай сацінетавай кашулі сядзеў Іванаў бацька, а поруч з ім увесь рэўком — Салавей, Ляўкоў i Малаковіч. Збоку на лаве — старэйшы Іванаў брат Атрахім i трое меншых хлопцаў.
Маладых пасадзілі на покуць, Гэлька зноў надзела фату, расчырванелася i ўсім усміхалася добрымі яснымі вачамі. У хаце было цемнавата, але агню не запальвалі — i вянчанне i вяселле былі таемныя, без музыкі i песень, без шумнае бяседы.
— Як толькі выкурым немцаў, мы такое вам вяселле закруцім, уся Карпілаўка ходарам пойдзе,— пазіраючы на маладых, казаў Салавей.— Хоць вы i павянчаліся, а мы вас усё роўна ў рэўкоме запішам, зямлі нарэжам самай лепшай, каня дамо, пару кароў —i жывіце на здароўе. А жыццё будзе такое, што нікому i не снілася.
—Дзе ж ты кароў тых набярэшся, Ляксандра? — хітра прыжмурыўшыся, спытаў Кандрат.
— Ці мала ix, дзядзька, у панскіх ды ў шляхецкіх аборах? Хто ix нагадаваў? Мужык? Мужыку яны i дастануцца.
— Хопіць вам, мужчынкі, гаманіць,— паднялася з рубчастаю чаркай у руцэ Кандраціха,— лепей выпіце з маладымі, каб ім добра жылося, елася ды пілося.
Усе чокнуліся з маладымі i выпілі разведзенага чарнічным сокам спірту з панскага бровара.
Крыху падпіўшы, Кандрат усё бубнеў на вуха Пракопу Малаковічу:
— Гэта ж трэба такая фацэція: Андрэй Ермаліцкі — мой сват. Трасцу! Я ўжо цяпер перад ім шапку не зніму, хоць ты зашмаргніся. Сват — значыць раўня. A Іван... што Іван? Не жаніўся — тры анучы, i ажаніўся — тры анучы. Адно, што дзеўка хвацкая! З такою не прападзе. Яна ж i дома варочала ўсю работу.
Як добра змерклася, госці разыходзіліся па адным. А маладых Кандраціха павяла спаць у свіронак, бо ў хаце было цесна i людна.
A назаўтра ранічкою каля Кандратавага двара спыніўся сівы стаеннік у яблыкі, i з лёгкай каламажкі злез каржакаваты i злосны Андрэй Ермаліцкі. Ён паляпаў у маленькую шыбіну пугаўём:
— Гэй, хто там е?
З сянец выйшаў босы Кандрат у залатаных зрэбніках.
— Ці не прыбілася да цябе мая блудная авечка? Свет аб'ехаў. Кажуць, тут яна.
— Авечак нямашака, а нявестку бог даў.
— Бог яму даў! Украў, зладзюга! Дзе яна? От я яе зараз — пугаю, каб сверб прайшоў.— I ён забегаў па двары, нібы кручаны.
Ад злосці хвастануў пугаю па акне, дзынкнула i рассыпалася шыбіна. З хаты выскачыў старэйшы Кандратаў сын Атрахім. Ён высмыкнуў пугаўё з Андрэевай рукі i сціснуў так за плячук, што той аж прысеў.
— Вон адсюль, паганы шэршань, каб i смуроду твайго не было,— гаркнуў ён на бацькавага «свата».
Ермаліцкі адразу пацішэў, але не здаўся.
— Зладзеі, убіўцы, дзіця роднае забралі, каб вам пуста было. Дзе ты там е? Марш дадому, сучка!
— Я табе зараз як суну, дык ты i пашчэнкі не збярэш,— замахнуўся абеівераным кулаком Атрахім.
— Сыночак, не займай ты яго,— выскачыла з сянец Кандраціха.— Чаго, сваток, ужо так вытрэнчвацца? Няхай жывуць на здароўе. Венчаныя ж яны, венчаныя, муж i жонка ўжо. Зайшлі б лепш у хату ды пагаманілі, як людзі.
— Каб яна агнём пайшла твая хата. Якія там людзі? Старцы паганыя, на чужое дабро пагналіся. Трасцу вам, а не пасаг.— I ён скруціў куртатую дулю.— Hi шэлега не дастанецца. Няхай зараз жа аддае сукенку i чаравікі хромавыя. Чуеш? Дзе ты там туляешся?
Гэля ўсё чула, седзячы ў свіронку на цёплай пасцелі. Яна скруціла вянчальнае плацце, ухапіла зграбныя чаравічкі, якія абувала ўсяго разы са два, i ўсё выпхнула праз акенца, выпіленае ў бервяне свіронка.
Бацька адразу падскочыў да сцяны, ухапіў Гэльчыны ўборы i пачаў ix жмякаць у руцэ.
— А, от дзе ты, распусніца! — зароў ён ад злосці.— Марш дадому, блудніца! — затупаў Андрэй.
— Вы мяне толькі нежывую можаце забраць. А так не гнявіце бога i не смяшыце людзей, тата,— усхліпваючы, азвалася Гэля.
Стары Ермаліцкі аслупянеў з разяўленым ротам, потым тупнуў нагою.
— Пракляну нягодніцу! I вы ў мяне яшчэ паплачаце, гады! Ведзьмакі-і-і! Апаілі дурніцу любіснікам, цешцеся цяпер!