Дарогаю дадому ўспамінаў Аляксандр Салавей сваё дзяцінства i маладыя гады. I так усё выразна ажывала ў памяці, што часамі здавалася, ці не ўчора гэта было.
Ён бачыў Хлебную паляну — лапік зямлі, раскарчаванай бацькамі сярод дрымучага лесу. Хлапчуком ён баяўся ваўкоў i страшыдлаў, што кігікалі то савою, то раўлі крумкачом. Потым адважыўся i пайшоў па сунічных узгорках, па грыбных баравінах, па цупкім бруснічніку i багуне. Лес быў таямнічы i ласкавы. Успаміналася бясхлебіца кожнай вясны, недароды i нястачы. Але ніколі ў сваёй хаце ён не чуў ні папрокаў, ні сварак. Калі так-сяк скідалі хату i трохі разжыліся, бацька выпісаў газету i вечарамі чытаў уголас усёй сям'і, хоць маці i яны, малыя, кепска разумелі тое, што ён чытаў: усе, апрача бацысі, гаварылі на матчынай мове.
Некалі ў Рудабелку аж з Курляндыі пераехала сямей сорак латышоў. Адны былі парабкамі ў пана Іваненкі, другія арандавалі такія ж ляды, як i ягоны бацька, трэція бандарылі, стальмахавалі, рабілі на бровары ці ў млынах.
Увосень нанялі латышы паўхаты i стары Трэйзін пачаў вучыць дзяцей. A ў нядзелю сюды збіраліся мужчыны i кабеты, каб памаліцца богу.
Чатыры зімы адхадзіў у гэтую школу Аляксандр. Ён добра чытаў i пісаў, складаў i памнажаў, але больш за ўсё любіў кніжкі пра расліны. Ix даваў яму настаўнік i часта казаў: «Вырасцеш, навучышся i будзеш аграномам». Аляксандр i сам марыў уведаць сакрэт. каб зямля добра радзіла, каб не было недародаў, каб не пухлі з голаду дзеці. Яму так хацелася абдурыць пана i збіраць на сваіх лядах столькі жыта i бульбы, што ні Мухелю, ні Іваненку i не снілася.
Але дзе там яму было да таго аграномства!
Увярэдзілася, варочаючы калоды ў лесе, маці. Паенчыла, пастагнала з тыдзень i згарэла, як свечка. А бацька толькі што выплаціў арэнду, i ў хаце не было болей ані шэлега, каб наняць папа i адслужыць па нябожчыцы малебен. Не было грошай i ў дзеда. Прыйшлося ўпрасіць айца Серафіма, каб хоць за адработкі правёў гаротніцу на вечны спакой. Потым усю вясну Аляксандр араў i баранаваў папоўскія маргі...
Яму зрабілася маркотна i горка ад гэтых успамінаў. Ён павярнуўся назад, счакаў, пакуль дагоніць Цярэшка, i запытаў у яго:
— А Пракоп Гошка яшчэ жывы?
— Гэта каторы Пракоп, мо Півавар?
— Але, Півавар,— усміхнуўся Салавей.
— Што яму адходзіць? Ніякая трасца не бярэ.
Аляксандр зноў пайшоў спорнаю хадой i ўспомніў,
як некалі Пракоп на сваім хутары на хрэсьбіны варыў ніва. А яно так усхадзілася, што выбіла шпунт. I трэба ж было, каб той шпунт якраз уцэліў Пракопу ў лабаціну, ды так лупянуў, што той аж звіўся. Паўдня адлівалі няшчаснага. Пра ўсё гэта напісаў Аляксандр заметачку i паслаў у Рыгу, у латышскую газету «Dienas Lapa».[1] Праз колькі тыдняў прыйшла тая газетка ў Рудабелку, прачыталі спачатку латышы, а потым пераказвалі кожнаму рудабельцу. Ну ж i парагаталі тады з Пракопа. Ад таго i пайшло — Півавар i Півавар. Аж дасюль не забыліся, i дзяцей, мабыць, піваварамі завуць.
Калі добра вывіднела, узышлі на халопеніцкі мост. На берагах пасівеў няскошаны сітнік, на голай лазе дрыжаў доўгенькі чырвоны лісцік. Завівалася на вірах цёмная вада.
Спыніліся перадыхнуць. Аляксандр паставіў каля парэнчы вінтоўку, дастаў кісет i пачаў частаваць фабрычнаю махоркай.
Стары доўга цмокаў люлькаю, а як добра ўгарэлася, сеў на брус, прыжмурыў хітранькія маленькія вочкі i пачаў распытваць:
— Скажы ты мне, Ляксандра, хто ж цяпер намі камандаваць будзе? Цара скінулі, міністраў разагналі, гэты аблакацік, кажаш, у спадніцы ўцёк. А без галавы ды без аброці народ, як чарада авечак без барана, разбрыдзецца куды каторы. Дык як яно будзе, а? Без уласці неяк непрывычна.
— Уласць, дзядзька, у народа цяпер. Саветы будуць усім кіраваць. Рабочыя, сяляне, салдаты выбіраюць сваіх дэпутатаў, тыя збіраюцца i рашаюць, што i як рабіць. Саветы цяпер усяму галава.
— А хто ж будзе самы глаўны над тымі Саветамі, каб слухаліся яго, ну... можа, часам пабойваліся. Бо дай чалавеку волю, каб ён рабіў што захоча, паперагрызаюць адзін аднаго. Скажам, табе захочацца ўхапіць лепшую валоку панскай зямлі, i я на яе прыцэліўся, от i счэпімся загрудкі — каламі не разбароніш. Не, браце, улась трэба, каб парадак буў.— I стары сціснуў брудны жылаваты кулак.
— На тое бальшавікі i рэвалюцыю рабілі, каб мы самі гаспадарамі над усім былі.
— А хто яны, тыя бальшавікі, скажы ты мне, хлопча? Кажуць, бальшавікі, балыяавікі, хоць бы аднаго пабачыць, што за ён.
— Паглядзі на мяне, дзед.
— I на мяне,— разгладзіў пшанічныя вусы Анупрэй.
Цярэшка палыпаў вачыма, павярнуўся да аднаго, да другога, нібы бачыў ix першы раз, устаў, пачапіў на плечы мяшэчак i першы сышоў з моста.