...На той самай паляне сабраліся сотні чатыры мужчын з карабінамі, дубальтоўкамі, драбавікамі, у каго тырчаў наган за папругаю. А дзед Цярэшка пачапіў цераз плячо доўгую стражніцкую шаблю з раменным кутасікам. Каб не цягалася па зямлі i не біла па пятах, прытрымліваў яе рукою. Шапка ў яго з'ехала на адно вуха, рэдзенькая бародка задралася ўгору. Глядзяць на яго маладзейшыя i ўхмыляюцца, а ён пахаджвае ад аднаго да другога, часам высмыкне шаблю i выхваляецца:
— Калі хочаш, пабрыю; на, памацай, як агонь. На трох брусках даводзіў. Запусціў Мініч. Няйначай, стражнічыха кормнікам зелле секла.
— Ты цяпер, дзед, як генерал Скобелеў. Глянуць немцы i — куды каторы,— пажартаваў Ус.
— Няма чаго выскаляцца, Максімка, Тут стараешся, каб як лепей, а яму ўсё смешкі з дзеда Цярэшкі. Гэта ж не абы-якая сашка, гэта, калі хочаш, баявая трахвея. Не ўцэліў тады ў гэтага злыдня сякераю, i ты паленаваўся прабегчыся, каб пераняць рудога сабаку, дык от ускочыў з гарачкі ў яго фацеру i забраў етую мешалку. Трахвей, браце. Бач, i з кутасікам.
Мужчыны дабрадушна смяяліся з гаваркога i заўсёды пацешнага Цярэшкі.
На паляну выйшаў Аляксандр Салавей. На ім быў вайсковы фрэнч, падпяразаны шырокаю папругай, зялёная, яшчэ з мікалаеўскага войска шапка, а на раменьчыку чырвоная стужка, няйначай, Марыльчын каснік.
Гамана адразу сціхла. Усе бліжэй падыходзілі да Салаўя. Абапіраючыся на стрэльбы, курылі i слухалі, што скажа старшыня рэўкома.
— Таварышы партызаны i рэвалюцыйнае сялянства! Нямецкай акупацыі прыйшоў канец. Па дагавору з Савецкім урадам немцы павінны ўжо ачысціць тэрыторыю Беларусі. Але камандаванне адцягвае вывад войск. Відаць, мала яшчэ набраліся ў нашых сёлах. Яны цяпер выграбаюць усё ў панскім маёнтку, забіраюць кароў i коней, каб везці ў Германію. Хіба ж гэта панскае дабро?
— Вядома, наша! — загуло некалькі галасоў.
— Раніцою мы прапануем немцам ачысціць воласць i пакінуць усё, што яны нарабавалі.
— Біць гадаў трэба! А вы цацкаецеся з імі, просіце ды ўгаворваеце. Прадаліся германцу, таварышы камісары, немчуру шкадуеце,— закрычаў, праціскаючыся з натоўпу, малады кучаравы матросік.— Калі баіцеся, я павяду. Хто за мною, мужчыны? — Ён расплікнуў бушлат, паказваючы паласатую цяльняшку, выхапіў наган, гатовы адразу рынуцца ў бой.
— Заткніся, ваяка,— згроб матросіка за плячук ледзь не ўдвая большы за яго Максім Ус.
Партызаны глядзелі, што з гэтага будзе.
— I адкуль ты такі сыскаўся, што трашчыш, як старыя порткі? — падышоў да яго, трымаючыся за шаблю, дзед Цярэшка.
— Цішэй, мужчыны,— супакойваў Салавей.— Тут таварыш Ступень кажа, што мы прадаліся немцам...
— Ат, балбоча дурань абы-што. Няма чаго слухаць,— загуў Мікодым Гошка.
— Яму хочацца страляць, абы кроў лілася. А мы хочам жыць на вольнай савецкай зямлі. I нямецкія салдаты няхай жывуць. Яны ж такія рабочыя i сяляне, як i мы. Дома ў ix дзеці. i жонкі. У Германіі адбылася рэвалюцыя, Вільгельма болей няма, Сярод салдат ёсць сацыял-дэмакраты i камуністы. У каго ж мы будзем страляць? У каго будуць страляць яны? Зброю мы не выпусцім, але яна павінна быць у разумных руках. Прымусяць страляць, будзем страляць. Але не забывайцеся, што ў ix кулямёты, вінтоўкі, гарматы. А што ў нас? Толькі мы тут гаспадары, за намі праўда i сіла. Страляць толькі ў крайнім выпадку. А цяпер слухайце.— Салавей выцягнуў з кішэні аркуш паперы i пачаў чытаць:
— «Загад № 1 Рудабельскага валаснога рэвалюцыйнага камітэта. 2З лістапада 1918 года.
У дзве гадзіны ночы на 24 лістапада атраду Максіма Ляўкова выступіць у Карпілаўку, абяззброіць ахову валасной управы i ўстанавіць Савецкую ўладу. Атрад Максіма Уса зойме вёску Лескі. Атрад Нічыпара Званковіча — Новую Дуброву. Атрадам Драпезы i Салаўя заняць маёнтак барона Урангеля.
Ba ўсіх вёсках устанавіць Савецкую ўладу i арганізаваць камітэты беднаты, якія павінны падзяліць панскую i шляхецкую землі».
I адразу ўсе загаманілі.
— От ета справядліва.
— Так даўно трэ было.— Цярэшка падступіўся да Івана Кавалевіча.— Забярэш цесцеў футар i раскашавацца будзеш.
— Хай ён задушыцца тым футрам,— адказаў Іван.
Атрады пачыналі разыходзіцца. Мужчыны, стукаючы лапцем аб лапаць, ботам аб бот, хаваліся за разлапістыя яліны ад сівернага ветру, што працінаў сухім холадам i гнаў на небе сівыя хмары з белымі грабянцамі.
Не ведаў толькі крыклівы матросік Ступень, да каго прыткнуцца. Яму самому хацелася камандаваць. Але што адзін зробіш?
— Станавіся, Аляксей. Пойдзем на Лескі.
Матрос паслухаўся Уса i моўчкі стаў у строй.