Атрады зніклі ў лесе. Толькі шаргацела пад нагамі мёрзлае лісце, патрэсквала ды хвастала па спінах яловае вецце. Паляна апусцела.
...Ноччу ўсхадзіўся вецер. Карпілаўка спала глыбокім сном, толькі сям-там брахалі сабакі ды рыпелі над студнямі вочапы. У цемені мігцеў i калыхаўся адзіны агеньчык. На яго асцярожна рушыла з паўсотні партызан на чале з Ляўковым. Астатнія абкружылі вёску, каб часам з яе не выскачылі патрулі i не паднялі трывогі.
На ганак валасной управы ўзышоў стараста i пагру» каў у дзверы.
— Wer ist hier?[13] — пачулася з сярэдзіны.
— Адчыні, гэта я, стараста. Ну, Міхал Званковіч. Хіба не ведаеш? Камендант паслаў.
За дзвярыма прагрукалі падкаваныя боты, зарыпела завала, незадаволена забурчаў спрасоння салдат. Як толькі дзверы адчыніліся, у калідор ускочыў Максім Ляўкоў з наганам у руцэ i ўхапіў салдата за папругу. Вінтоўка яго стаяла прыпёртая да стала. Немец спалатнеў i пачаў паднімаць рукі ўгору.
— Не бойся, камрад. Wir sind Kommunisten. Sie fahren nach Hause nach Deutschland[14],— спакойна загаварыў Максім, падбіраючы нямецкія словы, якія ён трохі помніў з школьных часоў. Следам за ім зайшло чалавек восем мужчын з карабінамі i стрэльбамі. Маленькі i жвавы Цімох Валодзька адразу падбег да стала i ўхапіў карабін. Немца пасадзілі ў кут. Ён больш за ўсё здзівіўся, што сярод «бандытаў» убачыў прадаўца з крамы, увішнага i ветлівага хлопца з доўгім носам i чорненькімі мышынымі вачамі. Пазнаў ён яшчэ некалькіх хлопцаў, якіх сустракаў на вечарынках, i крыху супакоіўся.
— Прымай, таварыш Ляўкоў, воласць. Здаю ў поўным парадку,— сур'ёзна сказаў Званковіч.
Неўзабаве партызаны прывялі яшчэ чатырох раззброеных немцаў i пасадзілі побач з валасным каравулыіым.
Іван Кавалевіч аж захліпваўся, расказваючы пра сваю першую баявую аперацыю:
— Стуліўся ён, небарака, пад Марцінавым гумном, каўнер наставіў i дрэмле. А мы ці-і-і-хенька падкраліся, за ветрам яно не чутно, наставілі чатыры рулі ды як гаркнем: «Здавайся!» Ён так i сеў.
На зборні, у калідоры i ў пакоях грэліся, курылі i гаманілі партызаны. Вакол воласці стаяла варта. Па беразе Нератоўкі i на мосціку паміж маёнткам i вёскаю расцягнуўся партызанскі ланцуг. Усе чакалі світання, Раніцай будзе відаць, як усё павернецца i чым кончыцца.
Максім Ус больш верыў сваім вачам, чым чужому слову. Таму i хадзіў у разведку заўсёды сам. Атрад яго без бою заняў Лескі. Выставілі дазоры на вуліцы i за аселіцаю, а чалавек з паўсотні разам з камандзірам лесам выйнілі на шлях, які вёў з маёнтка на Ратміравічы. Партызаны ведалі: пакуль не развіднее, немцы нікуды не выязджаюць. А глыбокай восенню світае позна, вось i чакалі.
— Лепей сустракаць, чым даганяць,— гаварыў Максім. А сам усё выходзіў на шлях i прыслухоўваўся, ці не рыпяць колы i ці не ржуць коні.
— Такі разведчык за вярсту відзён,— жартавалі хлопцы.—Ты б хоць трохі ўгінаўся, Максім, а то шапку саб'юць.
— Бацька новую купіць,— пасміхаўся камандзір.
I вось у сінечы халоднага світання на бальшаку закалываліся дугі, замыкалі прывязаныя да вазоў каровы. Доўгі абоз асцярожна ўязджаў у лес. За фурманаў былі салдаты з карабінамі на плячах. Яны ехалі крадучыся, нават не нокалі на коней, не гаварылі паміж сабой. Гэта былі пераважна пажылыя людзі, відаць, прывычныя да работы на конях i на зямлі. Па сярэднім возе на мяхах сядзеў малады афіцэрык. Як толькі абоз уехаў у партызанскі ланцуг, з-за прыдарожных хвояў i ядлоўцавых кустоў, нібыта з-пад зямлі, вырасла цэлая армія ўзброеных сялян. A ў страху вочы вялікія. Афіцэрык саскочыў з мяхоў i ўхапіўся за кабуру. Максім так грымнуў яму ў карак, што той носам заараў мокры пясок. Партызан наступіў яму каленам на спіну, намацаў кабуру i так ірвануў, што яна адскочыла ад папругі разам з вушкамі. На кожнага салдата навальвалася па двое, а на некаторых i па трое партызан. Хлопцы Максіма Уса наскочылі так неснадзеўкі i ціха, што ніхто i войкнуць не паспеў. Коні з перапуду храплі i спрабавалі вылузацца з хамутоў, рыкалі i ўпіналіся прывязаныя да вазоў каровы. Максім адною рукой, нібы тое кацяня, падняў i паставіў афіцэрыка, памахаў далонню перад руляю нагана — «Страляць не трэба» — i скамандаваў:
— Паварочвай!
Салдат пасадзілі на вазы, далі ім у рукі лейцы, a самі з вінтоўкамі ў руках пайшлі побач. У многіх на плячах вісела яшчэ па карабіну.
Пад'язджаючы да маёнтка, партызаны ўбачылі каля брамы вялізны натоўп людзей. У пярэдніх радах стаялі ўзброеныя хлопцы з атрада Салаўя i Драпезы, а за імі — карпілаўскія дзяды, кабеты i пранырлівыя хлапчукі — усім хацелася паглядзець, «як партызаны будуць выганяць немцаў».