Выбрать главу

A ў любы бок, кіламетраў за трыццаць ад Рудабелкі, яшчэ стаялі немцы. Яны былі ў Бабруйску i ў Мінску, Гомелі i Калінкавічах, у Рэчыцы i ў Мазыры. Ездзілі па вёсках i маёнтках, стралялі кормнікаў i надворных парсюкоў, выграбалі засекі, нават забіралі ручайкі з напрадзенаю воўнай.

Ва Урангелевым маёнтку Максім Ус пераважваў жыта i грэчку, перапісваў кароў i цялушак у вялікую прашнураваную кнігу, бо панскі аканом, Мікалай Мікалаевіч, папаліў усе паперы i некуды знік у тую ж ноч, як адступілі немцы. Мужчыны з Максімавага атрада наводзілі парадкі ў Парэччы, Бярозаўцы, Харомцах i Халопенічах: ставілі сваіх загадчыкаў, перадавалі ім ключы ад усяго дабра, што не паспелі захапіць паны i не далі вывезці немцам.

Было клопату ўсім. Да ваенкома Пракопа Малаковіча прыйшоў з Касарыч той самы Кастусь Пінчук, пра якога казаў Салаўю Найман. Пінчук служыў у Смаленскім ЧК i па заданні штаба Заходняга фронту прыехаў у сваю вёску: Чырвонай Арміі трэба былі свежыя сілы, маладыя байцы.

Кастусь Пінчук дабіраўся да Бабруйска праз Оршу тою ж дарогай, што i ўсе падпольшчыкі. Начаваў у Рэвіна, памагаў грузіцца «камерсанту Антонаву», а з Бабруйска з паперкаю, выданаю Густавам Шульцам, прыехаў дадому «на папраўку пасля хваробы». Першых ён адправіў у Смаленск зусім яшчэ маладых хлопцаў Фаму Каберніка i Міколу Юневіча, а за імі з Касарыч i Заракушы знікла яшчэ чалавек пятнаццаць добраахвотнікаў. У бабруйскай чайной ім давалі «прапускі» да Оршы, а там — толькі перайсці з вакзала на вакзал, абмінуць патруля, i праз некалькі дзён хлопцы ў абмотках i ў такіх-сякіх шынялях з мікалаеўскіх складаў, з бляшанымі чырвонымі зоркамі на шапках ужо маршыравалі па смаленскіх вуліцах i з прысвістам спявалі «Чубарыкі-чубчыкі» i «Вы не вейцеся, чорныя кудры».

З «Рудабельскай рэспублікі» трэба было адправіць на фронт маладых i адважных хлопцаў, i не адзін дзесятак. Дачуліся ў Рудні, Кавалях, Лаўстыках, у Смыковічах i ў абедзвюх Дубровах i пайшлі да ваенкома з торбачкамі сталыя мужчыны i хлапчукі,

— У цябе ж i вусы яшчэ не растуць. Ну які з цябе салдат? Бяжы лепей дадому, каб маці паўрозамі не адхвастала.

— Дык i ў вас жа, дзядзечка, няма вусоў,— апраўдваўся чарнавокі хлапчук у новых лапціках i шарачковай світцы.

A Малаковіч з Пінчуком тлумачылі, як не проста праз нямецкія заставы дабрацца да Оршы, а там — падстаўляць галовы пад варожыя кулі.

Да слёз пакрыўцжаныя хлапчукі вярталіся дадому. Некаторыя гатовы былі самі паехаць у любую часць. Але як i куды прабірацца, ніхто не ведаў — наўкол яшчэ стаялі немцы. Былі яны ў Бабруйску. А ваенком разам з Шнчуком кожны дзень рознымі дарогамі — каго праз Глуск, каго праз Ратміравічы i Парычы — адпраўлялі добраахвотнікаў у Чырвоную Армію. Калі выехала больш за паўсотні абстраляных хлопцаў, знік i Кастусь Данілавіч Пінчук. Ён сустракаў землякоў у Смаленску, распытваў, як яны дабіраліся, трывожыўся, ці не «заваліўся» хто. Самых адважных i кемлівых рэкамендаваў на службу ў ЧК.

У лясы вакол Бабруйска збіраліся партызаны з Гарадка, Бортнікаў, Віктараўкі i Глушы. Падышлі з Рудабелкі атрады Салаўя i Драпезы. У кожным з ix было чалавек па восемдзесят адборных узброеных партызан. Атрады абкружылі горад, пераймалі на дарогах нямецкія часці, затрымлівалі абозы, адбіралі коней i зброю, бралі ў палон афіцэраў, прарываліся на станцыю, на Бярэзінскі фарштат i паднімалі такі пярэпалах, што немцы пачалі баяцца кожнага ў саматканай світцы i ў кароценькім кажушку. Калі вакол горада сабралася каля чатырох тысяч чалавек, падпольны павятовы рэўком папярэдзіў нямецкае камандаванне, што ў распараджэнні рэўкома знаходзіцца дваццаць пяць тысяч узброеных партызан, i патрабаваў неадкладна ачысціць горад, не вывозіць народнага дабра, тэлефонных i тэлеграфных апаратаў, вызваліць усіх палітычных зыяволеных.

Паспешна грузіліся фурманкі i вагоны, на дварах i вуліцах валялася салома, вытрасеная з сеннікоў, каля ганка камендатуры гарэлі груды паперы. Горад пусцеў на вачах. Немцы адступалі маўкліва i змрочна. Калоны салдат былі падобны на этапы асуджаных. Афіцэры ішлі з панурымі галовамі, грукалі паходныя кухні, нібы пахавальная працэсія, цягнуліся абозы. Для адступлення былі адкрыты ўсе дарогі. Кожны салдат адчуваў, што з-за маўклівых, прыцярушаных снегам хвой i елак у спіну пазіраюць вочы партызан i чорныя зрэнкі вінтовак. Таму прыспешвалі крок, каб хутчэй выйсці з гэтага таямнічага i небяспечнага акружэння.

Яшчэ са станцыі Бярэзіна не адышоў апошні эталон з нямецкімі салдатамі, яшчэ афіцэры мітусіліся на пероне, крычалі i пагражалі дзяжурнаму, каб не марудзіў з адпраўкаю, як на вакзале з'явіліся Платон Равінскі, Барыс Найман, толькі што вызвалены з турмы Балашоў, ужо апрануты ў чорнае паліто i кепку Густаў Шульц.