— А я тады хто? Меншавік? — агрызнуўся ён.
Да дому аставалася вёрст восем.
2.
Хутар Сераброн стаяў у лесе, як у вянку. Наўкруг яго было валок дзесяць дагледжанай i добра ўробленай зямлі. Сярод саду — вялікі дом пад бляшаным дахам, цераз дарогу — абора i доўгі свіран з часанага бруса.
Да веснічак пад'ехала фурманка. З воза саскочыў той самы «абскубаны афіцэрык», якога так i не дабудзіўся Цярэшка ў Ратміравічах, ён счакаў, пакуль усе выйшлі з вагона, забраў свой чамадан i пайшоў наймаць фурманку, каб даехаць дадому. Доўга таргаваўся з упартым дзедам, якімі грашамі яму плаціць. Мікалаеўскіх той не браў, думскіх i керанак за грошы не прызнаваў i ўсё казаў: «От каб золатам, можна было б i падвезці. Гэта ж вярстоў са дваццаць, калі не болей, будзе».
Ледзьве ўмалёгаў яго Казік Ермаліцкі i такі прыехаў да бацькавага дома. Ён ацерабіўся ад саломы, забраў свой куфэрак i моўчкі пасунуўся да форткі.
З будкі выскачыў велічынёю з добрае цяля руды ваўкадаў і, звонячы па напнутым дроце ланцугом, кінуўся насустрач Казіку. Той адскочыў i прычыніў брамку. Сабака станавіўся на дыбкі, кідаўся з боку ў бок, выскаляючы вялікія жоўтыя іклы, ашыйнік падымаў на хібе цупкую поўсць.
— Пірат, Пірат, што ж ты, дурненькі, сваіх не пазнаеш! — улагоджваў яго Казік. Гэта быў не той Пірат, якога ён некалі гадаваў шчанюком, другі — страшнейшы i большы. Але Казік ведаў, што ўсіх сабак, якія вяліся ў ix двары, бацька інакш не зваў, як Пірат.
I гэты крутнуў хвастом, пераетаў кідацца, але ўсё яшчэ вурчэў i выскаляўся.
У акне нехта паказаўся ў белай хусцінцы i знік. Але з хаты ніхто не выходзіў.
Пірат гыркаў i мітусіўся каля самай форткі. Возьмецца Казік за клямку, а сабака — зноў на дыбкі i заліваецца брэхам.
Ляпнулі i шырока расчыніліся дзверы, на ганак выйшаў бацька. Здавалася, ён паменшаў, раздаўся ў плячах, зусім аблысеў.
— Пірат, на месца! — Сабака ўтуліўся i нехаця пасунуўся ў будку.— Што васпану трэба? — спытаў стары, не сыходзячы з ганка.
— Ці не тут жыве Андрэй Ермаліцкі? — захацелася пажартаваць Казіку.
— А каб цябе бог любіў! Няўжо сынок! Анэта, чуеш! Барзджэй сюды! — I стары кінуўся сыну насустрач.
Ён паказытаў Казікаву шчаку калючай барадою, ухапіў цяжкі куфэрак i панёс да ганка. Выціраючы аб фартух рукі, насустрач бегла маці. Яна слізкімі губаMi патыцкалася ў сынаву шчаку i ў цупкія падкручаныя вусікі, пачала смаркацца i выціраць фартухом слёзы.
— A дзіцятка ж маё! Матчыны малітвы дайшлі да ўсявышняга! Дзякаваць богу, што цэлы вярнуўся!
У доме ўсё было так, як i да Казікавага ад'езду. Стаялі два вялізныя, акаваныя жалезнымі шынамі куфры, сточаны шашалем камод, доўгая дубовая канапа. Толькі разлапушыліся фікусы i пазасланялі вокны. Маці бегала ў клець, мітусілася каля прыпечка. На трынозе цвырчэла яечня, бацька кроіў чырвоную, добра завэнджаную паляндвіцу.
Казік у сподняй кашулі плёскаўся i фыркаў над вялікаю мядніцай. ІІотым доўга прычэсваўся перад счарнелым аблузаным люстрам, падбіваў рукою густыя кащтанавыя валасы, падкручваў кароткія вусікі.
— А дзе ж Гэлька? — успомніў ён пра сястру.
— AT, скруцілася дурніца. Ніякага зладу з ёю няма. Можа б, ты паўшчуваў. Я ўжо i лейцамі гразіўся, i замуж хацеў за Невяроўшчыка аддаць, дык i ні блізка. Ушалопалася ў нашага парабка. Можа ж, помніш Івана Кандратавага з Кавалёў? Бясштанік з галадранцаў, а так сабою відны, чубаты i не гультай. Хацеў яго яшчэ да Юр'я прагнаць, дык ушчала так! лямант;
«I павешуся, i ўтаплюся...» Чаго добрага, думаю, i праўда, рукі на сябе, дурніца, наложыць, сораму не абярэшся. I так усім наша дабро вочы коле. А сёння досвіткам у млын разам паехалі. Як ведаў, што шатровачка на блінцы спатрэбіцца. Гэта ж такі госць чаканы i неспадзяваны,
Казік спахмурнеў. Сястру ён пакінуў цыбатым падлеткам, а цяпер, выходзіць,— паненка. Хітры, відаць, гэты парабчук — зачмурыў ёй галаву, а сам на бацькаў хутар аблізваецца. Думаў, больш наследнікаў няма, жывым хацеў пахаваць.
— Парабчука гэтага, тата, каб i духу тут не было,— закамандаваў Казік.— A баіцеся — сам з ім упраўлюся.
— Памажы табе божа, сынок.
Маці заслала велікодны кужэльны абрус, расставіла талеркі, унесла запацелую бутлю вішнёўкі, дастала з палічкі прысадзістыя рубчастыя чаркі.
Сына пасадзілі на кут пад абразы. Побач з Мікалаем-цудатворцам вісеў партрэт «імператара i самадзержца ўсея Русі Мікалая другога». Казік сядзеў у расшпіленым мундзіры. Бацька, наліваючы ў чаркі, не зводзіў з сына вачэй.
— За яго імператарскую вялікасць i ўсю царскую фамілію,— устаўшы, апаражніў Казік сваю чарку. Бацька падняцца не здагадаўся, перакуліў кілішак, крэкнуў i занюхаў мякішам хлеба.