Выбрать главу

Раз'юшаныя бандыты i выпушчаныя стракапытаўцамі з турмы крымінальнікі стаялі па абодва бакі Румянцаўскай вуліцы, за ix спінамі туляліся ашуканыя салдаты з наіўнымі сялянскімі тварамі i літасціва глядзелі на скрываўленых, знясіленых i абшарпаных людзей, што, кульгаючы i трымаючыся адзін за аднаго, выходзілі з гасцініцы. Яны памкнуліся павярнуць на Магілёўскую вуліцу, але той самы афіцэр, што гаварыў з Валодзькам, крыкнуў: «Ацапіць!»

Бандыты абкружылі абаронцаў «Савоя», залязгалі затворамі i пачалі біць прыкладамі i ножнамі шабель па забінтаваных галовах i плячах.

Старшыня Чэка Ланге кульгаў i ледзьве трымаўся на нагах, a крымінальнікі i азвярэлыя салдаты штурхалі i паролі яго штыхамі, білі i лаяліся.

— Апамятайцеся, калі вы яшчэ людзі! Вы здрадзілі народу, рэвалюцыі i нават свайму слову. Што вы робіце?— спрабаваў суняць раз'юшаных мяцежнікаў Камісараў.

Афіцэрык падскочыў да яго i сунуў у твар ручкаю нагана. Па шчацэ пабег струменьчык крыві, а вока заплыло сіняй пухлінаю.

Б'ючы i штурхаючы, ix павялі па Румянцаўскай вуліцы ў турму. З вокан i з двароў баязліва пазіралі людзі, многія крадком выціралі слёзы, іншыя стараліся запомніць адзічэлыя абліччы катаў, каб пазнаць ix, калі ласпрабуюць выкруціцца ад расплаты за здраду.

А к Гомелю падыходзілі чырвонаармейскія часці — з Смаленска прыбыў атрад на чале з губернскім ваенкомам Язэпам Адамовічам, каля Нова-Беліцы пачынала абстрэл мяцежнікаў Бранская дывізія. Салавей ca сваімі байцамі заняў маёнтак Прудок, вярсты за чатыры ад горада. Адсюль відаць дахі i дымкі над камінамі, чуваць гул i страляніна. Да бабруйскага батальёна далучылі рагачоўскі i жлобінскі атрады, пераважна людзей маладых, апранутых вельмі страката: лапці i доўгі шынель, хромавыя боты i кароткія кавалерыйскія венгеркі, флоцкі бушлат i стаўбунаватыя папахі.

Разведчыкі далажылі, што ўскраіна горада занята ланцугамі мяцежнікаў i ўтыкана кулямётнымі гнёздами Яны ж прывялі двух да смерці перапалоханых стракапытаўскіх салдат. Невялічкі, з русяваю бародкай i бязбровымі вачыма дзяцюк шморгаў носам, біў сябе ў грудзі i енчыў:

— Далібог, д'ябал папутаў. Мы што? Як тыя авечкі. Куды баран, туды i мы следам. Хіба ж мы супроць Саветаў? Камандзіры кажуць: «Здраднікі не пушчаюць дадому, біце ix...» Ну дык мы i таго...

Салавей, можа, упершышо ў жыцці вылаяўся:

— Бар-р-ран. Усе вы бараны бязмозгія! На сваіх падняліся! Супроць рэвалюцыі, супроць свабоды пайшлі.

Палонных абшукалі i падалі Салаўю дзве паперкі — два пасведчанні. У ix было сказана, што ix прад'яўнікі з'яўляюцца байцамі 1-й паўстанцкай арміі. Побач з подпісам Стракапытава стаяла вялікая сіняя пячатка з двухгаловым арлом пасярэдзіне.

— Ого, уяад i царскі герб прышлёпнулі, толькі арол пакуль што без кароны. От за што вы ваюеце!— I ён патрос перад мокрым носам спалоханага салдата паперками склаў ix i схаваў у верхнюю кішэньку фрэнча, кіўнуў Драпезу: — Ты ix, Анупрэй, прывёў, ты i разбірайся. Адумаюцца, выкладуць усё, як на споведзі, можаш памілаваць, а не — няхай трыбунал рашае, кіруючыся рэвалюцыйным сумленнем. Вядзі!

Паваліў густы мокры снег, сляпіў вочы, слізкімі камякамі спаўзаў за каўнер. «От цяпер у гэтай крутаверці i рвануць на варожыя пазіцыі»,— падумаў Салавей i паклікаў камандзіра далучанай у дарозе роты.

— Ваша рота займае левы фланг уздоўж чыгункі. Неспадзеўным ударам зламаем абарону праціўніка i прарвёмся ў горад...— Салавей асекся: камандзір роты глядзеў некуды ўбок, нібы i не слухаў яго.— Вам ясна?— спытаў Салавей.

— Ясна-то ясна, але ваш загад выканаць не магу.

— Як гэта не магу?

— А так. Адыдземся, Аляксандр Раманавіч, пагаворым.

— Вы што, здурэлі? Пра што мне з вамі гаварыць? Якія ў нас могуць быць сакрэты? Выконвайце загад!

— Не магу. Салдаты адмаўляюцца страляць у такіх жа сялян, як i яны. Ды i вы ж, здаецца, сялянскі сын.

— Што гэта, здрада? — закрычаў Салавей.

Да камандзіра роты падышло i стала кругам шасцёра здаравіл, з кулакамі, як кавальскія молаты.

— Калі не хочаш слухаць мяне, камандзір, яны растлумачаць,— кіўнуў на салдат асмялелы ротны, пераходзячы на зняважлівае «ты».

— Што гэта? Пагроза?— спакойна запытаў Салавей і, ні на кога не зважаючы, пайшоў да пуні. Там стаялі групкамі салдаты. Курылі i паціху гаманілі, жавалі глёўкі хлеб, хтосьці прышываў гузік да цупкага мокрага шыняля. Камандзір батальёна заўважыў, што ў роце былі пераважна маладыя вясковыя хлопцы. Такіх, вядома, можна павярнуць, куды хочаш. Ён весела, па-свойску, паздароўкаўся з імі, стаў на пустую скрынку i ціха загаварыў: