Выбрать главу

Адна трупа рушыла да ракі. Лепш за ўсё было прайсці па крутым узбярэжжы Сожа, паміж ракітавых кустоў. Ішлі па два, па тры i па адным. Другая трупа знікла ў густым ельніку каля чыгуначнага палатна.

Электрычнасці ў горадзе не было. Толькі там-сям у вокнах мігалі жоўтыя квадраты святла. Дамы былі трывожна прыцішаныя, нібы вымерлі i апусцелі. На цёмных вуліцах дралі глоткі п'яныя бандыты, грукалі ў зачыненыя дзверы, лупілі прыкладамі ў гулкія жалюзі крамак. Чуліся несуладныя песні i лаянка. Страшэнны жаночы крык, здавалася, разрываў густое вільготнае паветра.

Салавей прабраўся на Лібаўскі вакзал. На пероне гарэў закураны ліхтар. Салдаты цягнулі ў вагоны нейкія скруткі, завязаныя ў брудныя прасцірадлы, кулі мукі, скрынкі, жаночыя футры. Падобны на вахмістра вусаты салдат надзеў на стаўбунаватую шапку чорны кацялок, а праз плячо перакінуў доўгую сукенку з карункавымі фальбонамі.

П'яныя салдаты крычалі, мацюкаліся, штурхаліся, адбіралі адзін у аднаго нейкія транты, хапаліся загрудкі. Гармідар стаяў на вакзале i ў вагонах. Ніхто ні на кога не зважаў, i Салавей шкадаваў, што не прывёў сюды цзлы ўзвод. Ён разам з Шоламам Агалам адышоўся за пусты вагон, выцягнуў з-пад крыса світкі бляшаную гранату i шпурнуў яе ў адзіны ліхтар на пероне. Грымнуў выбух.

На вакзале пачаўся страшэнны пярэпалах: лямантавалі параненыя, адны выскоквалі з вагонаў, другія лезлі ім насустрач, збівалі з ног. Хтосьці бабскім голасам крычаў: «У ружжо!» Мяцежнікі круціліся, бы злоўленыя зладзеі, не ведаючы, куды ўцякаць. Некаторыя рвануліся на плошчу, але i там грымелі выбухі. Здавалася, што ўвесь горад заняты чырвонымі. Паніка расла. У цемры мітусіліся бандыты, кідалі нарабаванае дабро, душачыся, сцягваючы адзін аднаго, лезлі ў вагоны, стралялі самі не ведаючы куды i ў каго. Цягнік ужо крануўся з месца, a ўслед яму паляцелі гранаты. Бліснуў i прагрымеў выбух. Ніхто не мог уцяміць, што адбываецца, як прарваліся ў горад бальшавікі. Выбухі i страляніну ў горадзе пачулі заслоны i пачалі адыходзіць к чыгунцы, якая вяла на Рэчыцу. З кароткімі перастрэлкамі ў горад уваходзілі смаленскія, бабруйскія i бранскія часці. Многія i не здагадваліся, хто ім расчысціў дарогу ў Гомель, а каб i ведалі, адразу б не паверылі, што дваццаць сем адважных хлопцаў, апранутых у лапці i світкі, вырашылі лёс усёй аперацыі.

Мяцежнікі ўцякалі на Рэчыцу i Калінкавічы. A ў горадзе расла паніка: мітусіліся, кідаліся з вуліцы ў вуліцу апантаныя салдаты. Было ясна адно: Гомель захапілі чырвоныя, але дзе яны? У завулках ірвуцца гранаты, з ускраін даносяцца страляніна i гулкае «ўра», i яшчэ большы страх апаноўваў мяцежнікаў.

Тараевіч са сваімі хлопцамі ўбачыў каля казармы чатыры гарматы, запрэжаныя коньмі. Чырвонаармейцы з наганамі ў руках i з гранатаю напагатове ўскочылі ў двор. Там нікога не было. Яны асядлалі коней i з грукатам памчаліся насустрач сваім, што наступалі на горад з Прудка.

Гарэла вежа на палацы князя Паскевіча, падпаленая снарадам мяцежнікаў. Высока ўздымаліся клубы дыму, гайдалася злавеснае барвовае полымя. У яго зарыве людзі i коні здаваліся вогненна-чырвонымі ценямі.

Трупа Лагвіновіча прарвалася ў парк. Хвастала пругкае мокрае вецце, ногі коўзаліся па збуцвелай леташняй траве. Чырвонаармейцы беглі к палацу, каб хоць далей не пусціць агонь. Каля ўвахода стаяў вартавы. Убачыўшы людзей, ён падняў вінтоўку i заляскаў затворам.

— Стой, страляйт будэт,— закрычаў ён.

Хлопцы спыніліся. Ліха яго ведае, можа, стаіць ачмурэлы стракапытавец i смальне не думаючы.

— Імем рэвалюцыі, рукі ўгору! — скамандаваў Лагвіновіч.

Вартавы паставіў вінтоўку і, хістаючыся, пабег насустрач чырвонаармейцам.

— Тафарыш, страляйт не нада. Я — Ваня,— плаксіва заенчыў ён.

Хлопцы ўбачылі невялічкага кітайца з чырвонай зоркаю на шапцы. Як ён трапіў сюды, хто яго паставіў?

— Сафет паставіў, сафет снімайт. Хілеб, хілеб, тафарыш,— ён прыкладаў худыя пальцы да вуснаў,— Ваня кушы, кушы хочыт.

Усе ca здзіўленнем глядзелі на яго.

Высветлілася, што перад самым мяцяжом гомельскі гарнізон выставіў тут вартавога, i ён прастаяў без сну i ежы некалькі сутак. Чырвонаармейцы давалі яму хлеб, прыгаворваючы: «Маладзец, Ваня»,— а ён усміхаўся нейкай вінаватай усмешкаю, адшчыпваў глёўкі мякіш i павольна жаваў.

Хлопцы з групы Лагвіновіча пачалі тушыць вежу палаца. З суседніх дамоў прыбеглі людзі з вёдрамі i сякерамі, аднекуль прыцягнулі даўжэзны бусак, драбіну i пажарную кірку. Полымя пакрысе цямнела i захлыналася дымам, a ўнізе, па бруку, грукаталі двухколкі: на бераг Сожа прабіваліся групы мяцежнікаў. Над горадам стаяў гул, чуліся несуладная страляніна i крыкі.