Выбрать главу

— Даруйце, браточкі! Афіцэры нас загубілі.

— Мы ж i не думалі супроць сваіх.

— Як шалудзівых авечак, пагналі нас золатанагоннікі.

— Спіртам залілі вочы i ачмурылі.

Салавей з Адамовічам шукалі Стракапытава i ягонага каменданта палкоўніка Сцёпіна. Але ix i след прастыў. Як толькі выскачылі з вагона, паабсякалі гужы на дзвюх фурманках, нават i хамуты не паспелі паскідаць, паўскоквалі верхам i падаліся ў гушчар. За імі кінуліся дзесяткі тры афіцэраў ды крымінальнікі, што лютавалі каля «Савоя» i на гомельскіх вуліцах.

Палонныя складалі зброю, нарабаванае ў горадзе дабро i панура станавіліся ў калону, ачэпленую канвоем. Некаторыя ўсхліпвалі i шапкамі размазвалі на брудных тварах слёзы.

Салавей з агідаю i нейкім затоеным шкадаваннем глядзеў на ix, цёмных i непісьменных людзей, ашуканых ix жа ворагамі, ворагамі рэвалюцыі.

— Вінтоўкі мы чысцім, а людзям прачышчаць мазгі яшчэ не маем часу,— нібыта разважаючы сам з сабою, гаварыў Салавей Малаковічу.— А цёмнага чалавека куды хочаш павернеш. Зброя зброяю, таварыш камісар, толькі ваяваць трэба i словам.

Надвячоркам чырвоныя атрады вярталіся ў Гомель. На першым эталоне трапятаўся закураны, з мазутнаю плямай, невялічкі чырвоны сцяг. Каля яго, за парэнчамі паравоза, стаялі два чырвонаармейцы, падпяразаныя кулямётнымі стужкамі, з вінтоўкамі наперавес. Яны ўглядаліся ў вузкія каляіны дарогі, у набраклыя веснавымі сокамі пералескі, у высокае лілаватае неба. Чырвонаармейцы гаманілі i спявалі ў цяплушках. За імі ішлі маўклівыя эталоны з палоннымі. На кожным тормазе ехаў чырвонаармейскі канвой.

Апошні грукатаў на рэйках бронецягнік. Ім камандаваў Аляксандр Салавей. Ён прытуліўся да халоднай мулкай сцяны. Ныла ўсё цела, як пасля цяжкай работы, самі заплюшчваліся вочы, i здавалася, яго ахутвае вільготны, вогненна-аранжавы туман. Выплываюць знаёмыя твары, бязгучна ўзрываюцца гранаты, а ляскат колаў уяўляецца бясконцаю кулямётнаю чаргой.

Ён то прачынаўся, гаманіў i жартаваў з камандзірамі i байцамі, то зноў правальваўся ў туманную мітусню ўспамінаў i сноў.

Раніцою прыбылі ў Гомель. На Палескім вакзале, дзе нядаўна быў штаб мяцежнікаў, чырвонаармейцаў сустракаў старшыня павятовага камітэта таварыш Хатаевіч. Ён толькі што вярнуўся з VIII з'езда партыі. Мяцеж пачаўся i быў ліквідаваны, калі ён быў у Маскве. Разам з Хатаевічам прыйшлі перабінтаваныя змучаныя абаронцы «Савоя», якім пашанцавала вырвацца жывымі. Яны віталі чырвонаармейцаў i дзякавалі за вызваленне горада.

Камандзіры акружылі Хатаевіча.

— Ну, як там у Маскве?

— Што гаварыў на з'ездзе таварыш Ленін?

Ён коратка адказаў на пытанні. Потым горача i ўсхвалявана загаварыў:

— Стракапытаўскі мяцеж — не выпадковы бунт былых царскіх афіцэраў. Гэта толькі адно звяно ў ланцугу вялікай варожай змовы. Мяцяжы i пагромы па загаду контррэвалюцыйнага цэнтра адначасова пачаліся ў розных мясцінах краіны. Па суседству з намі, у Барзнянскім павеце Чарнігаўскай губерні, разгарэлася кулацкае паўстанне. Яго паднялі зсэры, a бандамі камандуе царскі палкоўнік Сякіра. Наш рэвалюцыйны абавязак дапамагчы чарнігаўскім таварышам ліквідаваць кулацка-эсэраўекае паўстанне. Вы стомлены баяMi з мяцежнікамі. Але час не чакае. Жыццё барзнянскіх камуніетаў, рабочых i сялян у небяспецы. Бандыты паляць вёскі, расстрэльваюць бальшавікоў i вясковых актывістаў.

Салавей падняў руку i зычна скамандаваў:

— Бабруйскі батальён i прыдадзеныя да яго атрады, па вагонах!

Праз гадзіну цягнік з чырвоным сцягам на паравозе адыходзіў на Бахмач.

13.

Лясы адбягалі далей i далей. Яны здаваліся блакітнымі рысачкамі паміж звільжэлаю зямлёй i шэрым небам. Недзе далека пры палявых дарогах тырчалі адзінокія таполі, мільгалі хутаркі i доўгія сёлы з беленькімі цэркаўкамі.

Усё часцей за вокнамі ў павуцінні голых садкоў праплывалі мазанкі пад чарацянымі стрэхамі, у ярах паблісквалі азярынкі веснавое вады. Пачыналіся зацягнутыя сіняватай смугою стэпы. Там-сям, нібы купкі снегу, бялелі чароды гусей, каля самай чыгункі спутаныя коні грызлі сухое бадылле леташніх траў. Стэпы дыхалі гаркавата-п'яным чадам вясны i вільгаццю набрынялай зямлі. Прасторы павольна плылі, як вялікая карусель, мяняючы колеры i краявіды. Часам прабівалася сонца, i ў вокны вагона ўрываліся шырокія снапы пыльнага святла, падсіненага воблачкамі тытунёвага дыму.