Выбрать главу

— А Борзна адсюль далека? — пацікавіўся Салавей.

— Хіба ж вы не тутэйшыя?

— З Канатопа,— адказаў Тараевіч — Бежанцы мы.

— Можа, у шайку хочатэ? Там всіх бэруць. Погуляетэ, докі головы не паскручуюць. А до Борзны верстыв з дэсять будэ, нэ більш. Ідыць, як хочатэ.

Хлопцы падзякавалі за параду, развіталіся з кабетаю i пайшлі назад уздоўж састава. На ix ніхто не зважаў. Абышлі загшошаны, зарыганы вакзал. На лаўках спала некалькі «казакоў». У кутку прымасціўся чубаты дзяцюк з пісягом праз усю шчаку. Прыхінуўшыся да яго, спала нейкая пакамечаная маладзіца.

Салавей пашкадаваў, што кінуў састаў у Макашыне. «Куркулёў» можна было перавязаць, як сонных куранят. А пакуль дабярэшся назад ды вернется сюды з чырвонаармейцамі, ачухаюцца i паспрабуюць агрызацца. Лішні клопат. Тэлеграфаваць адсюль нельга — невядома за каго начальнік станцыі. Ды i нідзе не відаць яго. Пэўна, зашыўся пад печ з перапуду. Значыць, трэба хутчэй вяртацца. Але як? На чым? Яны яшчэ пасланяліся па станцыі, пагаварылі з вартаўніком вадакачкі, наслухаліся ад яго розных жахаў, што робяцца ў Борзне i ў Шапавалаўцы.

Пад вечар на тормазе таварна-пасажырскага цягніка разведчыкі вярталіся назад.

У Макашыне да батальёна Салаўя далучыліся атрады магілёўскіх i смаленскіх курсантаў. У цяплушках стала цясней i весялей. Землякі i даўнія знаёмыя гаварылі пра баі ў Гомелі i каля Васілевіч, успаміналі сяброў, што загінулі каля «Савоя».

Дзяжурны папярэдзіў станцыю Доч, што адправіўся таварны цягнік на Бахмач. Ад Макашына да захопленай бандытамі станцыі нават на сырых дровах ехаць не болей як гадзіны паўтары. Салдаты разам з качагарамі шуравалі топку i ўсё часцей углядаліся ў вечаровы змрок. Здавалася, наўкол бязлюдная пустэльня, i толькі, як прывіды, праплываюць чорныя прыдарожныя елачкі.

Наперадзе мільгануў агеньчык семафора, пацішэў грукат, тузануліся вагоны, заляскалі буферы. У цяплушках не запальвалі газовак, каб здавалася, што ідзе сапраўдны таварны састаў.

У святле закуранага ліхтара паказалася постаць дзяжурнага, воддаль стаяла некалькі бандытаў з абрэзамі.

Калі састаў спыніўся, чырвонаармейцы пачалі выскокваць не на перон, а на другі бок цягніка. Нехта з бандыцкіх вартавых стрэліў, каб папярэдзіць сваіх. Дзяжурны патушыў ліхтар i папоўз пад вагон. Ён не адразу ўцяміў, што адбылося, i толькі, калі пачуў тупат соцень ног i кароткія загады камандзіраў, вылез з-пад вагона.

— Таварышы, ix там чалавек трыццаць,— калоцячыся, мармытаў ён,— не бойцеся, ix чалавек трыццаць. Толькі з абрэзамі.

З вагона прасакатаў кулямёт, грымнула «ўра», i чырвонаармейцы пачалі абкружаць будынак з павыбіванымі вокнамі. Бандыты сігалі праз платы, туляліся за пунямі, беглі куды каторы, каб толькі як-небудзь выскачыць у цёмнае поле. Чуліся выпадковыя несуладныя стрэлы i крыкі — п'яныя адразу працверазелі, рызыканты беглі, як зайцы...

Салавей загадаў дзяжурнаму запаліць у вакзале святло. Усе ўбачылі паламаныя лаўкі, лужыны на падлозе. Хоць i былі выбіты вокны, у зале трымаўся цяжкі агідны дух.

Чырвонаармейцы прывялі раснатланую кабету. Яна дыхала густым перагарам самагону, выцвілыя вочы глядзелі дзіка i палахліва. Салавей адразу пазнаў тую, што днём драмала на плячы бэйбуса з пісягом на шчацэ.

— Думалі, бандыт за студняю схаваўся, глядзім, аж баба,— расказвалі чырвонаармейцы камандзіру.

— А можа, казак у спадніцы. Давай праверым,— рагаталі хлопцы.

— Сказылыся, чы шчо? Одарка я. Ішла від сусідкі, аж чую стрыляюць i бэжуць онтоновці, я за колодзеж i схавалася.

— Куды ж уцёк твой ухажор з рассечанай мордаю? — спакойна запытаў Салавей. Адарка залыпала вачыма, шморгнула кірпатым носам, паспрабавала заплакаць.

— Він жа мэне, під ляворвертам сюды прывіў. Ссільнічаў пры всіх, а тэпэр уцік. У яр воны побіглы. Ловыть ix, скажэніх. На Борзну хочуць пробытыся.

Валаводзіцца з п'янаю бабай не было калі. Салавей пакінуў чалавек дзесяць канвойных, здаў ім Адарку, а сам з байцамі выскачыў за дзверы. Далека i зусім блізка чулася страляніна, заліваліся брэхам сабакі, хлюпала пад ботамі гразь.

Чырвонаармейцы абкружылі станцыю i вёску, два ўзводы пабеглі следам за бандытамі ў глыбокі яр.

Неба паружавела на ўсходзе, у парадзелым змроку паказаліся дрэвы, кусты i постаці салдат. Каля яра ляжала некалькі забітых бандытаў. Астатнія, прыціснутыя да ўзгорка, пакідалі абрэзы. Сярод ix быў i «казак» з пісягом праз усю шчаку.

Да Салаўя падбег камандзір узвода Пачуліс.

— Што будзем рабіць, таварыш камандзір?

— Вядзіце на станцыю i здайце канвою. Там гэтага «гайдамака» Адарка чакае.

— Бісава баба! — злосна працадзіў той i цвыркнуў праз зубы слінаю. Чырвонаармейцы звязалі бандытам рукі іхнімі ж папружкамі.