— Сярдзітая, халера, спірытус з панскага бровара.— Стары ўторкнуў на відэлец тоўстую празрыстую скварку i пачаў жагаць. Маці толькі прыгубіла чарку i выскачыла ў кухню.
— Дык што гэта будзе, скажы ты мне, Казічак? Як жыцьмем?
— А што? Жыцьмем, як жылі.
— Рэзрух нейкі пайшоў. Не разбярэш, што да чаго. Рудабельскія галадранцы плявузгаюць, што ўжо i Керанскага скінулі. Якія ж грошы цяпер будуць, скажы ты мне? Кацярынкі ляснулі, керанкамі хоць падатрыся, а я тыя i гэтыя берагу. Пойдуць, няпраўда, i яшчэ ў якой цане будуць.
— Керанскі Аляксандр Фёдаравіч праспаў Расію на царыцыных пярынах, i грошы яго можаце спусціць, пакуль не ўсе йедаюць. А цар-бацюшка яшчэ пакажа сябе. Генералы прыдушаць гэты цёмны зброд. Сілу збіраюць вялікую. I нам тут няма чаго драмаць у шапку.
Бацька падліваў у чаркі i не прапускаў ніводнага сынавага слова: ён то ўсё ведае. Ахвіцэр! Не раз, мабыць, у ахвіцэрскім сабраніі з генераламі разам сядзеў, чуў, што разумныя кажуць.
Маці тупала каля стала i не зводзіла з сына вачэй. Аж не верылася, што гэта той самы Казічак, што на залатуху хварэў i шчыглоў увосень лавіў на каноплях.
— Дзе ж цяпер наш пакутнічак цар-імператар з наследнікам, Аляксандраю Фёдараўнай ды з вялікімі княжнамі?.. Няўжо ж i праўда недзе бедненькі пакутуе ў цюрме?
— Гэта ўсё бальшавіцкія выдумкі, мама. Яго так схавалі, каб ніхто i не пазнаў, i пераправілі ў Францыю. Там ён жывы i здаровы. Як толькі раздушым бальшавіцкую нечысць, «калі ласка, ваша імператарская вялікасць, займайце прастол». От тады зажывём. А скуру з гэтых «таварышаў» на барабаны нацягваць будзем.
— Што ж ты зноў збіраешся нас пакінуць, Казічак? — спалохалася старая.
— Хіба тут няма гэтай погані? Ехаў ca мною ў поездзе Салаўёў сынок з нейкім рудабельскім зладзюгам. Наслухаўся я ix! От i будзем душыць, каб юшка пацякла. Вешаць свалату трэба. Гэты, пэўна, дзякрэцікаў бальшавіцкіх навёз. На чужую зямлю ласы. Тры аршыны ім адмераем i асінавы кол загонім.
— Твая праўда, сынок. Гэтыя рудабельскія зрэбнікі яшчэ ў японскую вайну бунтавалі. Зямлю панскую наважыліся дзяліць, дзве пуні ў двары спалілі. Ну ж i ўрэзалі тады ім казакі, i цяпер чухаюцца. А самых заядлых у Сібір пазаганялі, адкуль крумкач i касцей не прыняее. Дай ім толькі волю, дык яны з глоткі выдзеруць.
Выпілі яшчэ па кілішку, Казік прагна еў i хваліў паляндвіцу. Маці ўсё падсоўвала i падкладала яму тлусцейшыя кавалкі. Ён пацягнуўся да хрусту ў касцях, пахістваючыся ўстаў з-за стала.
— А цяпер спаць.
— Я ўжо табе паслала, сыночак, ідзі ў камору.
— Што я дома, нікому ні гу-гу. Калі хто бачыў, скажыце, на дзень прыязджаў i зноў у часць вярнуўся.
Шынель схавайце. А парабчука гэтага... Каб i смуроду яго тут не было!
Няроўна ступаючы, Казік пайшоў у камору, пакрактаў, сцягваючы хромавыя боты, i хутка захроп.
Андрэй Ермаліцкі нізка звесіў галаву, утаропіўся ў стальніцу i доўга яшчэ думаў пра ўсё, аб чым толькі што гаварылі з сынам. Пальцы нервова качалі маленькую галачку з хлеба.
Было чуваць, як шашаль точыць старую шафу.
3.
Здалёк убачыў Аляксандр дым над комінам бровара, верхавіны старых ліп у панскім садзе — усё тое самае, што бачыў сем гадоў назад, калі ішоў у Парычы на прызыў. Толькі раскусціўся пры дарозе ракітнік, падраслі хвойкі на пясчаным узгорку.
Дзень шэры i зябкі. Палі прыцярушыў лёгкі сняжок, толькі рудзеюць сцежка, пратаптаная клетачкамі лапцей, ды каляіны, поўныя каламутнай вады i тонкіх патрушчаных ільдзінак.
Вось i вялікі панскі сад. Апалае лісце пазграбана ў кучкі, на ix ляжыць зрэзанае сухое сучча. Відаць, збіраюцца паліць. Жалезная брама на чырвоных мураваных слупах замкнута, дарожка, што вядзе да панскага белага палаца, падмецена, у вокнах пакояў бялеюць фіранкі.
Выходзіць, тут нічога не змянілася: параконкі вязуць к бровару доўгія скрыні з бульбаю, ідуць парабкі, дурманіць востры пах гарачай брагі. Відаць, па-ранейшаму ўсім камандуе панскі ўпраўляючы. У яго цяпер новы гаспадар — зяць былога царскага камергера,— барон Урангель. Паны дрыжаць i туляюцца недзе ў віратлівым Петраградзе, а тут падразаюць сад, падмятаюць дарожкі. Мабыць, i не ведаюць рудабельцы, што ўлада цяпер належыць ім, што панская зямля, бровар i гэты палац ужо іхнія. «Добрую школу можна зрабіць у пакоях»,— падумалася Салаўю.
Калі мінулі грэбельку праз Нератоўку, хлопцы развіталіся з Цярэшкам i пайшлі вуліцаю, абсаджанай старымі парэпанымі вербамі. З вокан маленькіх хат пазіралі кабеты, спыняліся i доўга глядзелі салдатам услед дзеці. З веснічак выскачыла маладзіца ў падранай на плячы кофце, з закасанымі мокрымі рукавам!.