Выбрать главу

Часта ён памагаў i белаброваму Парчуку. Той лыпаў вачыма і, як пакрыўджанае дзіця, жаліўся:

— Праходу не даюць, таварыш камандзір. За вярсту крычаць: «Не муляюць?» Я ж не хацеў, таварыш... Аляксандр Раманавіч.

— Няхай смяюцца,— весела адказваў Салавей,— абы мы з табою былі абутыя.— I ён ляпаў па высокіх халявах сваіх ботаў.

Накапаўшыся за дзень, чырвонаармейцы ў адзежы спалі ў пунях, на гарышчах, на свежым сене. Камандзір кожную ноч хадзіў з байцамі ў разведку, правяраў дазоры, а на світанні ўжо быў на нагах. Разам з усімі сёрбаў з кацялка рэдзенькі прасяны крупнік, збіраў у далонь крошкі i асцюкі глёўкага аўсянага хлеба i сыпаў у рот.

Батальён умацоўваў подступы да горада. Салавей падвясельваў байцоў, а сам нудзіўся i кожны вечар хадзіў да камандзіра палка, азызлага i занадта ж спакойнага «ваенспеца».

— Мы ж не інвалідная каманда, каб длубацца ў зямлі. За дваццаць вёрст адсюль ідуць баі, а мы адлежваемся па свірнах. Не будзе загаду, здымемся самі,— настойваў Аляксандр Раманавіч.

Нарэшце зняўся ўвесь полк i заняў пазіцыю паміж Ракавам i Койданавам. У першую ж ноч каля Старога Сяла разам з разведчыкамі Салавей залёг у алешніку. Сярод балацінкі пакручаста бегла вузенькая крынічка. Па карце ён дазнаўся, што гэта Пціч. I адкуль толькі бярэцца? Здаецца, жменяю вычарпаеш, а яна сабе бяжыць, прабівае дарогу паміж карэнняў i гліны, праточвае каменні, шырэе i набіраецца сілы. Вунь якая яна шырокая ў Глуску i каля Рудабелкі! От так i яны, пачыналіся з ручаінкі, а цяпер ужо ніхто не спыніць. «Лепей не станавіся ўпоперак дарогі — змыем, каб i знаку не было!»

Роснае лісце казытала шыю, пахла скошанай травою, мокрым лугам, недзе кігікаў драч — ноч жыла сваімі пахамі i гукамі. A камандзір прыслухоўваўся да іншых гукаў, углядаўся ў цемрадзь, чуў, як білася сэрца, як дыхалі яго разведчыкі. Толькі ён хацеў падняцца на ўзгорак, як здалося, што на ім зашапацела жыта, глуха затупалі капыты, бразнулі цуглі. Салавей наструніўся, прыпаў да зямлі i ўгледзеў, як над жытам падняліся тры цьмяныя постаці, выплылі конскія галовы. Варухнуліся i яго байцы.

— Hi з месца,— шапнуў камандзір.

Коннікі асцярожна з'язджалі ў нізіну, дратуючы роснае жыта. «Не, гэта не начлежнікі,— пераканаўся Аляксандр,— за спінамі — карабіны, на галовах — рагатыя канфедэраткі. Ix трое, нас пяцёра».

Абкружыўшы белапольскіх разведчыкаў, чырвонаармейцы заляглі. Грымнуў залп. Адзін жаўнер знік у жыце, а конь, як ашалелы, памчаўся ў нізіну. Двое прыгнуліся i закруціліся на месцы. Яны хапаліся за карабіны, прышпорвалі коней, а тыя, аглушаныя неспадзеўнымі стрэламі, узвіваліся на дыбкі.

— Страляць ніжэй,— крыкнуў Салавей.

Конь асеў разам з седаком. Другі салдат зваліўся з сядла i папоўз па жыце. Чырвонаармейцы, расхінаючы пацяжэлыя мокрыя каласы, беглі да польскіх разведчыкаў. Падняўшы рукі ўгору, маладзенькі капрал паўтараў:

— Пан, стшэляць не тшэба.

— А чаго цябе нячыстая сюды прыгнала? — I Парчук замахнуўся прыкладам.

— Адставіць! — крыкнуў Салавей.— Лепш бяжы лавіць коней.

Забітага прывязалі да сядла, палонным звязалі рукі i павялі лугам у вёску.

...Праз два дні наблізіліся баі. Спачатку глуха гулі гарматы, недзе сакаталі кулямёты, а пад вечар з бярозавага гайка вылецела конніца. Як маланкі, бліскалі шаблі, пад капытамі гула зямля. Батальён Салаўя заняў толькі што выкапаныя акопы, напружана чакаў, каб наблізіліся коннікі. Калі ўбачылі запененыя конскія храпы i раменьчыкі пад уланскімі падбародкамі, грымнуў залп, затахкаў кулямёт. Узвіліся сытыя стаеннікі, праз галаву паляцеў адзін, другі, трэці жаўнер.

А з лесу імчаліся i імчаліся новыя эскадроны. З акопаў ляцелі гранаты, уздымаючы фантаны зямлі i дыму. Камандзіру ўжо не трэба было крычаць: «Агонь!» — чырвонаармейцы i без каманды стралялі суладна.

З бруствера ссунуўся прабіты навылет Парчук, у вузкай траншэі стагналі параненыя. Над акопамі прасвістаў адзін, потым другі снарад. Яны падалі i рваліся за вёскаю. Потым загарэлася пуня. Яе ніхто не тушыў. Усе Людзі сышлі ў лес.

Дзень i ноч грымеў бой. Радзелі чырвоныя батальёны. Параненых адпраўлялі ў Мінск, забітых хавалі ноччу каля дарог, на вясковых кладах i проста ў полі. Сёлы пераходзілі з рук у рукі па некалькі разоў на тыдзень.

Смаліла сонца, трэскаліся губы ад смагі, павекі апухалі ад бяссонніцы. Поле бою пакідаў толькі той, каго выносілі.

Байцы бачылі свайго камандзіра то за кулямётам, то ён ускокваў з гранатаю над брустверам, то першы бег у штыхавую атаку.

— Адчаянны,— гаварылі пра яго.— На той вайне два Ягорыі меў. За гэтую i чатырох мала.