— Салдацікі, a салдацікі, можа, дзе пра майго што чулі? Кавалевіч Амяллян завуць. От кінуў поўную хату дзяцей, i душыся тут з імі, а пра самога ні слуху Hi духу.
Салдаты спыніліся. Паглядзелі адзін на аднаго.
— Не, Параска, не чулі пра твайго Амялляна.
Жанчына пляснула рукамі.
— A божачкі, ці ж не Ляксандра Раманаў гэта. I Анупрэй, здэцца. Аво-о-ой! Дзякуваць богу, што хоць жывыя, з рукамі ды з нагамі вярнуліся. А мой ужо недзе, мабыць, зямельку парыць. Ой няшчасная мая галованька,— загаласіла так, як, відаць, галасіла часта, чакаючы i ўспамінаючы свайго Амялляна.— На пабыўку ці саўсім? — размазваючы слёзы, усхліпнула Параска.
— Адваяваліся, хопіць,— уздыхнуў Анупрэй.
— А стрэльбу нашто валачэш? Няўжо яшчэ не наняньчыўся з ёю?
— Прывык. Хай будзе, можа, яшчэ i спатрэбіцца,— усміхнуўся Аляксандр.
— Не плач, Параска, калі жывы, прыйдзе твой Амяллян.
— Каб жа даў бог! — I пабегла ў двор.
У канцы Карпілаўкі Анупрэй спыніўся.
— Мне сюды.— I працягнуў Аляксандру руку.
— Што, бальшавік, рабіць збіраешся? — спытаў Салавей.
— Што ўсе, тое i я. Савецкую ўласць рабіцьмем.
— A вінтоўку не ўзяў. Тут, брат, рэвалюцыю яшчэ толькі пачынаць трэба. Ты ж вельмі не прысыхай да бабы. Прыходзь у воласць. Збярэмся, падумаем, з чаго пачынаць.— Салавей паправіў на плячы вінтоўку i пайшоў, шастаючы апалым лісцем.
На валасным ганку ранейшай шыльды з двухгаловым арлом не было. На зашчытку, дзе яна вісела, відзён квадрат светлых дошак. Гэта ўжо спадабалася Аляксандру. Ён падняўся па прыступках i ўвайшоў у вялізную пустую зборню. У кутку на доўгай лаве сядзела старая жанчына i жавала кавалак падгарэлага скавародніка.
— Добры дзень, цётка!
— Эге ж, здароў, салдацік,— адказала яна.
— Хто тут цяпер правіць намі?
— А бог ix разбярэ, хто кім правіць. Нашы, селавыя, кажуць, сядзяць, Пракоп з Максімам Архіпавым. Калі тутэйшы, дык павінен ведаць.
— Гэта ж каторы Пракоп?
— Зубарэвіцкі, Малаковіча Дзяніса сынок. Там яны усе, у ix i пытай.— Яна паказала на дзверы, за якімі раней сядзелі пісары; адтуль чуваць былі прыглушаныя галасы.
Салавей шырока адчыніў дзверы, паставіў у кут вінтоўку, доўга ціснуў i трос рукі ўсім, хто быў у пакоі, паглядаў кожнаму ў вочы. А тут было чалавек шэсць. За канцылярскім сталом з ададранымі, пазакручванымі ўгору ражкамі зялёнага сукна сядзеў высокі, з бялявым віхарком на лбе Пракоп Малаковіч. З паперкаю ў правай руцэ побач стаяў чарнявы i тонкі Максім Ляўкоў.
— Сядай, расказвай, гаспадзін унцер, хто ты i што ты ёсць,— насупіў бровы Пракоп.— Ведалі цябе як добрага нашага гарапашніка, а цяпер не разбярэш, каго куды матанула.
— Зараз даложым.
Аляксандр расшпіліў заношаную салдацкую гімнасцёрку, запусціў руку глыбока за пазуху i доўга корпаўся, нешта дастаючы з патайнай кішэні. Потым важна выцягнуў пацёртыя картонныя корачкі i падаў Малаковічу.
Усе прысутныя сачылі за яго тварам. На Пракопавым ілбе разгладжваліся маршчынкі, шчокі паступова круглелі. Ён дачытаў да канца.
— Цяпер слухайце ўсе:
«Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!
Бабруйскі уком РСДРП(б). Мандат. Таварыш Салавей А. Р., член партыі бальшавікоў, накіроўваецца ў Рудабельскую воласць для стварэння валрэўкома, арганізацыі савецкіх органаў i правядзення палітыкі Камуністычнай партыі бальшавікоў.
Старшыня укома., Сакратар»
Распісваюцца так, што не разбярэш. Але пячатка стаіць.
— А ты яго гаспадзінам унцерам аблаяў,— засмяяўся Ляўкоў.
— Гэта не ўсё,— падняўся з лаўкі Салавей. Ён скійуў з пляча мяшэчак, доўга развязваў лямкі. Выцягнуў скрутак, загорнуты ў наперу. Малаковіч зубамі разарваў суравую нітку i на стале разгарнуў доўгае чырвонае палотнішча.
Дзядок у аблавухай заечай шанцы, што моўчкі сядзеў у кутку, хіхікнуў:
— Хвацкая спадніца будзе Пракопісе.
— Не плявузгай, дзед, абы-чаго,—узлаваўся Малаковіч.— Цяпер у нас ёсць свой савецкі сцяг.— Ён разгладзіў вялікай далонню палотнішча.— Заўтра от такой парою збярэм усё вобчаства на сход. Трэба загадаць па сёлах, каб прыходзілі.
— Кавалёўскіх я прывяду,— сказаў Максім.
Збянтэжаны дзядок паабяцаў наказаць руднянскім, астатнія мужчыны ўзяліся загадаць у Карпілаўцы, Лаўстыках i Смузе.
— Цяпер расказвай, што добрага чуваць на свеце,— папрасіў Малаковіч.
— Трэба ж неяк да сваіх дабрацца. Кажуць, яны недзе ў Харомным асталяваліся. A заўтра раніцай прыйду, тады i пагаворым.
4.
З раніцы трохі адпусціла. Памякчэла зямля, раставаў першы кволы сняжок, толькі там-сям бялелі разоры i прыдарожныя канавы, з голых кустоў i прысадаў креплямі зрывалася расталая наледзь. Паміж нізкіх калматых хмар часам прабівалася сонца i хавалася зноў.