Легіянеры насядалі i насядалі. Адкуль столькі бралася ix, укормленых, апранутых, як на парад, з гарматамі, кулямётамі, з новенькімі карабінамі i доўгімі блішчастымі палашамі?
— Адкуль? Паўсвета ix корміць i адзяе. Прыдушыць нас хоча Антанта. Але мы жывучыя,— тлумачыў чырвонаармейцам Салавей. Ён прыдумляў хітрыя засады i манёўры, але пасля кожнага бою людзей станавілася меней i меней. А тут яшчэ камандзір палка захварэў на тыфус. Яго адвезлі ў шпіталь. Сабраліся ротныя i батальённыя i, доўга не думаючы, выбралі камандзірам Аляксандра Раманавіча.
Увесь ліпень чырвонаармейцы наступалі i адступалі. Ужо капалі акопы i магілы на ўскраінах горада. Учарнелі, паабдзіраліся байцы i камандзіры — не ведаючы, i не пазнаеш, дзе каторы,— агаладалі, абвашывелі. Закарэлыя чорныя бінты спаўзалі на вочы, i не было калі ix перавязаць.
З Мінска ўжо выехаў штаб Заходняга фронту, за ім ад'язджалі ў Смаленск розныя ўстановы i канцылярыі, па дарогах на Ігумен i на Пухавічы ўцякалі бежанцы. Апусцелы горад быў закіданы абгарэлай папераю, зляжалаю ў матрацах саломаю i смеццем. Усё часцей i гусцей біла па Мінску артылерыя.
На ўскраінах загараліся драўляныя домікі. Узнімаліся слупы чорнага дыму. Над горадам стаяў гул, падобны на пахавальны плач.
Дзесяты Мінскі полк, якім камандаваў Салавей, стрымліваў пілсудчыкаў на Лагойскім тракце, біўся каля татарскіх агародаў i паступова адыходзіў на Козырава. Камандзір учарнеў i выпетраў, з кожным днём рабіўся больш рашучы i злосны.
— Запамінайце дарогу,— гаварыў ён ,— па ёй нам наступаць.
А пакуль што сілы былі няроўныя. Трэба берагчы кожнага салдата i кожны патрон, каб не пусціць пілсудчыкаў далей, каб сыны вярнуліся да мацярок, мужы — да жонак, бацькі — да дзяцей.
Салавей ведаў, як цяжка траціць блізкіх, шкадаваў кожнага байца, як роднага брата. Ён разумеў, што Мінск ім ужо не ўтрымаць, але i нельга ворага пускаць далей. Эх, каб сюды сотні са дзве рудабельцаў, пушак ды снарадаў хоць трохі, яны б ворагу паказалі, куды яму бегчы.
Баі ўжо ішлі на вуліцах. Легіянеры занялі вакзал i выйшлі на ўскраіну. Салавей адвёў рэшткі палка ў защитны гай каля Лапіч. Полк перадаў свайму земляку i другу Сцяпану Жынко, а сам ушчаміўся на нейкую платформу з рэйкамі i паехаў у Асіповічы. Ён спадзяваўся папоўніць батальён камсамольцамі.
Але гарадок быў амаль пусты: там-сям сноўдаліся бабулькі ды сівенькія дзядкі, з-за веснічак паглядалі прыцішаныя дзеці. У ваенкамаце чалавек з дзеравяшкаю замест нагі пхаў паперы ў вялікі мех з-пад солі.
— Нічым памагчы не магу. Каго мог, адправіў,—адказаў ён.— Загадана ўсё адвезці ў Бабруйск.
На дзвярах валаснога камітэта камсамола вісеў кавалак фанеры з размытым хімічным надпісам: «Усе пайшлі на фронт».
У полк Салавей вяртаўся адзін. Імжыў цёплы дожджык, шапацелі даспелыя аўсы, а недзе на захадзе вуркатаў гром. Прыслухаўся. Не, не гром — біла артылерыя.
4.
Жыта даспела рана: толькі налілося i адразу запалавела, пайшло гайдацца сівымі хвалямі. У нізінах пацяжэла, сагнулася, а на буі ды на пясочку тырчалі каласы, як тыя макаўкі. Камунары завіхаліся на жніве. Павыцягвалі панскія жняяркі, прыладзілі да косграбелькі i з ранішняй расою клалі напрост супольна пасеянае жыта. У камуну папісаліся спрадвечныя панскія парабкі. Заводзіць сваю гаспадарку ніяк не выпадала, не было за што рукі зачапіць: ні кала ні двара, ні ступы ні таўкача. А тут усё на месцы: i коні, i плугі, i жняяркі асталіся. Жні i звозь у свіран — усё агульнае, усё наша.
На мураваным шуле вісеў «Дэкрэт аб арганізацыі савецкіх гаспадарак». Ён абавязваў усе арганізацыі «аказваць садзеянне i дапамогу сельскагаспадарчым вытворчым камунам, таварыствам i суполкам, якія перайшлі да сумеснай апрацоўкі зямлі, працоўным арцелям i іншым аб'яднанням». Дэкрэт падпісалі старшыня Савета народных камісараў У. Ульянаў (Ленін), кіраўнік спраў Саўнаркома У. Бонч-Бруевіч, сакратар Саўнаркома Л. Фоціева 15 лютага 1919 года.
Рудабельскія камунары ведалі на памяць гэты дэкрэт: сам Ленін загадваў памагаць ім. Калі што трэба было, ішлі ў рэўком да Максіма Уса, i ён пад распіску з панскіх пакояў выдаваў камунарскай сталоўцы буфеты, крэслы, сталы, талеркі i лыжкі. Абедалі ўсе разам, з дзецьмі, з жонкамі. Здавалася, сабралася адна вялікая сям'я, вясёлая i працавітая. У «панскіх» талерках з пазалочанымі беражкамі боўталася сівенькая зацірка, грудкамі ляжала прасяная каша з гарбузом, у блакітныя кубачкі кухар разліваў густое халоднае малако.
— Што гэта за мерка ў цябе? — абураўся Цярэшка.— Поп на прычасці i то болей дае.