Выбрать главу

— Можа, пан Цярэшка загадае падаць смажанага рабчыка, цвібель-клопс i шампанскае,— пацешна схіляўся перад ім колішні панскі падкухцік.

— Жары тых клопаў сам, а чалавека накармі, каб гэтая злыбяда не боўталася ў чэраве, бы ў пустой біклазе.

— От каб дзед так у работу ўлягаў, як каля місы,—уставіла Параска.

— А хто ж пад бабкаю будзе лапці сушыць?

Усе весела смяяліся, а дзед тупаў на сваё месца, не перастаючы бурчаць.

Потым камунары ўставалі з-за сталоў i гаманкой талакою ішлі ў поле. Дзеці круцілі перавяслы, кабеты вязалі снапы, Цярэшка спрытна складаў ix на воз. Рыпелі колы на палявых дарогах, раслі тарпы ў доўгім свірне, на таку гула конная малатарня, i спорным дажджом сыпалася цёплае зерне. Жанчыны, завязаўшыся да самых вачэй хусткамі, адкідалі салому i адграбалі збожжа.

У свіран прыйшоў Максім Ус. Ён быў загадчыкам прадуктовага аддзела рэўкома i цэлымі днямі ездзіў па былых маёнтках, засценках i хутарах рэквізаваць муку, крупы i сала для Чырвонай Арміі. Сам адвозіў у Ратміравічы i ў Бабруйск, здаваў каптэнармусам часцей, a ў рэўком прывозіў так-сяк накрэмзаныя распіскі.

— Максім занудзіўся без работы,— жартавала Параска.— Можа, хоча ў прывод падпрэгчыся, а то Буланы прыстаў.

— Ці не па табе, удавіца, ён сохне, што прыляцеў сюды,— намагаўся перакрычаць малатарню Мікіта Падута.

Максім толькі ўсміхнуўся i падміргнуў Парасцы, ссунуў на патыліцу вайсковую шапку з цёмнымі плямамі поту, насупіў густыя бровы, аж вочы зрабіліся вузенькія, бы шчылінкі.

— Зараз жа трэба арфаваць i хутчэй везці ў Бабруйск. Чырвоная Армія б'ецца з легіянерамі, а хлеба няма.

— Няўжо да Бабруйска дапяла гэтая зграя? — спалохана спытала Параска.

— Бабруйск пакуль што наш, от ён i просіць есці.— I Максім падаў ІІарасцы паперку.— Бярыся, таварыш камбед, спаўняць загад рэўкома. А прыйдзе старшыня, аддасі яму гэтую цыдулку.

Параска адышлася ўбок, паклікала свайго Васілька, каб пачытаў. На вялікай сіняй паперцы было напісана:

«Камуністычная партыя (бальшавікоў). Рудабельскі валасны камітэт.

8 жніўня 1919 года.

Старшыні камуны ў маёнтку Рудабелка.

Валасны рэўком прапануе вам адпусціць i даставіць у горад Бабруйск не пазней 10 жніўня 50 пудоў жыта, 20 пудоў мукі, З пуды солі для вайсковых часцей Чырвонай Арміі.

Падстава: адносіна Бабруйскага аддзела забеспячэння ад З жніўня 1919 года № 1451.

Старшыня рэўкома М. Ляўкоў,

Заг. аддзела харчавання М. Ус».

Параска пастаяла з хвіліну, зняла хустку, выбіла з яе пыл, падвязала «бабачкаю» i шпарка пабегла па дварах.

— Бабанькі, памажыце трохі пакруціць арфу, жыта конча трэба,— прасіла яна кожную, з кім сустракалася.

— Нашто яно табе так спатрэбілася? — пыталіся кабеты і, пачуўшы Парасчын адказ, ішлі да свірна i да поўначы арфавалі збожжа для «бедных салдацікаў».

Параска круціла корбу, засыпала ў кош, адцягвала поўныя мяхі, а з галавы не выходзіў Аляксандр. «Як ён там? Ці жывы хаця? Пабачыць толькі, i то лягчэй было б. Можа, i яму перападзе луста нашага хлеба. Хай бы хоць успомніў, падумаў. От сказаў бы толькі слова, у вір пайшла б за ім. Але дзе там! Хіба такі скажа?» Яна задумвалася i ўжо не бачыла ні мяхоў, ні кучы жыта, не чула, як тарахціць арфа i гудзе малатарня.

Ноччу мужчыны на чатырох фурманках павезлі «салдацкі паёк» у Бабруйск.

Пад самым горадам ішлі баі, Бабахалі гарматы, за Бярозаю гарэлі сёлы, па вуліцах везлі параненых чырвонаармейцаў. Салаўя ў горадзе рудабельцы ўжо не знайшлі. Казалі, ён разам з ваенкаматам выехаў недзе аж пад Смаленск фарміраваць новыя часці. Вяртаючыся дадому, падводчыкі яшчэ доўга чулі гул бою, бачылі злавесна-барвовае зарыва на небасхіле. Хутчэй паганялі коней, каб адарвацца ад вайны, каб не чуць яе грукату, не бачыць полымя пажараў. Але хіба ж уцячэш. калі яна коціцца следам? Няўжо дапрэ i ў ix лясны край? Зноў прыйдзецца брацца за стрэльбы, бараніць адваяваную зямлю, i так ужо густа палітую крывёю.

Прыехаўшы дадому, падводчыкі пра ўсё расказалі Максіму Ляўкову. Той моўчкі слухаў горкія навіны i адразу ўвечары сабраў камуністаў i членаў рэўкома, камбедаўцаў i былых партызан. Прамова яго была кароткая i простая. Ён гаварыў, што ўзброеныя Антантай банды Пілсудскага занялі Мінск i падышлі да Бярэзіны. У баі пад Бабруйскам снарадам забіла нашага земляка, камандзіра батальёна Сцяпана Жынко. Пачуўшы гэта, стары Цярэшка, не здымаючы шапкі, перахрысціўся: « Царства яму нябеснае».

— У нябеснае царства, дзед, вароты шырокія, а за зямное яшчэ біцца трэба,— сказаў Максім Ус.

— Усё ты мяне падсякаеш, як таго печкура на верхаводцы. Біцца дык біцца, каб ix паралюш разбіў. Чаго ім, злыдням, тут трэба?