Словам, хатняя атмасфера для будучых вучоных Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў як нельга лепш адпавядала выхаванню ў іх пачуцця павагі да скарбаў агульначалавечай культуры. Не ўсё ў іх тут было толькі беларускае, мясцовае. Наадварот, у гаспадароў Лагойскага графства, як і ў іншых арыстакратычных сем'ях, за гонар лічылася мець у хатняй галерэі нешта экзатычнае, прывезенае здалёку, каб здзівіць гасцей.
Паводле слоў пісьменніка і краязнаўца П. Шпілеўскага, у Лагойску мелася дзвесце карцін італьянскага жывапісу. У хатняй калекцыі знаходзіўся вялікі збор этрускіх вазаў, рэдкіх знаходак з Пампеі і Геркуланума. Захоўвалася тут багатая калекцыя ў 1140 адзінак манет і медалёў. Як пісаў той жа Шпілеўскі, гонарам сямейнага музея з'яўляліся два мініяцюрныя партрэты легендарнага караля Стэфана Баторыя{1}. Былі тут і старадаўнія рукапісы, гістарычныя карты, на якіх можна было адшукаць Барысаўшчыну і Меншчыну са старажытным Лагойскам. У тышкевічаўскім палацы як сяменная рэліквія ганаровае месца займаў крыж, падараваны ў 1514 годзе вялікім князем літоўскім Жыгімонтам II Старым касцёлу ў мястэчку Гайна. У анфіладах хатняй экспазіцыі дэманстравалі Тышкевічы сваім гасцям падарункі і іншых знакамітых асоб даўняй беларускай дзяржавы, асабліва тых, хто воляй лёсу апынуўся ў Лагойску.
Акрамя гэтага госці маглі пабачыць старадаўнія кальчугі, латы, шчыты, бердышы, коп'і, мячы{2}. Сярод экспанатаў музея ў Лагойску немалое месца займала амуніцыя, якой карысталіся ў часе вайны 1812 года. З пашанай тут прымалі Плятараў, Ржэвускіх, Слізеняў, Дадэркаў, Кастравіцкіх, Ходзькаў, Прушынскіх, Яленскіх…
Маці Кастуся і Яўстаха Тышкевічаў памерла на 48-м годзе жыцця, у 1834 годзе. Зноў заўдавеў іх яшчэ моцны здароўем бацька, але больш не жаніўся. Невысокі, у даўгаватым жупане, заўсёды рухавы, гаваркі, з сівымі валасамі, што так упарта тырчалі на галаве вакол вялікай лысіны, ён чымсьці нагадваў старасвецкага манаха-кніжніка. Стары граф на схіле гадоў усё часцей садзіўся за рабочы стол, каб не ўпусціць чаго і весці працяг сямейнай хронікі. Дапамагаў сваім сынам у археалагічных раскопках, не раз быў саўдзельнікам добрых пачынанняў Кастуся і Яўстаха, асабліва калі старэйшы сын заклаў фабрыку льняных і баваўняных вырабаў. Бацька ж адразу адабраў для экспазіцыі першыя вытканыя паясы, сурвэткі, абрусы, ручнікі. Гэта быў 1837 год. Сваім падзвіжніцтвам, энергіяй і, галоўнае, умельствам патрыярх двара пакараў многіх. І вось выпадак, якога не ведала гісторыя Беларусі, - у стогадовым узросце П. Тышкевіч выбіраецца ганаровым сябрам Віленскай археалагічнай камісіі. Гэта было прызнанне заслуг і падзяка за ўсе старанні на доўгім шляху жыцця.
Ніколі не страціцца і не забудзецца імя яго сына, знакамітага археолага, этнографа, краязнаўца і фалькларыста Яўстаха Тышкевіча, які нарадзіўся ў Лагойску 6 (18) красавіка 1814 года.
Маленства будучага даследчыка беларускіх старажытнасцей прайшло ў цэнтры колішняга ўдзельнага княства. Бадай што кожная эпоха пакідала на гістарычнай памяці Лагойска свае зарубкі, і гэта вельмі захапляла малалетняга Яўсташку і крыху старэйшага яго брата Кастуся. Пра многае яны чулі з вуснаў свайго бацькі, на той час ці не галоўнага захавальніка мясцовай спадчыны. Расказы бацькі былі і першай школай гістарычнага выхавання. Сыны задавалі яму пытанні пра высокія земляныя валы, што па перыметры акаймоўвалі графскі двор.
…Вочы хлопца выхапілі сярод звычайных узвышшаў чароўныя ўзгоркі круглявай формы, калі ехаў з бацькам у Красны Двор.
— Што гэта?
— Курганы.
— Для чаго яны?
— Там людзі пахаваныя.
— Чаму не ў звычайных магілах?..
Пытанні, пытанні, пытанні… Не на ўсе і бацька мог адказаць, але пазней ён сам на іх знойдзе адказы, праяўляючы пры гэтым зайздросную настойлівасць. А пакуль што малы Яўсташка вучыўся ў Лагойску. Сябраваў са сваімі сялянскімі аднагодкамі, і дарога ад бацькавага палаца да хаты тутэйшага мужыка была для яго адкрытай. З гэтымі хлапчукамі ён не раз узнімаўся на Паненскую гару, адкуль добра праглядваюцца далёкія ваколіцы Лагойска. Найвесялейшым святам для хлопцаў было Купалле. Яго абрады нараджалі новыя пытанні. Чароўная Гайна з начнымі рытуальнымі вогнішчамі, з песнямі, скокамі, легендамі і паданнямі навучыла любіць і паважаць любы край, светлых розумам людзей, галасістых пяюх. Спакваля адбывалася духоўнае фармаванне будучых дзеячаў беларускай навукі.