Пасля пачатковай адукацыі Яўстах Тышкевіч у 1824 годзе адправіўся вучыцца ў гімназію ў Вільню, бліжэй да славутага ўніверсітэта. Трапіўшы ў сцены тутэйшых навучальных устаноў і на гулкія вуліцы старасвецкага эўрапейскага горада з вялікімі культурнымі традыцыямі, кожны тут нібы сталеў, набіраўся інтэлектуальнай культуры. Асаблівую патрэбу жыць і вучыцца ў гістарычнай Вільні мела моладзь, у якой былі задаткі да самавыяўлення. Тут сцвердзілі сябе ў навуцы і літаратуры такія дзеці зямлі беларускай, як Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Адам Сузін… На жаль, у 1824 годзе іх ужо ў Вільні не было. Іх адправілі ў глыб Расеі, за тысячы вёрстаў ад дому, але як легенда жыла сярод моладзі памяць пра разагнанае ўладамі таварыства філаматаў і філарэтаў. Яго дух чараваў душы малодшых спадкаемцаў. Успаміналі, як філарэты збіраліся за горадам, спявалі беларускія песні, дэкламавалі вершы. У Вільні над юнаком з Лагойска апекаваўся, напэўна па пратэкцыі бацькоў, прафесар універсітэта Ян Вашкевіч. Рабіў уплыў на яго і прафесар гісторыі Казімір Асмольскі ды іншыя дасведчаныя людзі. Праз нейкі час Я. Тышкевіч спыняе вучобу ў Вільні і па невядомых нам прычынах пераводзіцца ў Менскую гімназію. І хоць сам Менск ніколі раней не быў цэнтрам навукі, але пра мясцовую гімназію гаварылі і пісалі з павагай як пра асяродак перадавой грамадска-дэмакратычнай думкі. Закончыў ён гэтую навучальную ўстанову ў 1831 годзе.
Людзі высокага стану, да якога належаў Я. Тышкевіч, звычайна працягвалі вучобу ва ўніверсітэтах. Праўда, прэстыжны для беларускай моладзі Віленскі ўніверсітэт быў зачынены, а таму многія юнакі кіраваліся ў Іншыя цэнтры навукі. Яўстах паехаў у Пецярбург. Але па невядомай нам прычыне ва ўніверсітэт не пайшоў і, кажучы словамі беларускага паэта Вінцэся Каратынскага, ён сам «уласнымі рукамі назапашваў вялікія скарбы гістарычнай навукі». Правінцыяла ўразіла высокая культура горада на Няве, не толькі яго архітэктура, але і тэатры, бібліятэкі, музеі, асабліва знакамітая кунсткамера.
Малады граф з Беларусі цэлыя дні праводзіў за чытаннем кніг у славутай імператарскай бібліятэцы. Ішло самастойнае «дабіранне» ведаў у гуманітарных навуках: гісторыі, археалогіі, філалогіі, фалькларыстыцы, этнаграфіі, літаратуры, філасофіі, мастацтвазнаўстве, археаграфіі. Ён чытаў працы К. О. Мюлера, М. М. Карамзіна, М. П. Пагодзіна, М.І.Надзеждзіна, М. В. Ламаносава. Жывой рэальнасцю былі для яго імёны, а магчыма, і галасы А.Міцкевіча, А. С. Пушкіна, М. В. Гогаля, П. А. Вяземскага, Я. Баршчэўскага.
9 снежня 1833 года Я. Тышкевіч пачынае службу ў даволі прэстыжнай установе Расейскай імперыі — ордэнскім капітуле, які падпарадкоўваўся толькі цару і сенату. Штат тут быў невялікі, і кожны супрацоўнік займаўся сваёй канкрэтнай справай. Вядома ж, наш зямляк займаў пасаду не першаступеннай важнасці, але ўсё ж працаваў сярод саноўных асоб. Пры яго ўдзеле афармляліся дакументы на ахрыманне царскіх узнагарод (Белага Арла і св. Станіслава), а таксама імператарскіх (св. Андрэя Первазваннага, св. Кацярыны, св. Аляксандра Неўскага, св. Георгія Пабеданосца, св. Уладзіміра і св. Ганны). Не больш двух гадоў правёў Я. Тышкевіч у гэтым аўтарытэтным ведамстве Расеі, затым апынуўся «па-за яго штатам»{3}.
Малады Тышкевіч з Пецярбурга едзе ў Вільню на месца новага прызначэння — у канцылярыю генерал-губернатарства. Скупыя архіўныя звесткі не раскрываюць сутнасці ягонага занятку на гэтай службе. Не паспеў ён як след тут абжыцца, як атрымлівае новае службовае прадпісанне і накіроўваецца ў Харкаў, дзе знаходзіцца ў свіце мясцовага генерал-губернатара. Выконвае пэўныя даручэнні і не раз выязджае ў Чарнігаў, Палтаву, Нежын, Канатоп, Любацін, Андрэеўцы. Даспадобы яму прыйшлася багатая бібліятэка Харкаўскага ўніверсітэта. Там Я. Тышкевіч правёў нямала шчаслівых гадзін за чытаннем даўніх фаліянтаў, прадаўжаў самаадукацыю, штудзіраваў літаратуру па старажытнай гісторыі. Паступова ён наладжваў сувязі з прафесурай, з мясцовымі навуковымі сіламі, асабліва ў галіне археалогіі.
Летам жа, як звычайна, Я. Тышкевіч адпраўляўся дамоў, каб весці раскопкі курганоў. А потым зноў вяртаўся ў Харкаў з новымі для сябе загадкамі археалагічных знаходак. Звяртаўся да гісторыкаў-старажытнікаў па кансультацыі, але належнага адказу не атрымліваў. Пісаў адэскім археолагам — іх тлумачэнні таксама не задавальнялі. Як і дагэтуль, яму заставалася задаваць пытанні сабе і самому на іх адказваць, арыентавацца на ўласны вопыт і на сваю інтуіцыю. Ён зноў садзіўся за кнігі. Я. Тышкевіч супастаўляе свае знаходкі з адпаведнымі матэрыяламі, выяўленымі пры раскопках у іншых месцах, і бачыць паміж імі істотную розніцу. Яго хатняя калекцыя знаходак паступова папаўняецца. Энтузіясту навукі хацелася глыбей заняцца гэтай праблемай, даць адказ на загадкі старонак гісторыі, прасачыць арэал аднатыпных помнікаў.