Бываючы дома, Я. Тышкевіч не прамінае магчымасці пайсці ў чарговую археалагічную разведку, а яшчэ пабываць на вясковых святах, пачуць песні, пабачыць танцы, паназіраць за паводзінамі сельскай моладзі. Не раз і сам ішоў у скокі, і атрымлівалася ў яго гэта вельмі хвацка, нават прыцягвала ўвагу мясцовых хлопцаў і дзяўчат. А на званых вечарах людзей свайго кола Яўстах, як і належыць графу, многіх зачароўваў элегантным выкананнем вальса, мазуркі — і мог тут жа пакарыць сваёй віртуознасцю, выконваючы народны танец, прадэманстраваць суладнасць рытмаў. Што ж, маладому веку маладыя захапленні. Вось толькі з жаніцьбай у яго так нічога і не выйшла. Выпала яму аднаму свой век векаваць.
Да 1840 года Я. Тышкевіч заставаўся ў штаце канцылярыі Харкаўскага генерал-губернатара. Іншых перамяшчэнняў па службе архіў не зафіксаваў. Ёсць толькі глухія звесткі, што ў адпаведнасці са сваімі штатнымі абавязкамі Яўстах не раз выязджаў у розныя гарады паўночна-ўсходняй Украіны. Дзеля адсутнасці архіўнай інфармацыі не ўсё мы ведаем пра гэты этап яго жыцця. Аднак жа вядома, што ён падае ў адстаўку і вяртаецца на Лагойшчыну. Не выключана, што маладога графа «падціскалі» і клопаты за свой маёнтак Антанопаль{4}.
У далейшым Я. Тышкевіч рэдка калі ўскладаў на сябе чыноўніцкія абавязкі. Паездзіўшы па свеце, ён яшчэ больш захапіўся навуковымі даследаваннямі, а таксама прывядзеннем у парадак хатніх калекцый, якія датычылі старажытнай гісторыі краю. Штолета Я. Тышкевіч праводзіць археалагічныя экспедыцыі. Разам з бацькам і старэйшым братам ён рупіўся, каб як найрацыянальней падаць у пакоях лагойскага палаца матэрыялы раскопак, а таксама асобных знаходак, дарункаў сяброў. Іх стараннямі стваралася арыгінальная экспазіцыя і спакваля вымалёўваўся вобраз сапраўднага музея, які па вартасці потым ацэньвалі самыя розныя госці, у тым ліку А.Кіркор, П. Шпілеўскі, І.Крашэўскі. Найбольшым святам для сямейства Тышкевічаў стаў 1842 год — год адкрыцця іх хатняга музея.
Я. Тышкевіч-краязнавец у сваіх даследчыцкіх пошуках пакуль што не выходзіў за межы Цэнтральнай Беларусі. Толькі цяпер зрэдку час ад часу ён наязджаў у Пецярбург, Маскву, Кіеў, Варшаву, Кракаў. Навуковыя кантакты пашыраліся, кола знаёмых расло. Вакол яго групуюцца такія краязнаўцы, як І.Жаба, І.Слізень, В. Твардоўскі, К. Тышынскі, М. Чарняўскі і іншыя.
Усё ж казённая служба пра Яўстаха «не забывалася». Праз нейкі час ён прапанаваў сваю кандыдатуру на пасаду ганаровага наглядчыка навучальні Барысаўскага павета і атрымаў згоду з боку апекуна Беларускай вучэбнай акругі{5}. Яму не хацелася лічыцца толькі на словах ганаровым куратарам, і далейшай практыкай ён даказаў сваю адданасць роднаму краю. Першым жэстам гуманнасці новага наглядчыка стала перадача ім у 1848 годзе пабудаванага на ўласныя сродкі памяшкання Барысаўскай павятовай навучальні{6}. Ён жа клапаціўся пра побыт педагогаў і выхаванцаў. Гэтая акцыя Я. Тышкевіча, напэўна, была заўважана і па заслугах ацэнена сучаснікамі. Ён быў абраны маршалкам[1] шляхты Барысаўскага павета. Паводле грамадскай апініі, прызначаецца куратарам Менскай гімназіі, над якой малады граф апекаваўся з 1848 да 1854 года. І тут ён стараўся палепшыць матэрыяльны стан вучняў і настаўнікаў.
Пераезд Я. Тышкевіча ў Менск адкрываў перад ім новыя перспектывы актыўнай навуковай дзейнасці, магчымасць папрацаваць у мясцовых архівах, заняцца іканаграфіяй, мастацтвам, а найперш археалогіяй.
Навуковая дзейнасць Я. Тышкевіча пачалася з захапленняў старажытнай гісторыяй. З аднаго боку, у бацькавай калекцыі ён бачыў рэдкія знаходкі, прывезеныя з іншых краін. Там ёсць, а чаму такіх не можа быць у нас пад Лагойскам, Менскам, Заслаўем, Барысавам, Вілейкай? Усё гэта падштурхоўвала брацца за даследаванне мясцовых помнікаў, якіх тады было безліч. Але амаль ніхто не вёў тут раскопак, нават незнарок нельга было разбураць курганы. Гэта лічылася святакрадствам. На такога чалавека слаліся праклёны, і ніхто не адважваўся ўзяць на сябе грэх «разбуральніка». На гэта адважыўся Я. Тышкевіч.