Першыя раскапаныя ў 1837 годзе маладым даследчыкам курганы ў ваколіцах Лагойска сталі пачаткам яго навуковых доследаў. Прыступіўшы да разгадкі таямніцы «капцоў», створаных рукамі чалавека ў старажытныя часы, пад высокімі насыпамі якіх ён хаваў сваіх суродзічаў, Я. Тышкевіч паспяшаўся са сцвярджэннем, што тут, у Барысаўскім павеце, жыў даволі багаты люд, паколькі ім былі выяўлены, на яго думку, рэдкія знаходкі. Але за такія высновы мы не павінны дакараць энтузіяста, бо ён ішоў да пазнання ісціны сваім шляхам, шляхам супастаўлення з аднатыпнымі знаходкамі на іншых тэрыторыях.
Шмат увагі і часу Я. Тышкевіч аддаваў археалогіі, нават тады, калі яго скоўвала і абцяжарвала казённая служба — яму кожны раз належала звяртацца да свайго начальства па дазвол заняцца любімай справай. У пачатку сваёй археалагічнай дзейнасці даследчык канцэнтраваў увагу на помніках толькі ў ваколіцах свайго ўладання. Пра гэта ён пісаў: «Пачаў капаць курганы ў 1837 годзе ў Лагойскім графстве, якія дагэтуль, хоць бы нават выпадкова, не былі разбураныя. Яны лічыліся па народнай традыцыі недатыкальнымі. Мусіў сялянам шчодра плаціць, каб узяліся капаць, і сам разам з імі капаў, каб хоць крыху ўзяць на сябе грэх».{7} Тышкевічавы памочнікі, перш чым узяць у рукі рыдлёўку, станавіліся на калені, маліліся за памерлых і толькі тады распачыналі раскопкі. Нават у працэсе работы, калі ўжо ўпалі векавыя хваіны, узнятая была слой за слоем зямляі і перад вачыма адкрыліся астанкі спаленага чалавека, а сам малады даследчык браў у рукі абрадавыя слязніцы[2], разглядаў пацеркі і іншыя ўпрыгожванні, сяляне зноў станавіліся на калені і «творили молитвы за упокой усопших».
Усе матэрыялы раскопак Я. Тышкевіч нёс і вёз у свой хатні музей, і яны станавіліся часткай немалога ўжо збору іхняй сям'і.
Калі Я. Тышкевічу споўнілася 23 гады, у друку з'явілася яго першае навуковае паведамленне пра раскопкі курганоў{8}. На гэтай апісальнай працы яшчэ ляжыць налёт некампетэнтнасці, нават крыху наіўнасці. Але першаму заўсёды цяжка, і без памылак і сумненняў ніхто не даходзіў да вяршыні навуковай дасканаласці. Тады ж, убачыўшы дарагія ўпрыгажэнні ў кургане, Я. Тышкевіч зрабіў выснову пра загадкавае племя на Лагойшчыне, якое даўно вымерла. Ён лічыў, што гэты «знатны род» ці не з Венецыяй быў звязаны, бо адкуль жа магло ў іх усё гэта брацца? Пазней археолаг будзе мець большы вопыт і амаль дакладна адкажа, якімі шляхамі і што сюды прыбывала, а што выраблялася на месцы.
Зараз з кожнай новай экспедыцыяй ён пранікаў у таямніцы маладой галіны ведаў, якой тады была археалогія не толькі ў Беларусі, але і ў эўрапейскім маштабе. Даследчык паступова стаў рабіць параўнанні з аналагічнымі знаходкамі ў суседніх землях, аналізаваць. Ён пільна сачыў за ўсімі навуковымі працамі, ды і сам не адставаў ад сучаснікаў у папулярызацыі археалогіі. Свае публікацыі падпісаў не толькі ўласным прозвішчам, але і псеўданімамі і крыптанімамі: «Meszkaniec lasów»; «Eust. hr. T.»; «E. T…cz»; «ch. T…». Пісаў ён пераважна па-польску, менш па-расейску, а па-беларуску — у асноўным пра фальклор. На жаль, Тышкевічам, як і многім беларусам, даводзілася пісаць па-польску. Такая была рэальнасць, можна сказаць, горкая іронія лёсу, вынік «адукацыйнай» палітыкі А. Чартарыйскага. Паступова да гэтай палітыкі паланізацыі «прывучылі» амаль усю беларускую інтэлігенцыю. Зрэшты, браты Тышкевічы называлі сябе «ліцьвінамі», маючы на ўвазе гістарычную прыналежнасць насельнікаў Беларусі да Вялікага Княства Літоўскага.
Менавіта дзякуючы пранікненню ў таямніцы старажытнай культуры беларусаў, як матэрыяльнай, так і духоўнай, Я. Тышкевіч пачаў рабіць параўнанні з адпаведнай культурай іх суседзяў. Гаворачы пра некаторыя супадзенні абрадаў, прывёў прыклад пакланення насельнікаў Летувы, латышоў і бліжэйшых славян аднаму і таму ж богу Перуну (Перкуну), а таксама вужакам, волатам-дрэвам. У тых і другіх пры пахаванні чалавека ставілі яму посуд і клалі поруч некаторыя прылады працы і быту. Тут і там яшчэ доўга трымаўся такі пахавальны абрад, як трупаспаленне. Ва ўжытку насельнікаў-суседзяў бытаваў і аналагічны інвентар працы. Вучоны бачыў падабенства, але ж ён не мог не заўважыць і пэўнай розніцы. Гэта былі самастойныя этнасы. Вядома ж, да такой высновы прыходзяць даследчыкі не адразу. Для гэтага спатрэбілася раскапаць цэлыя групы курганоў, прайсці пешшу сотні вёрстаў, каб скласці карту помнікаў археалогіі, напрыклад, цэлых рэгіёнаў Беларусі, каб потым мець малюнак засялення краю. Пры знаёмстве з паветам археолаг ставіў перад сабой задачу стварыць малюнак яго мясцовай этнаграфіі, тапанімікі, фальклору, лінгвістыкі, каб зрабіць параўнанні з аналагічнымі матэрыяламі народаў суседніх тэрыторый. Такім вось чынам нараджаўся зусім новы для таго часу параўнальна-тыпалагічны метад. Аб'ектамі для яго апрабацыі сталі, напрыклад, жаночыя пахаванні, дзе можна было назіраць пэўную суму прыкмет, характэрных для акрэсленай і іншых дастаткова вялікіх тэрыторый Беларусі.