У пахавальным інвентары археолаг вычленіў самае адметнае — формы і аздобы скроневых кольцаў. Якраз на такія ўласцівасці Я. Тышкевіч звярнуў увагу пры раскопках старажытных пахаванняў крывічанак. Імкнуўся потым акрэсліць арэал іх распаўсюджання, каб зрабіць вывады пра культуру даўніх насельнікаў.
Захоплены ідэяй вывучэння пахавальнага інвентару, Я. Тышкевіч амаль бесперапынна праводзіць экспедыцыі па Меншчыне, адпраўляецца на Заходнюю Дзвіну, Нёман, знаёміцца з адпаведнымі матэрыяламі на Палессі і Пасожжы. Але найбольшае месца ў яго навуковых даследаваннях займала Барысаўшчына і асабліва Лагойшчына. Яму тут дапамагалі бацька і брат Канстанцін.
Кожная праведзеная экспедыцыя, кожны вывучаны помнік давалі Я. Тышкевічу матэрыял не толькі для навуковай публікацыі, але і для лагойскага музея. Калекцыя разрасталася, ёй, па задуме братоў-археолагаў, належала вылучыцца і стварыць ілюстрацыйны «фон» жыцця і быту далёкіх продкаў. І хоць «афіцыйнае» адкрыццё хатняга музея, як звычайна, не праводзіцца, але па пісьмах Яўстаха і Канстанціна Тышкевічаў можна меркаваць, што іхняя экспазіцыя для наведвання гасцямі Лагойска ўжо была гатова к 1842 году. Займаў музей дзве ці тры залы палаца. Акрамя археалагічных знаходак тут былі калекцыі манет, гербаў, мастацкія палотны і інш. Як і ў многіх музеях, на пярэдні план у экспазіцыі выстаўляліся самыя «прэстыжныя» экспанаты, самыя пампезныя: зброя рыцара, інкунабулы, творы мастацтва, рэчы замежнага паходжання. Былі тут і прадметы, якія дарылі Тышкевічам госці. У розны час у Лагойску пабывалі Адам Плятар, Іосіф Крашэўскі, Павел Шпілеўскі, Канстанцін Тызенгаўз, Іосіф Жаба, Міхаіл Балінскі, Плацыд Янкоўскі і некаторыя іншыя.
У цэнтры ўвагі наведвальнікаў музея знаходзілася сямейная хроніка графаў Тышкевічаў. Стары Піус быў адным з галоўных «экскурсаводаў». Апрануты ў сурдут з байкі зялёнага колеру, у чырвоную камізэльку з кашміру, ён бойка вёў рэй на званых вечарах.
Акрамя Лагойска, роду Тышкевічаў належаў Астрашыцкі Гарадок. У мясцовым палацы таксама былі каштоўныя калекцыі, праўда, тут большая ўвага аддавалася мастацкай галерэі ды бібліятэцы, дзе захоўвалася нямала рарытэтаў. Да Лагойскага графства належаў Красны Бор, у ваколіцах якога Я. Тышкевіч адкрыў і раскапаў цэлае паселішча. Выяўленыя былі ўнікальныя па мастацкім выкананні прадметы з эмаллю, што самі па сабе склалі цэлую калекцыю. Дарэчы, зараз яны знаходзяцца ў Дзяржаўным археалагічным музеі ў Варшаве. У сталіцу Польшчы яны трапілі 25 кастрычніка 1919 года на пастаянна дзейную выстаўку «Захэнты», а затым іх перадалі ў Дзяржаўны народны музей{9}. Наведванне Краснага Бора для Яўстаха Тышкевіча было прыемным яшчэ і таму, што тут нейкі час жыў вядомы кампазітар і піяніст, педагог Фларыян Міладоўскі (1819–1889), музыкант рэдкага дару, які ствараў санаты, песні, мазуркі, паланезы, накцюрны. У Краснаборскім двары меўся камерны, ці, дакладней, хатні тэатр. На канцэрты не раз прыязджалі самі Тышкевічы і іншыя званыя госці.
Я. Тышкевіч шмат працаваў над разгадкай таямніц помнікаў старажытнасці краю і меў вялікую патрэбу ў кантактах з вучонымі Эўропы. Беларускі археолаг імкнуўся пазнаёміцца з метадамі даследаванняў замежных калег, яму хацелася праверыць сябе — ці тым шляхам ён ідзе. І ён наважыўся адправіцца ў паездку па краінах Паўночнай Эўропы. Я. Тышкевіч проста мроіў аб сустрэчы са спецыялістамі, чый навуковы вопыт быў значна большы ў параўнанні з ягоным. Да таго ж думкі беларускага мецэната займала ідэя стварэння паўнацэннага публічнага музея. І ён паехаў туды, дзе нараджаліся новыя навуковыя тэорыі, дзе ўжо працавалі музеі. Тышкевіч едзе ў краіны Скандынавіі. Там, як яму здаецца, старажытная культура бліжэйшая да культуры яго роднай «Русі Літоўскай».
У 1843 годзе Я. Тышкевіч накіроўваецца ў Швецыю праз Рэвель і Пецярбург. Пабываў ён у Хельсінкі, а потым у Стакгольме. Праграма знаходжання за мяжой у яго аказалася вельмі насычанай: працаваў у архівах і бібліятэках, шукаў даўнія крыніцы пісьменнасці, якія б давалі асвятленне старажытнай гісторыі роднага краю, знаёміўся ў музеях з прадметамі археалагічных знаходак. У Стакгольме яму трапіліся рукапісы па гісторыі сярэднявечнай Польшчы і Беларусі. Удалося выявіць творы графікі сваіх зем: лякоў, імёны якіх былі невядомыя. Ён склаў своеасаблівы рэестр знаходак. Малады следапыт навукі не раз сустракаўся з кампетэнтнымі спецыялістамі. Усё ж найбольшае ўражанне на яго зрабілі музеі, дзе цікавіўся ён сістэматызацыяй падачы матэрыялаў у экспазіцыі.