Назавеш яго, паганага, сваім родным братам, а яго цёмных братоў сваімі братамі. Адразу забудзеш пра сваю хату, пра сваіх блізкіх ды сваякоў. Штодзённыя клопаты не будуць турбаваць цябе, як раней. З гэтай хвіліны будзеш толькі шукаць чараў, варажыць ды тварыць чарадзействы, і несупынны шлях спазнання неспазнанага будзе кожнае імгненне клікаць цябе. Не зможаш гэтага голасу пазбыцца. І пойдзеш на гэты покліч, як бы ні хацеў застацца, пакінеш усё, чым жыў раней. І ніхто са смяротных ці несмяротных не зможа дапамагчы табе. Самому ж насмешкай здасца ўсё ранейшае жыццё.
Пашкадуй сваіх родных, не шукай агнёвых колаў у купальскую ноч. Не ўглядайся пільна ў купальскае неба. Адно чакай сустрэчы з купальскім дзядком. Мабыць, толькі ён і ведае, каго так настойліва цмокі шукаюць, чаго так пранізліва ўглядаюцца долу, якая неспатольная прага імі ўладае. Толькі ён не баіцца іх страшнага позірку.
Маўчала казка і пра тое, як прыйшоў купальскі дзядок на белую гару. Не спаліла яго сонца, утомленае дзённымі клопатамі. Адно спытала, ступаючы праменнем па гарачым пясочку:
— Навошта ты вярнуўся?
І адказаў той, каго ведала сонца:
— Не я вярнуўся, чарадзей вернецца. Свет мовіў сваё слова. Я толькі па-чалавечы спадзяюся, што не давядзецца шкадаваць пра гэта.
І тады адказала сонца:
— Раскрыйся, гара. Адпусці яго, вялікі Зніч. Вярніся, мудры і змрочны.
...А там, куды ніколі не сягае гарачы сонечны промень, цміў самотны
Зніч. Гарэла сіняе полымя, і ляцелі яго іскрынкамі жорсткія словы.
— Ты хацеў чараў, а з імі — веднасці, а з ёю — магутнасці і славы. Ты прагнуў раней неспазнанага. І ты назваў іх, у каго цаляе сваімі стрэламі грозны Пярун, сваімі братамі. І ты здрадзіў ім, сваім братам, якія цяпер навечна праклятыя шукаць цябе сярод людзей. Ты здраднік, чарадзей, вялікі здраднік, які няварты болей веры. Літасцівы да цябе Сварог, але ад мяне не чакай ні спагады, ні літасці.
— Я не чакаю, вялікі Зніч. Я толькі спадзяюся, што калі-небудзь ты стомішся мяне караць. Ты, старэйшы за самаго Сварога, павінен ведаць.
— О, я ведаю ўсё, — узвіваецца сінеча несмяротнага гневу. — Я ведаю, што думкі твае няспынна нясуцца да адной даліны, самотнейшай за маё падземнае валадарства. А там глыбокі зацішны яр. Хто плача над ім? Зусім не ты, чарадзей. Не ты, здраднік.
— Там плача Каліна. — пакаянна прамаўляе той, хто названы чарадзеем і здраднікам.
— Так, Каліна. Каліна і Явар, — не змаўкае пякучае вогнішча. — А ці памятаеш, ад чаго? Прыгожая дзяўчына і яе каханы ператварыліся ў маўклівыя дрэвы. Не ісці ім поруч, не ўсміхацца, не быць радаснымі. Адно вечна цягнуцца галінамі-рукамі. Вечна жаліцца свету. Гэта жорстка, чарадзей. Жорстка ператвараць іх у дрэвы толькі за тое, што яна выбрала не цябе.
— Я здрадзіў, Зніч. Здрадзіў старым багам. Ім, каго ты называеш маімі братамі. Я толькі хацеў застацца з ёю, Калінай. Назаўсёды быць разам.
— О так, яшчэ як здрадзіў. Цэлы свет не бачыў большай здрады. Ты, атрымаўшы такія магутныя чары ад старых багоў, вырашыў пайсці да новых. А калі дазнаўся, што не ты яе абраннік, то ўспомніў, ад чаго адрокся. І паклікаў старадаўнія чары, каб сталіся хлопец з дзяўчынаю Яварам ды Калінаю, каб ніколі не займелі шчасця. І пакараў цябе за гэта Сварог.
— Я хацеў застацца з ёю.
— Ты хацеў чараў, ты хацеў быць над светам. Ты хацеў сабе вялікіх братоў, якія не сумняваюцца ў табе, якія заўсёды з табою. І ты забыўся пра тое, што папросіць ад цябе свет. Нельга, назваўшы кагосьці братам, пра гэта забыцца. Пра брата свайго забыцца. Ты хацеў, каб яна, пабачыўшы тваю чарадзейную сілу, пайшла за табою. А яна таго не зрабіла. Нельга за гэта помсціць.
— Я не помсціў за гэта, Зніч. Я толькі не схацеў, каб прыйшоў канец нашаму каханню. Некалі счончыцца тваё валадарства нада мною, і вярнуся я ў свет. І тады адвернуцца мае чары, стане яна зноў дзяўчынаю. Спадзяюся, мы будзем разам. Каму як не табе ведаць, што такое кахаць і спадзявацца.
— Кахаць, спадзявацца, верыць, — глухім пошчакам ляціць у падзямеллі здзеклівы Знічаў смех. — Канешне ж, кахаць. У яе быў час падумаць, што значыць не адказаць на каханне веднага чарадзея. У яе было многа часу, пакуль мяняліся зімы і леты. Супакойся, чарадзей, за справы свае ты ніколі адсюль не выйдзеш. Ты, не памерлы і не жывы, цэлую вечнасць будзеш у маім валадарстве. І кожнае імгненне будзеш памятаць пра тых, каго пакінуў. Будзеш памятаць пра яе.