Выбрать главу

Маўчала казка і пра тое, як прыйшоў купальскі дзядок на белую гару. Не спаліла яго сонца, утомленае дзённымі клопатамі. Адно спытала, ступаючы праменнем па гарачым пясочку:

— Навошта ты вярнуўся?

І адказаў той, каго ведала сонца:

— Не я вярнуўся, чарадзей вернецца. Свет мовіў сваё слова. Я толькі па-чалавечы спадзяюся, што не давядзецца шкадаваць пра гэта.

І тады адказала сонца:

— Раскрыйся, гара. Адпусці яго, вялікі Зніч. Вярніся, мудры і змрочны.

...А там, куды ніколі не сягае гарачы сонечны промень, цміў самотны

Зніч. Гарэла сіняе полымя, і ляцелі яго іскрынкамі жорсткія словы.

— Ты хацеў чараў, а з імі — веднасці, а з ёю — магутнасці і славы. Ты прагнуў раней неспазнанага. І ты назваў іх, у каго цаляе сваімі стрэламі гроз­ны Пярун, сваімі братамі. І ты здрадзіў ім, сваім братам, якія цяпер навечна праклятыя шукаць цябе сярод людзей. Ты здраднік, чарадзей, вялікі здраднік, які няварты болей веры. Літасцівы да цябе Сварог, але ад мяне не чакай ні спагады, ні літасці.

— Я не чакаю, вялікі Зніч. Я толькі спадзяюся, што калі-небудзь ты стомішся мяне караць. Ты, старэйшы за самаго Сварога, павінен ведаць.

— О, я ведаю ўсё, — узвіваецца сінеча несмяротнага гневу. — Я ведаю, што думкі твае няспынна нясуцца да адной даліны, самотнейшай за маё падземнае валадарства. А там глыбокі зацішны яр. Хто плача над ім? Зусім не ты, чарадзей. Не ты, здраднік.

— Там плача Каліна. — пакаянна прамаўляе той, хто названы чарадзеем і здраднікам.

— Так, Каліна. Каліна і Явар, — не змаўкае пякучае вогнішча. — А ці памятаеш, ад чаго? Прыгожая дзяўчына і яе каханы ператварыліся ў маўклівыя дрэвы. Не ісці ім поруч, не ўсміхацца, не быць радаснымі. Адно вечна цягнуцца галінамі-рукамі. Вечна жаліцца свету. Гэта жорстка, чарадзей. Жорстка ператвараць іх у дрэвы толькі за тое, што яна выбрала не цябе.

— Я здрадзіў, Зніч. Здрадзіў старым багам. Ім, каго ты называеш маімі братамі. Я толькі хацеў застацца з ёю, Калінай. Назаўсёды быць разам.

— О так, яшчэ як здрадзіў. Цэлы свет не бачыў большай здрады. Ты, атрымаўшы такія магутныя чары ад старых багоў, вырашыў пайсці да новых. А калі дазнаўся, што не ты яе абраннік, то ўспомніў, ад чаго адрокся. І паклікаў старадаўнія чары, каб сталіся хлопец з дзяўчынаю Яварам ды Калінаю, каб ніколі не займелі шчасця. І пакараў цябе за гэта Сварог.

— Я хацеў застацца з ёю.

— Ты хацеў чараў, ты хацеў быць над светам. Ты хацеў сабе вялікіх братоў, якія не сумняваюцца ў табе, якія заўсёды з табою. І ты забыўся пра тое, што папросіць ад цябе свет. Нельга, назваўшы кагосьці братам, пра гэта забыцца. Пра брата свайго забыцца. Ты хацеў, каб яна, пабачыўшы тваю чарадзейную сілу, пайшла за табою. А яна таго не зрабіла. Нельга за гэта помсціць.

— Я не помсціў за гэта, Зніч. Я толькі не схацеў, каб прыйшоў канец нашаму каханню. Некалі счончыцца тваё валадарства нада мною, і вярнуся я ў свет. І тады адвернуцца мае чары, стане яна зноў дзяўчынаю. Спадзяюся, мы будзем разам. Каму як не табе ведаць, што такое кахаць і спадзявацца.

— Кахаць, спадзявацца, верыць, — глухім пошчакам ляціць у падзямеллі здзеклівы Знічаў смех. — Канешне ж, кахаць. У яе быў час падумаць, што значыць не адказаць на каханне веднага чарадзея. У яе было многа часу, пакуль мяняліся зімы і леты. Супакойся, чарадзей, за справы свае ты ніколі адсюль не выйдзеш. Ты, не памерлы і не жывы, цэлую вечнасць будзеш у маім валадарстве. І кожнае імгненне будзеш памятаць пра тых, каго пакінуў. Будзеш памятаць пра яе.

— Выйду, Зніч. Вечнасць хутка скончыцца. Я вярнуся ў вялікі свет.

І тады над светам праляцелі кароткія словы:

— Раскрыйся, гара. Адпусці яго, вялікі Зніч. Вярніся, мудры і змрочны.

Прагучалі словы і скончылася вечнасць. Не запыніў болей шляху гняўлівы Зніч.

Гарачыя промні хаваліся ў азёрных хвалях, што плылі вакол белай гары ціхім карагодам, нібы баяліся парушыць яе ўзнёслы спакой. Ля крутога ўзножжа ў светлых азёрных кроплях мігцелі белымі агніцамі лілеі, углядаліся адкрытымі вачыма ў бязважкую сінечу неба, што з прыцемкам усё ніжэй і ніжэй нахілялася да зямлі.

Як быццам бы і няма, і не было ніколі ў свеце цяжкіх далёкіх шляхоў, змагання і смерці. Быццам бы ніколі не нараджаліся маладыя багі, не сыходзіліся ў бязлітасным змаганні за гэты свет з ягонымі першатворцамі. Быццам бы ніколі не было яго, цёмнага чарадзея, смяротнага, якому было суджана вырашаць вялікі лёс. Нібы не тварыў ён чараў, не змагаўся і не паміраў.

Ноччу затрымцелі азёрныя хвалі. Гэта прыплылі русалкі да белай гары, заблукалі ў зорных водблісках і сталі шаптаць: «Мёртвы ды не мёртвы, жывы ды не жывы, ад цемры, ад святла, ад Агню, ад Вады клічу цябе, пачуй мае чары. Вярніся да сонца, да зорак, да дню, да начы. Абудзіся да радасці і да гора. Дзеля сяброў сваіх, дзеля ворагаў сваіх. Прачніся ад чараў пачатку і канца дзеля свайго вялікага выбару. Дзеля ворагаў сваіх, дзеля сяброў сваіх. Абудзіся да гора і да радасці. Вярніся да начы, да дня, да зорак, да сонца. Пачуй мае чары, клічу цябе ад Вады, ад Агню, ад святла, ад цемры, жывы ды не жывы, мёртвы ды не мёртвы», — гучалі словы самай моцнай веры.

— Кім я быў вечнасць назад? — спытаў чарадзей у русалак.

— Ты быў тым, хто мог дараваць і мог спадзявацца, — адказалі чарадзею русалкі. — Ты кахаў, чалавек. І ў твайго кахання была цэлая вечнасць.

Свяцілі вячыстыя зоры, самотна ўсміхаліся далёкай і мілай зямлі. Толькі не было сярод іх месіка-маладзічка. Падалі зорныя адбіткі ў ваду, маўчала зямля, нічога не прамаўляў свет. І тады падалося чарадзею, што гэтак маўкліва просяць зоркі і просіць зямля, каб вярнуў ён месік. Не, ён ніколі не верне месіка, бо цэлую вечнасць спадзяваўся на вызваленне.

— Мы вызвалілі цябе, — мовілі чарадзею русалкі. — Мы скралі месік, каб вярнуў цябе вялікі Сварог у гэты свет. Мы зрабілі так, як ты прасіў, і цяпер хочам той узнагароды, якую ты нам абяцаў.

А пакуль гаварылася так, паляцела над светам вялікае Сварогава слова: «Знайдзі маладзік, змрочны чарадзей. Знайдзі і вярні яго да нязгасных зорак. Шмат учыніў ты на зямлі, але толькі ты такое адужаеш. Ідзі ж, чарадзей, свет чакае вяртання месіка».