– Вы першыя, хто ў мяне пра Алену пытае. Хіба яе за мастачку прызналі?
– Алесь пра гэта больш ведае. Казаў, выставы ладзяць.
А як жа вы адна тут жывяце?
– Бач жа, выставы! Як бы яна парадавалася, гаротніца. А я не адна, не адна, унучачка. Мяне суседка даглядае, дапамагае. Дочкі ў горадзе, наведваюць часам, але ў іх свае справы, свае сем’і, навошта я ім перашкаджаць буду. То ты не сумуй, бо бачу, што вочкі мокранькія. Шкадуеш мяне? Кінь дурное.
Ліза ўсміхнулася і адкусіла яблык. І сапраўды, салодкі.
– Не знойдзе твой Алесь там нічога. Бо мода на маляваныя дываны яшчэ тады мінула, іх са сцен паздымалі ды хто ў мяхі, хто ў анучы перарабіў – нашто ж палатну прападаць. А ты сама чаго такая змарнелая? Пэўна, праца ў горадзе душыць. То ты давай да мяне, калі сваёй бабулі няма. У нас тут і лес, і возера. Толькі ў возеры русалкі, да Сёмухі купацца нельга. Вось і засмяялася!
Звонку пачуліся галасы – Ліза выйшла і ўбачыла, як Алесь тлумачыць нешта не старой яшчэ жанчыне.
– А вы ёй хто?
– Мы даследчыкі, з горада. Шукаем інфармацыю пра Алену Кіш.
– Ну, то даведку пакажыце якую, даследчыкі. А то кішміш, шмат хто валандаецца, зямля, бач, ім тут даспадобы. Не чапайце вы старога чалавека, не ездзіце больш.
На ганку з’явілася бабулька:
– Не турбуйся, Жанначка, яны сапраўды па памяць Алены прыехалі. Як тое адбывалася, цябе яшчэ на свеце не было.
– То я пазней зайду, занясу вячэру, – і жанчына знікла на сваім двары.
– Я ж кажу, суседка даглядае. Знайшлося што-небудзь?
– Пакуль не. Я б яшчэ параспытваў, але трэба ў горад вяртацца, спознімся на аўтобус. Ведаеце, калі што-небудзь узгадаеце, ці хто з вёскі ўзгадае, патэлефануйце мне, – дастаў візітоўку і перадаў бабульцы. – Ці няхай суседка патэлефануе, у каго тут у вас тэлефон ёсць. Ліза, паехалі?
Бабулька знянацку абняла Лізу, пацалавала ў шчаку і прашаптала:
– Ты прыязджай, адна прыязджай, адпачнеш тут. Не бянтэжся, не перашкодзіш.
І схавалася ў хату. Ціўкнуў айфон:
Наста: Ты дзе?
Ліза: Яшчэ ў той вёсцы, нічога не знайшлі
Наста: А што шукалі?
Ліза: Маляваныя дываны
Наста: Як наш?
Ліза зірнула на Алеся: той ішоў хутка, унурыўшыся ў тэлефон – побач і адначасова ў іншым свеце.
– Я вось што ўзгадала: у кватэры, дзе мы знайшлі чарнавік артыкула, быў яшчэ і стары дыван.
– І ты маўчала? – Алесь ускінуў галаву, нібыта яму плюхнулі ў твар вадою.
– Прабач, я чамусьці думала, што калі мастачка, то павінны быць карціны.
Алесь спыніўся, і шлях таксама спыніўся, як бегавая дарожка:
– Гэта ты мне прабач, пацягнуў цябе сюды, нічога не патлумачыў, – паглядзеў ёй у вочы. – А я ж вельмі рады, што ты поруч. Дзякуй табе за гэта.
І, быццам бы баючыся працягваць, паскорыў хаду, змяніў тэму:
– А што там намаляванае?
– Я не разгледзела добра – фарбы выцвілі. Кветкі, людзі. Заходзь да нас, паглядзіш.
Яны спяшаліся, але Ліза ўсё ж такі затрымалася на імгненне і азірнулася: на ўскраіне лесу стаяла маленькая хатка, і чамусьці Лізе здалося, што яе месца там.
Ой, будзе горачка!
Гэтым разам сход ладзілі ў Марылевай хаце, але Марыля не была там гаспадыняй. Гаспадарылі іншыя – Хрысціна, Ядзя, Вольга загадвалі, куды пасунуць стол, каму дзе размясціцца і калі адчыніць фортку, каб упусціць свежае паветра. Марылю пасадзілі ў апошнім шэразе, каля сцяны, бо ніхто не чакаў, што яна скажа хоць слова, а побач з ёю селі Тоня і Алена. І яны будуць маўчаць: адна – бо старая, другая – бо чужая.
Павінен быў прыйсці аграном, але чамусьці спазняўся, і пачалі без яго. Без яго і скончылі – некалькі маладзіц выбеглі дамоў да дзяцей, мужчыны папрасіліся пасмаліць дый зніклі. Змоўклі пастановы, загады, дэкрэты, якія крычалі: «Здаць!», «Дагнаць!», «Будаваць!» – вылецелі з хаты, як жамяра.
Засталіся жанчыны, якіх дома ніхто не чакаў. Пачыналіся ці то папрадкі, ці то вячоркі. Як і не было сходу, а яны гэта сабраліся цёмным вечарам грамадой у хаце, каб паслухаць гісторыі. Некаторыя нават, па старой звычцы, дасталі працу. Марыля памятала, як хадзіла на вячоркі яшчэ да вайны разам з маці – тая, звычайна, расказваючы пра сваё, шыла ці вышывала, нібыта мацавала словы ніткамі да тканіны. Так і засталіся на яе кашулі матчыны словы, як абярэгі.
– Ну, Тоня, знаём нас з той, каго прывяла, – Хрысціна прыхільна ўсміхнулася, і Марыля зразумела, што гэта Хрысціна запрасіла сюды Алену.
– То ж каўрыха! – крыкнула бабка Вікенцьеўна, – Навошта знаёміць, во дзіва! Хіба яетут хто не ведае: ходзіць, сабак шкадуе. Мяне б хто так шкадаваў!
Алена паднялася і пасунулася далей ад газніцы, бо і ў паўзмроку было відаць, што яе вопратка, бяднейшая ў хаце – паліто з паламанымі гузікамі, накінутае на шэрую халодную сукенку, вісела на плячах, бы ручнік на плоце.