Выбрать главу

– Кінь, кінь хутчэй, – Тоня стукнула па далоні, каб выбіць з яе жахлівую знаходку. – Ай, бяда, Алена, навошта ты рукамі бралася? Трэба было мятлою гэта адсюль вымесці ды спаліць. Бо гэта ж на злое пароблена. На цябе, Марылечка, парабілі.

І дадала:

– Ой, будзе горачка.

* * *

Каб паспець дамоў хутчэй, ледзь не беглі: з аўтавакзала Ліза павярнула да кірмашу – зрэзаць шлях. У аўтобусе Алесь безупынна гаварыў пра Кіш, паказваў на айфоне здымкі дываноў, а зараз напружана маўчаў, бо сказы заміналі б хадзе, як валізкі.

Ліза не была на кірмашы са школы, але змяніўся ён мала.

Перад парканам, у чыстцы, енчылі бязвінныя душы пухнастых шчанюкоў і кацянят, і смутак мяккімі кіпцюрамі драпаў сэрцы мінакоў.

Пасля – кароткі калідор калгаснікаў, якіх спакусіў горад, паабяцаўшы выгоду: яны прадавалі маленькія дрэвы, завялікую бульбу, семкі, валёнкі, кніжкі, венікі для лазні, мёд, сушаную рыбу, кветкі, сала і лыжкі, белыя, як абгрызеныя косткі.

Далей – ежа, перасыпаная чорнымі словамі і чорнымі лічбамі, быццам гніллю. Але не, глядзіце, пакуль яблыкі пругкія, памідоры крэпкія, агуркі цвёрдыя, а гэтачорнае – гэта толькі кошт. Падыходзьце, пакаштуйце, раскусіце, няхай рот напоўніцца слінаю. Але куды вы? Вярніцеся!

І вось, нарэшце, – нібы перад вамі расчыніла дзверы вялізная шафа: шэрагі з вопраткай. Намёты і драўляныя збудаванні: курткі і спадніцы вісяць ад зямлі і да неба, ляпаючы на вятры, што харугвы, вось толькі невядома якога войска. Ліза па старой звычцы задрала галаву – ніколі больш яна не зазірала так высока, адно толькі што ў царкве, калі разглядала вітражы ці фрэскі на столі. І тут таксама былі яркія фарбы, золата і чырвань, і маркотныя вочы гандлярак. Зараз усё здавалася занадта танным, сінтэтычным, безгустоўным, але гадоў дваццаць таму, калі намёты з адзеннем толькі з’явіліся, як вольнае пасяленне сярод бетонных тыпавых крамаў, Ліза з маці хадзілі сюды ці не кожную суботу, як на экскурсію. Гэта было прывітанне з далёкіх краін: глядзіце, які вялікі свет і колькі ў ім дзівосаў. Глядзіце, іншае адзенне, якое пашылі дзеля вас іншыя людзі па іншых мерках, не вашых, але памерайце, яно вам пасуе. І Ліза з маці запаміналі рэчы, як імёны новых знаёмых, вывучалі іх усе і пільнавалі, калі вывесяць новае, каб апрануць гэта першымі ў горадзе.

І калі тое новае прывозілі, не важна, якое было надвор’е – вецер, дождж, мароз, трэба было мераць. Зайсці за фіранку, стаць на прытаптаную кардонку, мокрую па краях ад снегу, зняць сваё і ўсёй скурай адчуць холад, быццам датыкнулася спінаю да ільдзянога шкла. Нацягнуць заінелы швэдар – і тут фіранка расхінаецца, заглядвае гандлярка:

«Файна села, бярыце, а тое, што тапырыцца – дома пад прас». І чужыя рукі праводзяць па грудзях, абсмыкаючы швэдар, і зайздрослівыя вочы глядзяць з усіх куткоў, але позна – гэтая рэч ваша.

Ліза вынырнула зуспамінаў і заўважыла, што Алеся няма побач – ён спыніўся каля намёта з пляжнымі ручнікамі:

– Зірні, – крыкнуў, – вось чым усё скончылася. Махрастыя дэльфіны, чырвоныя сонцы, дошкі для сёрфінгу. Побач размясцілі некалькі плёнак з рознымі малюнкамі: пясчаны бераг з пальмамі, зграя маленькіх сабачак, загарэлыя жанчыны ў купальніках.

– На дачы можна павесіць, – гандлярка не спадзявалаcя, што такія, як яны, нешта набудуць, але маўчаць не дазваляла прафесійная годнасць.

– Аднолькавыя сюжэты тыражуюцца мільёнамі на ўвесь свет. Мастацкі фастфуд – хуткае наталенне прагі прыгажосці. Вось, напрыклад, тыя пальмы. Прымацаваныя да сцяны недзе ў маленькай кухні ў працоўным раёне пад Шанхаем. А гэты экзэмпляр набудуць і адвязуць у Ветрына, каб прыкрыць шпалеры, заляпаныя тлушчам. Хутка не застанецца нічога нашага – мы самі вынесем на сметнік. І добра, каб зніклі толькі рэчы. Але праз гэта знікнем мы самі.

– Незасланяйце тавар, – гандлярка абурылася, – Самі не купляеце, дык не перашкаджайце іншым.

І яны зноў кінуліся ў натоўп, як у ваду.

– Таму ты шукаеш старыя дываны? – Ліза злёгку кранула яго за рукаў і паказала ўдалечыні свой дом.

– Не толькі я. Ёсць людзі, дзеля якіх гэта як пошукі душы. І яны разумеюць, што менавіта ў гэта варта інвесціраваць грошы.

– У душу?

Ды Алесь не пачуў: ён абагнаў Лізу і пабег наперадзе – прыняў кіраванне на сябе.

* * *

Калі паднімаліся па лесвіцы, Ліза зразумела, штодыван зараз у яе забяруць. І ёй стала шкада і крыху смешна: во, раней ляжаў анучай, а зараз да яго дадалася гісторыя, і ён ператварыўся ў скарб. І яе вымушаюць той скарб аддаць. Ды і гэта быў не іх дыван – неабходна было папярэдзіць гаспадыню. Нібы адчуўшы яе думкі, Алесь пачаў супакойваць:

– Ты не хвалюйся, я дам добрыя грошы. Ніхто столькі не дасць, бо… Бо ён мне вельмі патрэбны.

І ледзь не забраў ключы, каб самому хутчэй адамкнуць замок.

Здалося, кватэра напружылася, бы сабака, які адчуў, што з гаспадаром прыйшоў чужы. Ліза зачыніла дзверы ў спальню, каб схаваць белы жывот непрыбранага ложка – Наста, як заўжды, спяшалася і не паспявала заслаць, – і прынесла з кухні стары зэдлік. Перад незнаёмцам зэдлік на вачах яшчэ пастарэў і зморшчыўся, бы стары грыб:

– Ён на антрэсолях, я здыму.

Давялося пасунуць старыя газеты: паляцелі долу коксагыз, калектывізацыя і Сталін. Ліза скінула нейкія чаравікі, пакеты з правадамі, пластмасавую елку – і ў паветры паплыў пыл, быццам пайшоў снег.

– Давай дапамагу, – Алесь, відавочна, сам хацеў выцягнуць дыван з цемры дзесяцігоддзяў.

– Я сама, вось ён, – Ліза асцярожна падчапіла скручанае палатно і спусціла Алесю.

Той памкнуўся на кухню, каб раскласці дыван там, але перадумаў і без запрашэння пайшоў у залу.

– Ты гэтак хвалюешся таму, што на дыване насамрэч зашыфраванае нейкае пасланне, якое дапаможа табе адшукаць золата? – Ліза паспрабавала пажартаваць, ды Алесь не звярнуў увагі. Ці ёй падалося, ці ў яго сапраўды трусіліся рукі, пакуль ён разварочваў на падлозе скрутак.

Выцвілыя кветкі па баках. Дзяўчына з кавалерам пасярэдзіне.

Нахіліліся адно да аднаго, як галубочкі.

– Гэта не ён.

Алесь зрабіў крок назад, наткнуўся на канапу і зваліўся на яе, быццам яго пхнулі.

– Гэта не Кіш. Не той сюжэт.

Ліза адчула палёгку, і ёй стала сорамна: Алесь сядзеў з заплюшчанымі вачыма, такі спахмурнелы, расчараваны. Як дзіця, якое чакала навагодні падарунак, ды атрымала пустую скрынку.

– Я павінен быў шукаць лепей, не ехаць так хутка, – Алесь размаўляў сам з сабою, а Ліза разумела, што падслухоўваць дрэнна, але не выходзіць жа з уласнага пакоя. – Зноў прыйдзецца расчараваць, а я ж казаў, што зачэпка спрацуе. Адмяню камандзіроўку, каб шукаць, шукаць. Але як адмяніць, рыхтавалі паўгода?

– Ты не хвалюйся, – Ліза сама не любіла гэтую фразу, бо як па загадзе можна скончыць хвалявацца. – У цябе ёсць зачэпка, знайшоўся артыкул. Гэта добра, – пачала гладзіць яго па руцэ. – А калі патрэбна менавіта зараз, то я сама паеду і пашукаю, у мяне яшчэ адпачынак. Распытаю вяскоўцаў, мо там ёсць архіў ці што. Тым больш, мне здалося, што гэтая бабулька нешта ведае, бо яна мяне запрашала прыехаць, казала, каб вярталася адна.

Алесь расплюшчыў вочы і спыніў яе руку сваёю:

– І ты паедзеш туды? Дзеля мяне?

– Ну, і дзеля сябе таксама, бо мяне так зацікавіла гэтая гісторыя, як даўно нічога не цікавіла.

– Ты, я бачу, такая ж, як і я: калі натрапіш на гісторыю, не супакоішся, пакуль не даведаешся, якім будзе канец.

Я працую з мінуўшчынай, а гэта значыць, што ўсе канцоўкі там прадвызначаныя, мне неабходна толькі іх адшукаць. Я ніяк на іх не ўплываю, і гэта пачало раздражняць. А хацеў бы, каб у маім жыцці адбылася такая гісторыя, дзе галоўным героем быў бы я і канчатак для якой вызначыў бы сам.

І Алесь яе пацалаваў: дотык губ, як павеў ветрыку. Ціўкнуў айфон – і Алесь спыніўся.