Выбрать главу

– Ты не хвалюйся, я дам добрыя грошы. Ніхто столькі не дасць, бо… Бо ён мне вельмі патрэбны.

І ледзь не забраў ключы, каб самому хутчэй адамкнуць замок.

Здалося, кватэра напружылася, бы сабака, які адчуў, што з гаспадаром прыйшоў чужы. Ліза зачыніла дзверы ў спальню, каб схаваць белы жывот непрыбранага ложка – Наста, як заўжды, спяшалася і не паспявала заслаць, – і прынесла з кухні стары зэдлік. Перад незнаёмцам зэдлік на вачах яшчэ пастарэў і зморшчыўся, бы стары грыб:

– Ён на антрэсолях, я здыму.

Давялося пасунуць старыя газеты: паляцелі долу коксагыз, калектывізацыя і Сталін. Ліза скінула нейкія чаравікі, пакеты з правадамі, пластмасавую елку – і ў паветры паплыў пыл, быццам пайшоў снег.

– Давай дапамагу, – Алесь, відавочна, сам хацеў выцягнуць дыван з цемры дзесяцігоддзяў.

– Я сама, вось ён, – Ліза асцярожна падчапіла скручанае палатно і спусціла Алесю.

Той памкнуўся на кухню, каб раскласці дыван там, але перадумаў і без запрашэння пайшоў у залу.

– Ты гэтак хвалюешся таму, што на дыване насамрэч зашыфраванае нейкае пасланне, якое дапаможа табе адшукаць золата? – Ліза паспрабавала пажартаваць, ды Алесь не звярнуў увагі. Ці ёй падалося, ці ў яго сапраўды трусіліся рукі, пакуль ён разварочваў на падлозе скрутак.

Выцвілыя кветкі па баках. Дзяўчына з кавалерам пасярэдзіне.

Нахіліліся адно да аднаго, як галубочкі.

– Гэта не ён.

Алесь зрабіў крок назад, наткнуўся на канапу і зваліўся на яе, быццам яго пхнулі.

– Гэта не Кіш. Не той сюжэт.

Ліза адчула палёгку, і ёй стала сорамна: Алесь сядзеў з заплюшчанымі вачыма, такі спахмурнелы, расчараваны. Як дзіця, якое чакала навагодні падарунак, ды атрымала пустую скрынку.

– Я павінен быў шукаць лепей, не ехаць так хутка, – Алесь размаўляў сам з сабою, а Ліза разумела, што падслухоўваць дрэнна, але не выходзіць жа з уласнага пакоя. – Зноў прыйдзецца расчараваць, а я ж казаў, што зачэпка спрацуе. Адмяню камандзіроўку, каб шукаць, шукаць. Але як адмяніць, рыхтавалі паўгода?

– Ты не хвалюйся, – Ліза сама не любіла гэтую фразу, бо як па загадзе можна скончыць хвалявацца. – У цябе ёсць зачэпка, знайшоўся артыкул. Гэта добра, – пачала гладзіць яго па руцэ. – А калі патрэбна менавіта зараз, то я сама паеду і пашукаю, у мяне яшчэ адпачынак. Распытаю вяскоўцаў, мо там ёсць архіў ці што. Тым больш, мне здалося, што гэтая бабулька нешта ведае, бо яна мяне запрашала прыехаць, казала, каб вярталася адна.

Алесь расплюшчыў вочы і спыніў яе руку сваёю:

– І ты паедзеш туды? Дзеля мяне?

– Ну, і дзеля сябе таксама, бо мяне так зацікавіла гэтая гісторыя, як даўно нічога не цікавіла.

– Ты, я бачу, такая ж, як і я: калі натрапіш на гісторыю, не супакоішся, пакуль не даведаешся, якім будзе канец.

Я працую з мінуўшчынай, а гэта значыць, што ўсе канцоўкі там прадвызначаныя, мне неабходна толькі іх адшукаць. Я ніяк на іх не ўплываю, і гэта пачало раздражняць. А хацеў бы, каб у маім жыцці адбылася такая гісторыя, дзе галоўным героем быў бы я і канчатак для якой вызначыў бы сам.

І Алесь яе пацалаваў: дотык губ, як павеў ветрыку. Ціўкнуў айфон – і Алесь спыніўся.

Наста: Ну як, гэта тое, што шукалі?

– Я крыху зайдрошчу пісьменнікам, бо яны «выпісваюць», «ставараюць» людзей, каб тыя рабілі ўсё правільна, каб атрымалася добрая гісторыя. А ў мяне стасункі з людзьмі ніколі не атрымоўваліся… Калі паедзеш шукаць дываны, ты зробіш вельмі шмат, і не для мяне, а для вялікай важнай справы. І людзі табе будуць удзячныя, а такая падзяка дорага каштуе, – ён хацеў дадаць яшчэ нешта, але схамянуўся. – А зараз я павінен ісці. Я пазваню.

І знік: драўляныя крокі па калідоры, каменныя крокі па лесвіцы.

А Ліза засталася сярод раскіданых рэчаў і пачуццяў. Падняла старую газету і падумала, штоўёйраспавядаецца пра той час, калі Алена Кіш малявала дываны. Нядаўна скончылася вайна, зямля была чорнай, жыццё галодным, а яна малявала дзяўчат у капялюшыках, белых галубоў і прагулкі па возеры ў чоўне. Малявала на палатне, якога было замала, якое жанчыны адрывалі ад сваіх спадніц і сарочак, ад мяхоў і прасцін, якое адрывалі ад сэрца, каб толькі дзеля іх намалявалі каханне, каб яно было ў іх хаце, хаця б і плошчаю метр на паўтара.

«– Што сёння рабілі людзі вашага калгаса? – спытала Агата Копчык са Слабады.

– Каля 100 чалавек убіралі і сушылі сеяныя травы і сенажаці, 12 чалавек працавалі на акучванні бульбы, 18 – капалі торф на ўгнаенне, 9 чалавек з коньмі другі дзень дапамагаюць рамантаваць мясцовыя дарогі.

– А колькі ў вас электрыфікавана дамоў калгаснікаў?

– 158. На 18 дамоў не хапіла матэрыялу. Але да Кастрычніка будзе святло і ў іх. Ведаеце што? Як далі летась электрычнасць у хаты, то на пярэжырскай пошце ўдвая стала падпісчыкаў на газеты. Гэта больш чым адна газета на кожны двор!»