Крыжык. Крыжык. Крыжык. Крок. Крок. Крок І тут яна пачула, што не адна на дарозе. Нехта ідзе за ёю, цяжка тупаючы. І нават не ідзе, а бяжыць.
Крыжык. Крыжык. Крыжык. Крок-крок. Крок-крок.
Крок-крок.
Павярнуцца? А калі там страшнае. Пабегчы? Дагоняць.
Схавацца ў лесе? Мо яны таго і чакаюць.
– Марыля!
Яна здрыганулася і на імгненне замерла, але сэрца радасна затахкала:
– Прабачце, калі напалохаў.
Да яе, задыхаўшыся, набліжаўся Мікіта:
– Я, ведаеце, не заўважыў, як вы пайшлі. Увесь дзень за вамі сачыў, а тут у будане працаваў над справаздачай да сходу, задрамаў, а вы і прапалі. То зараз дазвольце, – ён памкнуўся, каб узяць за локаць, але схамянуўся і схаваў руку за спіну.
І Марыля наважылася:
– Ад нас хутка Алена паедзе. Яна таленавітая, але вельмі няшчасная. То вы б наведалі нас, развіталіся, ёй было б прыемна.
– Гэты вы мяне запрашаеце ў госці?
– Запрашаю, – сэрца паскорылася: вось-вось вырвецца з грудзей і паляціць.
– Тады абавязкова зайду, – у паўзмроку не было відаць, але ёй падалося, што Мікіта ўсміхаецца. – Тоня малайчына, добрая: Алену ў хату пусціла і пра вас вельмі клапоціцца. А вось вы пра сябе – не. Пасля таго, што з вамі здарылася, нельга адной хадзіць.
Марыля спынілася.
– Тоня вам расказала? І вы мяне праводзіце таму, што яна вас папрасіла?
– Так. Але ж не. Цьфу ты, чорт. Я ж не ведаў бы, каб мне не расказалі. Цкуюць вас, як вароны кацяня. Мне ж шкада.
У Марылі затрэсліся губы.
– Шкада? Дзякуй. Пакіньце сваё шкадаванне сабе, жыла я без яго і далей абыдуся.
– Не злуйце, калі ласка. Ды й якая розніца: Тоня папрасіла, але ж сэрца азвалася, – і ляпнуў сябе па грудзях. Пасля – яшчэ і яшчэ, пачаў выварочваць кішэні. – Ну, памяць! Сшытак у будане пакінуў! А там жа справаздача, ранкам з раёна прыедуць. Марыля, я вымушаны. Давайце разам! Тут хвілін з дзесяць хады.
– Я не маленькая, не трэба мяне за ручку вадзіць. І… шкадуноў мне не трэба. Тоня нагаварыла, а вы і паверылі.
І паскорыла крок. Мікіта пастаяў крыху, перамінаючыся з нагі на нагу, а пасля пабег, што моцы, назад.
У галаве шумела, і таму Марыля не адразу адчула, як ціха стала навокал. Усёсупакоілася, і сэрца таксама, дурненькае. І чаго тахкала? Бачна, што не сам ён да яе, а па прымусе. А яна і рада, і ў госці запрасіла. Сорам.
Марыля страціла ўвагу да таго, што навокал, бо прыслухоўвалася да таго, што ўнутры: ці баліць? Баліць.
І не пачула, як хруснула галінка. І не пабачыла, як мільганула за дрэвамі белая постаць.
І быццам халодным правялі па шыі – чужы позірк. Апошнім часам яна звыкла, што на яе глядзяць злымі вачыма, таму адразу пазнала: як павук на скуры. Брыдка.
І тут данеслася:
– Марыля!
Уздыхнула з палёгкай: крычаў мужчына. Напэўна, вяртаўся Мікіта, хацеў яе затрымаць.
Павярнулася – нікога. Але ж адкуль зноў глухое:
– Марыля!
Завярцела галавой па баках, напружыла зрок, яшчэ спадзеючыся на нешта. Нікога. Шлях пусты, як стол, перад тым як на яго кладуць нябожчыка.
Паабапал – лес.
Крыкнулі зноў, але на гэты раз яе страсянула ад жаху – голас, спачатку мужчынскі, перакінуўся ў жаночы, вісклявы, нібыта слова разламалі напалову:
– Мары-ы-ы-ы-ля!
І не там, а тут, зусім побач, зарагаталі дзясяткамі галасоў – з-за старых хвояў, з-за крывой яліны справа, з-за паламанага дрэва на павароце. І загукалі:
– Марыля!
– Марыля!
– Марыля!
– Адшукалі цябе!
– Адшукалі!
– Марыля!
– Хадзем да нас!
– Да нас!
– Да нас!
І абарвалася.
Марыля не ведала, куды глядзець, бо адчувала: куды ні павярніся, павернешся спінаю да таго, што гатова кінуцца на цябе ў любы момант.
І, як у пацверджанне, ззаду закрычалі:
– Чулі, чулі, як гукаў цябе твой палюбоўнік, Марыля! Ён тваё імя кінуў, а мы падабралі. Забудзь пра яго, адступіся. Гэта ён, а не мы, цябе ў вір зацягне, адны костачкі застануцца. Усе мы праз каханне пакутавалі, а зараз без кахання жывём і шчаслівыя. Хадзем да нас, Марыля!
І рэхам адгукнулася ў лесе:
– Марыля!
– Марыля!
– Марыля!
Марыля пазнала: гэта крычала тая, галоўная. І не знайшла моцы, каб павярнуцца да яе тварам, так і слухала, стоячы спінаю.
– Чаго маўчыш? Мы не адчэпімся. Не аддадзім яму цябе. Ці ты хочаш сёстрам сваім здрадзіць? Збегчы ад нас хочаш, Марылечка? Не дазволім, не-не-не. Ты наша!
З усіх бакоў зараўло, завыла, заенчыла. Там – завішчала, як немаўля. Там – заплакала, як набітае дзяўчо. Там – застагнала, як парадзіха.
Марыля не вытрымала: набрала паветра, бы збіралася нырнуць, і кінулася да вёскі. І яны кінуліся за ёю, але не па дарозе – па гушчары: трашчалі веткі, ламаліся кусты, шаргацела лісце. Шалёны бег дзясяткаў ног, і крык дзясяткаў глотак, і адзін – той, галоўнай: