Выбрать главу

– Не ўцячэш, Марыля, не паспееш, родненькая! Штосьці ўдарыла ў бок так, што яна ледзь не ўпала.

Камень. Побач прасвісцеў яшчэ адзін, і яшчэ, і яшчэ – яны падалі ў пясок, як кроплі дажджу. Адна такая кропля трапіла ў шчаку – апякло, бы агнём.

Боль надаў Марылі моцы: яна ўсё паскаралася, і паскаралася, і паскаралася. Вось і галёканне засталося далёка, і камяні не даляталі, і з’явілася надзея.

Яшчэ крыху – і будзе паварот, а там і вёску бачна. Хаты, якія свецяцца цёплым агнём, жывыя, а тут толькі цемра і мёртвы свет зор. Там бегчы будзе лягчэй, жывой да жывых. Вось толькі паветра не хапае, быццам хтосьці сціснуў грудзі і цягне назад, душыць у абдымках, душыць.

І вось паварот, вялізная хвоя, і жоўтыя вокны далёкай Тонінай хаты. І тут на яе ўпала неба – мокры шэры кавалак, прапахлы рыбай і гніллю. І яна заблыталася ў небе і ўпала.

І адразу ж заскавыталі:

– Злавілі, злавілі!

– Спаймалі Марылю!

Затупалі, зашоргалі па зямлі босыя ногі, хтосьці заскокаў і запляскаў у ладкі.

– Схапілі, схапілі!

А гэта было не неба, а рыбацкая сетка. Марыля ляжала, тварам да зямлі, і адчувала, як тыя яе акружылі, стаяць, разглядаюць. Паднялі спадніцу, зарагаталі.

Тарганулася, каб падняцца, але яе павалілі, прыціснулі каленямі. Пасля за валасы паднялі галаву, нацягнулі на яе мех – ільдзяныя пальцы, драпнулі па шыі кіпцюры. Паспела пабачыць: цёмныя постаці і зусім блізка – белы нетутэйшы твар, чорныя, як гнілая трава, валасы. Ці як водарасці.

– Я ж казала, не ўцячэш. А ты не паверыла. Ну што, сястрычкі, варта павучыць. За здраду.

І зноў пасыпаліся камяні.

Марыля рыўцом падцягнула калені да падбароддзя, каб хоць крыху затуліцца. На губах адчула салёны смак крыві – ён змяшаўся з рыбіным смакам сеткі і прэсным смакам зямлі. Наўкола больш не крычалі яе імя, не енчылі, не смяяліся. Збівалі моўчкі, засяроджана, кідаючы камяні па чарзе. За сваё нядоўгае жыццё яна шмат разоў рыхтавалася да смерці – як і ўсе тут, падчас вайны. Думала пра смерць і тады, калі вайна скончылася, лежачы ў чорнай адзінокай хаце. І нават уяўляла, як памірае. Яна не ведала, як і калі тое адбудзецца, але ведала, што будзе шаптаць. І зашаптала зараз, пакуль хапала моцы:

– Мамачка, мамачка, мамачка.

Боль стаў такім, што немагчыма трываць, – большым за яе, большым за ўвесь гэты свет, – і Марыля правалілася ў забыццё.

Апошняе, што адчула, – моцныя рукі, якія падхапілі яе і паспрабавалі з гэтага забыцця вырваць. Але нічога ў іх не атрымалася.

Тэчка № 1/17 Расшыфроўка дыктафоннага запісу
Зроблена А. Загорскім

Ліза: Я ўключыла дыктафон, можна? Вось, глядзіце. Гэта каб гук запісваць. Запішу ваш расповед. Каб нічога не згубіць і не пераблытаць. Можа, спатрэбіцца даследчыкам.

Марыля: Навошта?

Ліза: Вы ж будзеце гаварыць пра Кіш. Мо вы апошняя, хто яе ведаў. Калі ласка.

(М(?) паднімаецца. Ліецца вада. Запальваецца пліта.

Ставіцца чайнік.)

Ліза: Вы казалі, як знепрытомнелі ў лесе.

Марыля: Чай будзеш?

(Грыміць чайнік. Разліваецца гарбата. Нехта доўга дзынькае ў кубку лыжкай.)

Марыля: Цёмна ўжо. Я старая, кладуся позна. А ты спаць не хочаш?

Ліза: Не. Калі ласка, раскажыце далей.

Марыля: Што я там казала?

Ліза: Вы знепрытомнелі.

Марыля: Бы ў яму правалілася. Ачомалася – гляджу, ужо ў Тонінай хаце. І Тоня губамі да лба туліцца. Так маці заўжды тулілася, калі я малая была і гарэла. Тоня пабачыла, што я вочы расплюшчыла, і заплакала. І я зноў у яму.

Спрэс чорна было. І ўсё цела гарэла, што абпаленае. Рукі, ногі. Нехта дакранецца – а мяне бы зноў каменем, каменем. Ці лыжку ў рот пхне, а я – назад. Нічога ўва мне не трымалася. Слабенькая была, як тое птушаня.

Алена ў нас шчэ была. Помню, сядзела каля мяне. Не плакала, вочы сухія, але невідушчыя. А пасля знікла. То, значыцца, прыехалі па яе.

У гэтым годзе, чуеш, колькі разоў было: прачынаюся сярод ночы, і быццам бы яна поруч сядзіць. Цяжар на ложку адчуваю. Як думаеш, гэта яна па мяне прыходзіць?

(Маўчанне.)

Ліза: І доўга вы так?

Марыля: Ой, доўга. Пасля мне балець перастала, але падняцца не магла. Толькі ляжала, у акно глядзела. Тоня вакол мяне завіхалася, бедная. Піць давала, зёлкі, узвары. Шаптала. Я ж не ела нічога. Як яна плакала, родненькая. Выйдзе на ганак, каб я не чула, і плача. Ці моліцца. Толькі мне ўсё адно было. Нічога не хацелася, толькі мо спаць. І спала.