Выбрать главу

Ліза: А Мікіта?

Марыля: Прыходзіў. Усё мне расказваў, як тое было. Як дзевак пабачыў. Закрычаў, а яны па лесе пырснулі, што тыя прусакі. А ён мяне на рукі ўхапіў і да Тоні пабег.

А на Тоню сварыўся. Тлуміць, казаў, яна мне галаву. Што мяне і так пабілі, мазгі ў масла збіліся, а яна яшчэ са сваімі казкамі. Што дзеўкі гэта мяне так павучыць хацелі. Падпільнавалі, на сасну залезлі, сетку кінулі. Тоня не спрачалася, ішла сабе па справах.

А ён тады сядаў побач і зноў расказваў: як бег, як крычаў, як мяне на руках нёс. Я засну, а ён вечарам вернецца і зноў: як бег, як крычаў, як на руках нёс.

Ліза: А Тоня вам казала, што то былі русалкі?

Марыля: Доктара мне прывёў. Той паглядзеў мяне, адвёў іх убок і сказаў, што дрэнь справа. І калі я сама жыць не захачу, то гамон. Яшчэ некалькі дзён пахэкаю, а пасля памру. Яны размаўлялі, каб я не чула, а я ўсё чула. І так мне спакойна стала. Думаю, хутчэй бы толькі.

Тоня тады да мяне вярнулася, усміхаецца, а я па вачах усё бачу. Казала мне, што будзе ўсё добра. Толькі каб ела, і будзе добра. Пра Мікіту казала, які харошы, вунь доктара з горада прывёз. А яшчэ міліцыянера. Па хатах хадзілі, усіх ператрэслі. Толькі не натрэслі нічога.

Яйка варанае давала, малако, тварог. Я пажую тую лыжку і не магу. Птушаня. Ты мо есці хочаш?

Ліза: Не, вы працягвайце.

Марыля: Аднойчы Мікіта прыйшоў, вызваў Тоню на ганак. Шапнуў, чую, нешта, а яна як загалосіць! А ён як закрычыць: «Забараняю! – крычыць. – Забараняю ёй гаварыць!» Пусціў у хату, толькі як супакоілася. «Забараняю, бо ёй нашкодзіць».

Тоня, пакуль ён быў, да мяне і не заходзіла. А як пайшоў, то я адразу да яе: «Тонечка, – кажу, – што ён забараняе?» А яна глядзела-глядзела на мяне ды й не вытрымала. Я ж мо ці не першы раз з ёй загаварыла.

«Аленачка, – кажа, – наша памерла». Гавора, і слёзы бягуць.

(Заплакала. З хвіліну маўчаць.)

Марыля: «Як памерла?» – пытаюся. «Патанула».

(Плач.)

Марыля: А пасля кажа: «Я ўвесь дзень думала, як тое сталася. Твой казаў, што людзі гавораць, што самагубства. До, нацярпелася, працы няма, дываны ніхто не купляе, а ёй на шыі ў сястрэ сядзець. Ды толькі я іншае мяркую».

І зашаптала, чуеш: «Гэта таму, што яна замест цябе адгукнулася. Памятаеш, у тую ноч? Па цябе прыходзілі, а яна на іх покліч выйшла. І мо грэх то вялікі так казаць, даруй мне Божухна, але думаю я, што яна чары на сябе ўзяла. Цябе тыя цягнулі-цягнулі, вунь учапіліся, што я вымаліць дагэтуль не здолела, – гаворыць, – ты ўсе гэтыя дні ў шлях збіралася, а яна замест цябе туды выправілася».

І як яна тое сказала, то і я заплакала.

Ліза: Лягчэй зрабілася?

Марыля: Якое там лягчэй! То злосць з мяне палілася. Плакала я таму, што жыцця людзям няма. Бо колькі ёй трэба было, га? Кавалак хлеба, лава якая ды фарбы. Але і таго для яе на гэтым свеце не знайшлося.

Што яна тут бачыла? Адны кпіны. «Каўрыха!»

«Вар’ятка!» «Валацуга!» Толькі ў яе раю і было, што на дыванах малявала. Дый той раздавала ўсім, сабе ні кавалачка не пакінула.

І на тых злавала. Што клікалі, што спакушалі. Мо каб яна не чула…

Ну, думаю, хер вам, калі так. Абедзвюх не возьмеце. Буду жыць, буду шчаслівая, каб вы перадушыліся.

І папрасіла есці. Тоня малачка прынесла, хлеба ў яго накрышыла. То я есці і пачала. Плакала і ела.

Ліза: А што міліцыянер?

Марыля: А што ён здолее? Мікіта там нешта капашыўся, але я дык ведала, што тое як ветру ў полі шукаць. Прасіў, каб я заяву напісала. Ды я адмовілася. Дурное.

Ліза: А з Аленай Кіш як? Было следства?

Марыля: Не было нічога. Для іх – старая баба памерла, сама ў ваду кінулася. Смерць запісалі, дый усяго следства.

Ліза: А дыван яна вам дамалявала?

Марыля: Дамалявала. На наступны дзень, як я есці пачала, Тоня мне яго прынесла. «Алена, – кажа, – дарабіла і пайшла. Гаварыла, як ты выдужаеш, перадаць табе на пасаг. Твой мех бульбы яна так і не ўзяла». І над ложкам маім павесіла.

Ліза: А дзе ён зараз?

(Рыпіць зэдлік, пасля – падлога. Дзевяць крокаў. Яшчэ нейкае рыпенне (?).)

Марыля: А во!

Ліза: І заўжды тут быў?

Марыля: З таго самага дня яго побач з сабою трымаю. Я, калі тады ляжала, павярнуся на сцяны і гляджу на яго, пакуль цемра вочы не выесць. А на вуліцу і не глядзела.