Выбрать главу

Тоня казала, што тое ў райскім садзе. То я, бачыш, акно ў рай тады займела.

Ліза: Ільвы?

Марыля: Леў і тыгра. Тоня казала яшчэ, што гэты дыван будзе маім абярэгам. Не ведаю, абярэг ці не, але толькі Альжбэта з нашай вёскі з’ехала. І да мяне больш нічога не чаплялася.

Ліза: І вы з Мікітам засталіся?

Марыля: Шэсцьдзясят два гадочкі разам. І яшчэ во тры паасобку. Але хутка сустрэнемся.

Ён жа мне пра каханне да таго не казаў. А так штодня прыходзіў. То булку прынясе, то ягад сушаных. Сядаў поруч, чытаў мне кнігі. Разумны быў, усё жыццё вучыўся. А як адужала, дык мне кнігі даваў, каб я сама чытала.

Як я зусім акрыяла, то паднялася і на ганак выйшла. Стаю, мяне хістае, гляджу на вёску: і мая, і не мая быццам. І бачу – ён, пасля працы вяртаецца. Тут калені і падагнуліся. Кінуўся Мікіта да мяне ды на рукі падхапіў. І моцна так прыціснуў, як тады, калі ад іх нёс.

«Хопіць, – кажа, – па чужых хатах. Час сваю будаваць. Як цябе зараз, Марыйка, трымаю, дык ніколі больш не адпушчу. Каханне ты маё». Во як у нас было.

Вунь – мы перад вяселлем. А вунь дачушкі нашы. А там, у пенсійным, у мяне ёсць фотакартка з яго магілай. Прыгожы помнік, зграбны. І для мяне месца побач. Я ўжо далёка сама не хаджу, то ўнучка фота зрабіла, я прасіла. А да Алены, як маладая была, штогод наведвалася, прыбірала. А пасля і да Тоні. А да Мікіты не магу часта. Дочкі прыязджаюць, дык прыбіраюць.

Ліза: Зараз ладзяць выставы Кіш. Мо вы б дазволілі, каб і ваш дыван перадалі музею?

Марыля: Ведаеш што, забірай яго ты. Як памру, забірай. А там хоць у музей, а хоць і сабе пакінь. Што глядзіш? Няхай і ў цябе рай пад бокам будзе. Во толькі хлопца б табе знайсці добрага. Як мой Мікіта. Ці ты знайшла?

Канец запісу.

4 чэрвеня 2017 года

«Для развагі: каханне ў творчасці Кіш. Такое самае двухмернае, як і ўсё, што яна малявала. Безперспектывы. І справа нават не ў тэхніцы. Нібыта яна глядзіць на яго праз акно, як у чужую кватэру, куды ніколі не зможа трапіць. І малюе каханне, як пейзажыст – дуб: “з натуры”, а не “з нутра”.

Але што яна магла пра яго ведаць? Усё жыццё самотная.

Ці было яно ў яе, хаця б нешчаслівае?

Хм. Тут іранічна, што я ўзяўся пісаць пра гэта. Што я магу ведаць пра каханне? Што яно разбівае сэрцы? Але я б не хацеў разбіваць сэрца Лізе. Яна гэтага не заслугоўвае. І не вытрымае».

Дзённік А. Я. Загорскага. Тэчка № 1/17
* * *

Наста выключыла запіс.

– Што будзеш рабіць?

Ліза сядзела ў фатэлі, абхапіўшы калені рукамі. Перад ёй стаяў пусты кубак, на дне – рэшткі молатай кавы, быццам зямля.

Лізін твар змяніўся. Наста казала сабе, што змяніўся зусім крыху, так, як звычайна змяняецца пасля некалькіх тыдняў разлукі твар чалавека, якога ты звык бачыць кожны дзень. І ёй хацелася хутчэй гэтыя змены змыць, як дарожны пыл, каб твар стаў такім, якім яна яго ведала. Ліза вярнулася новая, іншая, і гэта непакоіла.

Калі дома была кава, яе пілі і ранкам, і, як зараз, замест вячэры. Наста прыгатавала новую порцыю – туркі якраз хапала ім абедзвюм – і адрэзала чорнага хлеба, дастала яблычнае сочыва, што Ліза прывезла з вёскі. Яно было старое, зацукраванае і не выклікала даверу, але акрамя яго нічога не было.

– Я чакала цябе, каб даць паслухаць запіс, каб параіцца, – Ліза глядзела, як Наста намагаецца намазаць сочыва на лусту, моцна прыціскаючы яго лыжкай. – І мне зрабі, калі ласка. Пакуль ты там гойсала па лясах, я сядзела і думала, думала.

– Ты даслала запіс Алесю? Што ён?

– Мяркую, ён не хоча чакаць, пакуль Марыля памрэ. Папрасіў, каб я нічога не рабіла, пакуль ён не прыедзе. Зараз недзе за мяжой.

– То-бок, ты хочаш пакінуць дыван сабе?

– Я не магу. Да таго ж у яе дзве дачкі, гэта іх спадчына. І там хутчэй гаворка пра тое, каб я перадала дыван у музей.

Ліза ўзяла каву і, хаця і не было холадна, пачала грэць рукі аб кубак:

– Навошта мне дыван, у мяне і ўласнага пакоя няма. Ды, увогуле, я не пра тое. Скончыцца гэтая гісторыя, і я не ведаю, што рабіць далей. Паехалі заўтра туды разам? І давай напішам пра знаходку, пра Марылю, пра русалак.

– Ліза, я не магу, у мяне праца.

– Пісаць тое, што ніхто не чытае? Колькі разоў ты сама казала, што стамілася. Што табе патрэбны сюжэт. Вось сюжэт!

– Мо праз тыдзень ці два адпрашуся. Калі гэта не яшчэ адна твая кухонная размова, якая толькі размовай і застанецца, – і дадала, пабачыўшы, як перасмыкнуўся Лізін твар. – Адпрашуся, паедзем утраіх, Юра нас адвязе.