Выбрать главу

Ліза адпіла кавы, адкусіла хлеб.

Наста ўзгадала пра свой і адкусіла таксама, каб з’явіўся час прыдумаць, што сказаць.

– Ты пісала мне пра русалак, і я чытала сёе-тое з беларускай міфалогіі. Для цябе.

Сочыва было засалодкае, крохкае: у роце распадалася на цвёрдыя крышталікі, якія хрумсцелі на зубах, як пясок. Наста пасмактала шурпаты кавалак яблыка, які быццам бы ўвесь ператварыўся ў цукар, і дадала:

– Ёсць апісанні русалак як прыгожых сумных дзяўчат, якія загінулі праз няшчаснае каханне. Такія, празрыстыя, у вяночках, гушкаюцца на бярозах, як на арэлях. А ёсць, наадварот, паданні пра пачвар, якія могуць забіць, заказытаць, задушыць «жалезнымі цыцкамі». Цікавая дваістасць, як табе? І, дарэчы, у нашых русалак, у адрозненне ад замежных, не было хвастоў. Звычайныя ногі. А ў некаторых цела «пакрытае цвёрдай луской, падобнай на пазногці».

– Калі ласка, не нагадвай мне пра пазногці, – Ліза паднялася і паставіла кубак у ракавіну.

– Прабач. Мо цябе туды так цягне таму, што цябе таксама русалкі клічуць, – Наста паспрабавала пажартаваць, але зразумела, што не атрымалася. – Я, між іншым, згадкі пра такі «покліч» не знайшла.

Ліза нічога не адказала і пайшла ў свой пакой.

Наста яшчэ доўга мыла пліту, прыбірала посуд, працірала пыл у скрынях, каб заняцца чымсьці і не працягваць размову. Скончыла тады, калі пачула, як пстрыкнуў выключальнік у Лізіным пакоі. І, не запальваючы святло, асцярожна праслізнула да сябе.

Навобмацак разаслала ложак, хутка распранулася і схавалася пад коўдру. Было так светла, што можна было разгледзець твары дзяўчыны і хлопца на маляванцы, што вісела над яе ложкам.

Наста забылася зашмаргнуць фіранкі, але паднімацца не хацелася, таму ляжала і глядзела на поўню. Такі месяц заўжды яе палохаў: сонца нячысцікаў, пярэваратняў, якое абуджае зданей да жыцця. А яшчэ яно абуджала нешта ў яе душы. У дзяцінстве яна лунаціла: пракіналася сярод ночы і выпраўлялася на шпацыр. Ад нечага збягала, але ад чаго? Кагосьці шукала, але каго? Некуды імкнулася, але куды? Яе звазілі да бабкі – і перастала. З таго часу яна хадзіла толькі днём і толькі туды, куды павінна была хадзіць. Але поўня турбавала па-ранейшаму.

Яна ж не адмовілася, толькі папрасіла пачакаць тыдзень ці два. Чаму ўсё павінна было быць па-Лізінаму? Чаму, калі ў Лізы жыццё неўладкаванае, яно павінна быць неўладкаваным і ў тых, хто побач?

І чаму зараз так паскудна на сэрцы? «Таму, што зноў адмовілася ад магчымасці хаця б штосьці змяніць, таму, што не здатная дзейнічаць, а толькі і магу, што працаваць», – сказала сабе Наста і ўткнулася носам у падушку, каб хутчэй заснуць.

І раптам пачуўся дзіўны гук – за сцяной ці то здзіралі шпалеры, ці то рвалі тканіну.

Наста павярнулася і пабачыла, як з дывана вельмі павольна цягнецца чорная рука: доўгія пальцы мацалі паветра і ледзь не зачапілі яе твар – Наста паспела адскочыць. Рука не сустрэла перашкод і схавалася назад. І з дывана, гэтаксама павольна, высунулася цёмная постаць памерам з чалавека, а за ёй – яшчэ адна.

Гэта са сцяны спусціліся хлопец з дзяўчынай, зразумела Наста. Яны селі на ложак, плячо да пляча, так, як было намалявана там, на дыване. Зарыпелі спружыны, і Наста адчула побач цяжар двух целаў. У тое ж імгненне яе сціснуў холад, і яна не магла больш ні адсунуцца, ні паварушыцца.

– Сёння поўня, – прашаптала дзяўчына і правяла рукою па сваіх срэбных валасах. У месячным святле яна чамусьці здавалася падобнай да Лізы, а хлопец – да Алеся. – Памятаеш, як тады. Як мы хадзілі ля возера, а над ім віселі зоры, нізка, як на нітках.

Хлопец нічога не адказаў, толькі моўчкі пачаў расшпільваць гузікі на яе сукенцы.

– Не, каханы, не спяшайся. Ты і тады спяшаўся. Я ўцякала, а ты даганяў, памятаеш?

Хлопец хітаў галавою, а яго рукі гладзілі яе белы твар, шыю і спускаліся ўсё ніжэй, ніжэй. Дзяўчына злавіла іх, прыціснула да каленяў. Пасля перавяла позірк на Насту, што, знямеўшы, ляжала побач:

– А яна прыгожая. Толькі яшчэ жывая. Пацалуй яе, як мяне тады, памятаеш?

Хлопец спыніўся.

І, крыху памарудзіўшы, паслухмяна павярнуўся да Насты.

На некалькі імгненняў замёр, прымяраючыся, а пасля нахіліўся да яе: Наста пабачыла цёмны, адкрыты для пацалунку рот. Вочы глядзелі ёй у вочы: жоўтыя, бы тое яблычнае сочыва. І гэтыя вочы былі ўсё бліжэй і бліжэй, і янаўжо адчувала яго подых на сваёй шчацэ. І тады з усёй моцы рванулася ўбок – і балюча ляснулася лбом аб сцяну.

Здані зніклі. Пакой з начнога стаў ранішнім: у акно глядзела сонца – як быццам бы яно і было там заўжды, нібыта ночы не існавала.