І справа пайшла б хутчэй, каб не дываны, якія былі паўсюль: і на падлозе, і на сценах – падымаліся, як цвіль, да столі. Гаспадыня забараніла іх хаваць: мо лічыла, што гэта яны грэюць кватэру, робячы яе такой міфічна цёплай. Таму дываны знасілі на двор і вытрусілі па звычаі ці, хутчэй, па абрадзе, амаль страчаным у гарадах: павесілі на турнік і пабілі выбівалкаю. Яна таксама знайшлася ў тым часе, што панаваў у кватэры: на антрэсолях сярод ламачча, на стосе старых газет, якія Наста пакуль не змагла выцягнуць з завалу. Разабраць завал дамовіліся заўтра.
Там, пад вадой, у іншым сусвеце
Гэта толькі здавалася, што хата стаяла на самым канцы вёскі. Насамрэч яна стаяла на самым канцы свету – далей не было нічога, толькі лес, лес, лес.
Але якая там вёска: адна даўжэзная вуліца, старыя хаты чаргуюцца зпустымі, чорнымі дварамі. Вуліца – нібы сківіца з выбітымі зубамі: вайна скончылася чатыры гады таму, адбудавацца яшчэ не паспелі. Але ўсё будзе, будзе.
Плаваць Марыля хадзіла па начах, ці, хутчэй, цёмным ранкам, пакуль усе спалі. Таму пільна сачыла, каб не пабудзіць вёску, прыслухоўвалася да яе подыху. Калі штосьці варушылася ў цемры, Марыля спынялася, і только тады, як цішыня вярталася, крочыла далей. Спі, вёска, спі, баюбаю, а-а-а, а-а-а.
Удзень не надта паплаваеш, бо: а чаму гэта яна купаецца, а працаваць калі, а лепей бы на двары прыбрала, а працадні не адрабіла, а чаго ты пэцкаешся так часта, а вялікая ты дзеўка, каб па хвалях гойсаць, а… а… а… Спі, вёска, спі. Пясок на беразе белы, бы снег, а возера чорнае, як суцэльная палонка, і такое ж сцюдзёнае. Зняла сукенку, асцярожна паклала на паваленае дрэва і павольна рушыла да вады.
Зрабіла крок у возера – нагу апякло. Голае цела напружылася ад холаду, але Марыля не звярнула ўвагі – глядзела, як на люстраной роўнядзі адбіваецца поўня, бачыла перад сабой срэбраны шлях. Свяціла так, што, сапраўды, можна было збіраць іголкі. Побач дрыжэў камар, ды перад ім не было сорамна, а больш яе ніхто не бачыў.
Яшчэ крок, і яшчэ, і яшчэ. Вада пакрыху падымалася: хутка на таліі апынулася мяжа двух сусветаў – вадкага і паветранага. Марыля спынілася, каб адчуць, як гэтая мяжа гайдаецца – хвалі асцярожна лашчылі жывот.
Возера плёснула, дакранулася да грудзей, і Марыля нырнула. І страціла адразу ўсе пачуцці, засталося толькі адно: няма зроку, няма слыху, толькі адчуванне скурай. Плыла, наколькі хапіла дыхання. Вынырнула ці не на сярэдзіне. Уверсе на поўню набегла хмара, быццам бы лісток прыдзьмула да вялікага яблыка, і срэбны шлях не ззяў, як раней. І тут – бултых! Камень? Птушка? Звер? Штосьці шабоўснулася за спінаю.
Павярнулася – паверхня амаль гладкая. Амаль. Захацелася хутчэй на бераг, але баялася адвярнуцца, узіралася ў чарнечу. І цемра нарэшце парвалася – нешта вынырнула з яе і паплыло якраз па зіхатлівай дарозе.
Не, не звер. Чалавек. Ды пасля вайны вакол вёскі бадзялася столькі прыхадняў, зарослых і страшных, што мо і звер. Уцякаць?
А ён плыў да яе, прыгожа, хутка. Хутчэй, чым яна. Занырнуць, схавацца? Але няма як схавацца на сярэдзіне возера.
– Дабранач!
Голас малады. Сам незарослы. Здаецца, не звер.
– Добры дзень.
Ён зусім блізка: чутно, як цяжка дыхае, а ў месячным святле відаць мокрыя валасы і бліскучыя вочы. Рухаўся па коле, і яна паварочвалася за ім, каб не губляць позірку:
– То ж мы вітаемся ўначы, які тут дзень? Сполах праходзіў, змяняўся цікаўнасцю:
– Адкуль прыплылі?
– Здалёк. Ты з гэтай вёскі?
– Але.
– То яшчэ сустрэнемся.
І пасля гэтага абяцання Марыля адчула, што там, пад вадой, у іншым сусвеце, яна зусім голая. А ён?
Ён павярнуў да свайго берага, не развітаўшыся. Толькі крыкнуў здалёк:
– А ты не толькі ў возеры, але і па зямлі прыгожа рухаешся!
Бачыў?
Але як тут спытаеш: і сорамна, і ён вунь дзе, яшчэ крыху – і выйдзе з вады. Выйдзе з вады! Марыля крутанулася, каб не падглядаць, і павольна паплыла ў супрацьлеглы бок. Крыху развіднелася – гэта разам зсонцам надыходзіў новы працадзень. Іншых тут не было.
Cубота, але ўсё роўна патрэбна падымацца на працу. Наста выпраўлялася пісаць пра спартовыя зборы, а Ліза – рабіць кліенткам манікюр.
Яны вучыліся разам, разам жылі ў інтэрнаце, і размеркавалі іх разам у адну і тую шматтыражку, на завод.
– Каша будзе праз тры хвіліны.
Гэтак Наста будзіла Лізу амаль штодня. І Насту не выключыш, не перавядзеш на пяць хвілін пазней – прыйдзе і адбярэ коўдру.
– Каву наліла, малака няма.
Ліза яшчэ не прывыкла прачынацца на новым месцы, таму ранак здаваўся незвычайным, незнаёмым. Такім, як першы ранак пасля таго, як скончыўся тэрмін яе размеркавання: Ліза выйшла з-пад коўдры і апынулася ў цалкам невядомым свеце. Але назад вярнуцца было немагчыма – так, як немагчыма яшчэ раз прагледзець жахлівы сон. Тым самым ранкам яна звольнілася і пайшла на курсы. Рабіць пазногці навучылася за адзін месяц, што значна хутчэй за тыя пяць гадоў, якія выдаткавала на папярэднюю прафесію.