Выбрать главу

Галава балела. А ўсярэдзіне свярбела дрэннае прадчуванне, якое там пакінуў начны жах: захацелася пабачыць жывую Лізу, ад нечага засцерагчы, аб нечым папярэдзіць.

«Сон, толькі сон», – паўтарала сабе Наста. Але знянацку дзверы ў яе пакой расчыніліся, і на парозе з’явілася жанчына: старое паліто, сівыя растрапаныя воласы, падціснутыя вусны. І тут Наста не вытрымала і закрычала.

Жанчына падскочыла ад нечаканасці:

– Ціха, ціха, суседзі пачуюць. Чаго вы? Прабачце, калі напалохала, але я казала, што прыйду без папярэджання. Гэта мая хата, і я маю права адчыняць яе ўласным ключом, калі пажадаю. Мне неабходна праверыць, ці ў вас прыбрана, ці не водзіце мужчын. Я гэтага не пацярплю, – і Наста зусім прачнулася.

Гаспадыня, што з’явілася з раптоўнай праверкай, прайшлася па пакоі, паглядзела на жырандолю і незадаволена пахітала галавой. Зірнула на сцяну – і вочы павялічыліся:

– Навошта вы папсавалі шпалеры? Я не давала дазволу! Павесілі нейкую чорную анучу. Ну, самі вінаваты, даражэнькія, паклеіце новыя.

Правяла пальцам па спінцы ложка – ці ёсць пыл. І пайшла на кухню. І адтуль, адкрываючы шуфляды (Наста ўзрадавалася, што ўчора памыла посуд), закрычала:

– Дарэчы, дзе ваша суседка? З ёй таксама хачу пагаварыць, а яе няма.

Наста падхапілася і кінулася ў Лізін пакой. Нікога.

Канапа засланая, заплечніка няма.

– Не начавала дома, я мяркую? У пакоі непрыбрана, джынсы валяюцца, шкарпэткі па падлозе раскіданыя. Пэўна, мужчынскія?

Яна больш не слухала, што бурчэла гаспадыня. Знайшла мабільны, набрала Лізу. «The subscriber is not available now. Please, call back later».

11 чэрвеня 2017 года

«Пачынаючы гэты дзённік, не думаў, што ў ім прыйдзецца апісваць смерць.

Увогуле, спачатку гэта былі нататкі даследчыка, аў дзённік яны ператварыліся пасля той сустрэчы.

Калі марыш аб чымсьці, то ўсё, што здараецца з табой, разумееш як знак. Маўляў, сусвет дапамагае, каб твая мара здзейснілася. Неабходныя былі грошы – з’явілася справа, за якую шчодра заплацяць. Трапіўся стары артыкул – і там тое, што даўно шукаў! Пазнаёміўся з дзяўчынай – ёй спатрэбіліся веды, якія збіраў усё жыццё. Спатрэбіўся я.

Але ці могуць уратаваць веды таго, хто жыве ў чаканні пачуццяў?

Разумееце… Я тут звярнуўся “разумееце” – і мне зрабілася страшна: няўжо я думаю, што гэты дзённік давядзецца камусьці чытаць? Але сэрца падказвае, што “дзённік” можа ператварыцца ў “доказ”, уліку. У іншым разе, калі ласка, не чытайце яго».

Апошні запіс у дзённіку Загорскага А. Я.
З асабістай тэчкі № 1/17
* * *

Марыліна хата была зачыненая.

Ліза пагрукала ў дзверы, патузала ручку – цішыня.

Вокны завешаныя: шэрая выцвілая тканіна – нібы тонкая скура назаўжды замкнёных павекаў. Гукнула – ну, разамкніцеся, пакажыце заспаны твар Марылі. Але вокны заплюшчаныя: толькі вузкая шчыліна паміж фіранкамі, праз якую нічога не ўбачыш.

У Жанны – таксама ні душы: Ліза з палову гадзіны чакала ля весніц, але ніхто так і не з’явіўся. Яна злавала, што не ўзяла нумары тэлефонаў. Кожнаму ж зараз прысвоеныя асабістыя лічбы: набярэш – і можаш выклікаць з нябыту каго заўгодна.

Як гэта было па-дзіцячы: верыць, што свет будзе нязменны, такім, якім яго тут пакінула. А насамрэч, толькі адвярнулася – і ўсё змянілася.

Мо абедзве паехалі ў бальніцу? І што рабіць ёй? Праз некалькі гадзін пачне цямнець. Не вяртацца ж назад?

Мабільны маўчаў, і гэта падмацоўвала адчуванне згубленасці. Яна выключыла тэлефон, бо не хацела нікога чуць. Дакладней, не хацела чуць Насту. Ноччу, каб супакоіць сумленне, напісала Алесю, што зноў паедзе на вёску, а пасля схавалася за паведамленнем «Абанент часова недасяжны».

Ліза агледзелася і пабачыла ўдалечыні знаёмы дах: мо там ёй раскажуць, дзе ўсе падзеліся.

Перад хатаю на лаве сядзела Бандарчуха – так выстаўляюць на сонца старыя матрацы: падсушыць, каб не згнілі. Калі пабачыла Лізу, захітала галавою, вітаючыся. Пасля азірнулася па баках і замахала рукою, маўляў, бліжэй, сюды, бліжэй.

Ліза зрабіла некалькі крокаў і нахілілася. Сэрца затахкала хутчэй: ёй падалося, што Бандарчуха хоча расказаць нейкі сакрэт.

А старая выпрасталася і нечакана гучна прадэкламавала:

Калі Ленін паміраў,Сталіну наказываў,Каб хлеба-солі не даваў,А сала й не паказываў.

І, адкінуўшыся на лаву, зарагатала.

– Мама, чаго смяешся, што здарылася? – з двара выбегла «бабулька-дачка». Заўважыўшы Лізу, схамянулася, палезла ў кішэню паанучу і пачала выціраць брудныя рукі. – А я, як бачыце, пераехала. Карову сюды перавезла, зараз будан для яе паправім. – І тут нешта ўспомніла: рот перакрывіўся, вочы сталі вузкімі, бы жанчына сабралася плакаць. І яна пачала гаварыць ціха, расцягваючы галосныя: – Вось гоо-о-ра дык го-о-о-ра! І нічога, што чалавек немалады-ы-ы, але ўсё роўна шкад-а-а-а. Мы вас на пахаванне чак-а-а-алі, але тэлефона вашага ніхто не ве-е-едаў. Званілі жаніху, але нічога не вы-ы-ы-званілі.