Выбрать главу

Ліза зразумела, што гэта яна «галосіць па нябожчыку»: пра памерлага тады кажуць так, быццам ці то спяваюць, ці то люляюць сваю жалобу.

– Вы, напэўна, на магі-і-ілу прыехалі? Калі хочаце, я пакажу вам шлях, але тут лёгка знайсці: во гэтак праму-уу-йце, там пабачыце возера, а там і могілкі побач. Яна каля ўвахода, адра-а-азу, з метраў дзесяць наперад, гаро-о-оотненькая.

– Прабачце, а хто памёр?

Жанчына пляснула рукамі і бухнулася на лаву побач з маці. А тая глядзела на дарогу, нібыта запамінала шлях, пра які толькі што казала дачка.

– А вы й не ведалі? – галашэнне скончылася: яна зноў гаварыла хутка, баючыся, што яе не даслухаюць. – Дык гэта так я вам паведамляю? Ай, Божухна, даруйце! То ж Сямёнаўна наша памерла!

Тут старая чхнула – і Ліза скаланулася ад нечаканасці. І па звычцы падумала: «Чхнулі. Значыць, гаворыць праўду».

– То як вы паехалі, мо праз тры дні тое здарылася. Сэрца не вытрымала. А колькі ж таму сэрцу трываць? Колькі разоў яно крывёю аблівалася – і не падлічыць! А якой жа залатой жанчынай яна была. Дачушак выгадавала, вунь якія, у горадзе, малайчыны. Прыязджалі на пахаванне, помнік добры замовілі, побач з бацькавым. А самі як памруць, то, пэўна, у горадзе застануцца, каб да дзяцей бліжэй. То я ім абяцала, што буду прыбіраць магілу Марылі Сямёнаўны. Разам з Жаннай.

– А дзе Жанна?

– У бальніцы. Расхварэлася, нешта са страўнікам. А дактары кажуць, што праз нервы ўсё. Бо гэтыя дні яна вельмі хвалявалася. Усё казала, што нейкую чужую машыну каля Марылевай хаты бачыла, маўляў, да яезноў тыя пакупнікі па зямлю прыязджалі, ці не яны яе напалохалі. І ў хаце быццам бы рэчы раскіданыя, як нешта шукалі, – мо дакументы на зямлю. Але скажыце мне, каму гэтая зямля так патрэбная, каб старога чалавека палохаць? А больш жа ў Марылі нічога каштоўнага не было. Нервы ў Жанны, усё праз нервы.

Памаўчалі.

– Да таго ж Сямёнаўна не ў хаце памерла! Сяргеіч яе знайшоў, рыбак наш. Каля берага, у вадзе.

– Вы ж казалі, што сэрца?

– Сэрца і ёсць. Напэўна, зайшла ў возера, а сэрца і прыхапіла, яна павалілася і захлынулася. Мы так падумалі, што гэта яна на могілкі пайшла, да мужа, да Мікіты. Сямёнаўна жалілася, што даўно ў яго не была, аў нас усё часу не хапала, каб яе звадзіць, ведаеце ж, гаспадарка. Во й не ўгледзелі. У Мікіты якраз кветачкі свежыя ляжалі, то, значыць, схадзіла яна да яго, а пасля сама…

– Утапілася?

– Ды не, кажу ж, сэрца. Дактары правяралі. Не ў тым яна ўзросце, каб тапіцца. А калі вам тут прытулку няма, заходзьце да вас. Я вас у сваёй хаце ўладкую, а сама з маці застануся, я і так у яе цяпер начую.

Ліза падзякавала і пайшла на могілкі: шлях яна ўжо ведала.

А размова за яе спінаю працягвалася, жыла:

– Куды яна?

– Да Сямёнаўны, мамачка.

– І я пайду! Даўно яе не бачыла.

– Не спяшайся, мамачка, яшчэ пасядзі тут са мною, пойдзеш у свой час.

– То дапаможаш мне апрануцца, бо ў людзі пайду, каб не сорамна.

– Дапамагу, мамачка.

Ліза ішла і не магла адагнаць думку, што гэта даляцеў праз дзесяцігоддзі, адшукаў і ўпіўся ў сэрца смяротны русалкавы покліч: «Мары-ы-ыля!»

* * *

Наста: Ліза, блін! Хопіць маўчаць! Не магу дазваніцца! Перазвані, я хвалююся.

Наста: Давай я да цябе прыеду? Заб’ю на працу. Прабач, я не хацела пакрыўдзіць.

Ліза: (паведамленне не прачытана)

* * *

Могілкі Ліза заўважыла адразу: высокія сосны і старыя яліны на ўзвышшы. Адтуль добра відаць возера: усё тое ж шэрае рабацінне, побач з берагам пагойдваецца чорны човен. Яна не спытала, дзе знайшлі Марылю, але човен быў так падобны да труны, што ёй падалося, быццам бы там, каля яго.

Белы каменны помнік – Мікіты, а побач – яшчэ свежы насып і драўляны крыж, некалькі штучных вянкоў і букецікаў. Ліза паклала кветкі, што нарвала па дарозе, на жоўты пясок – і жывыя рамонкі згубіліся на фоне чырвоных пластыкавых руж, памаранчавых гербер і фіялетавых лілей.

Ліза разглядала магілу Мікіты: вось якое фота Марыля хавала ў пенсійным. Сапраўды, самае апошняе фота, што толькі можна ўявіць. Цікава, ці з’явіцца здымак бацькоўскай магілы ў альбоме дачок? Кропка ў канцы твора, цалкам лагічнае завершанне. Да гэтага ўсе фотаальбомы – як кнігі з адкрытымі фіналамі.

Вырашыла, што час ісці прасіцца на прытулак, бо аўтобуса да ранку няма, і тут нехта па-сяброўску абняў яезаплечы: