Выбрать главу

– Не сумуй!

Ад нечаканасці Ліза адскочыла і ледзь не зачапілася аб помнік.

– Алесь!

– Прабач, не падумаў, што напалохаю.

– Ніколі не падкрадайся да людзей на могілках. Адкуль ты?

– Ты даслала SMS, што едзеш, аяжтабе не расказаў, што наша бабулька памерла. Мне тэлефанавала тая жанчына, Жанна, памятаеш, я пакінуў ёй візітоўку. А ў цябе тэлефон быў выключаны, я не ведаў, што рабіць, і прыехаў. Падумаў, што знайду цябе тут.

Некалькі хвілін яны маўчалі, гледзячы на помнікі, якія пазначалі двух чалавек, што заўжды цяпер будуць разам.

А пасля Алесь спытаў:

– Ты нічога не хочаш мне сказаць?

Ліза разгубілася і пачала шукаць у галаве словы, якіх ад яе маглі чакаць.

– Не, тут не месца для размовы. Хаця, канешне, у гэтым мелася б свая логіка. Але хадзем за мной.

Ліза яшчэ раз паглядзела на штучныя ружы, на драўляны крыж, на імя на шыльдачцы: пакуль не павесілі фота, замест твару былі літары, а на развітанне хацелася зірнуць у вочы. І падумала: «Дзякуй, Марыля, за тое, што прытулілі, за тое, што пражылі жыццё, вялікае, складанае, не ведаю, ці адужала я б такое. Ці адужаю. І дзякуй за гісторыю, якую мне расказалі. Здаецца, зараз трэба пажадаць, каб зямля вам была пухам, і яна, пэўна, мяккая, гэты рыхлы пясок, падобны на хлебны мякіш. Бывайце».

Ліза пайшла за Алесем па вузенькай, бы прабор на галаве, затравелай сцежцы. Думкі блыталіся, ніяк не хацелі станавіцца словамі, і Ліза маўчала. Глядзела на канверсы Алеся і ўяўляла, куды яны яе прывядуць. Добра, калі там будзе гарбата і луста хлеба.

Але не сказала нічога і тады, калі зразумела, што Алесь накіраваўся да чоўна.

* * *

Наста: Дзе ты ёсць? Не маўчы!

Ліза: (паведамленне не прачытана)

* * *

Пакрыху цямнела, і вада рабілася гусцейшай. Алесь веславаў: то набліжаўся, то аддаляўся, то набліжаўся, то аддаляўся.

Спыніліся на сярэдзіне возера, і ён нейкі час глядзеў туды, дзе туманілася вёска. Нідзе ні душы. Быццам бы ўсё тут было працягам могілак.

Човен загайдала на хвалях, і Лізе моцна захацелася на бераг. Зноў, які раз, яна паклялася навучыцца добра плаваць, каб больш не адчуваць сябе бездапаможнай. Да зямлі было даволі далёка – і ўбок, і ўніз.

Алесь сядзеў насупраць, вельмі блізка, і Ліза бачыла, што ён хвалюецца: рукі ледзь заўважна трасуцца, падціскае вусны, нібы хоча нешта прамовіць. Таму адвярнулася і ўтаропілася ў старую асіну (верагодна, гэта асіна, бо трымціць, а ветру ж няма. Ды навошта зараз гэтыя непатрэбныя думкі?), якая расла на беразе.

Нарэшце наважыўся:

– Калі ты маўчыш, я зноў запытаюся сам. Ты нічога не хочаш мне сказаць?

– Пра што? – удакладніла. І, на ўсялякі выпадак, праверыла там, усярэдзіне: яно не азвалася. Трымцела асіна, гайдаўся човен, раз-пораз плёскалі хвалі. Нічога іншага Ліза не адчувала.

– Дзе дыван?

Удалечыні забрахалі сабакі.

– Які дыван?

– Не прыкідвайся. Ты лічыш, што ён твой, таму што гэтая бабка яго табе паабяцала? Паспела адвезці дамоў? Павесіш на сцяну, будзеш захапляцца? Але ты разумная, напэўна, захацела прадаць? Алеты ж прадасі якому-небудзь доўбню за маленькія грошы. Толькі не кажы, што аддасі ў музей, каб ён там валяўся ў сховішчах.

– Алесь, я ўсё яшчэ не разумею, пра што ты.

– Добра, сфармулюю канкрэтна: Ліза, дзе дыван, пра які вы з бабкай размаўлялі і які, згодна з дыктафонным запісам, знаходзіўся ў яе хаце? Так зразумела? Я ўсё абшукаў, нідзе няма.

Падзьмуў вецер, ці гэта толькі падалося, але стала холадна і па скуры папаўзла азёрная вільгаць, бы цела пакрывалася шэранню.

– Я яго не брала. Алесь скрывіўся:

– Для цябе гэта гульня, а для мяне – праца. Я паабяцаў вельмі, вельмі важнаму чалавеку, што знайду для яго дыван Алены Кіш. Гэта калекцыянер, цікавіцца беларускай культурай. Пажылы, але захапляецца легендамі-паданнямі, як студэнт гістфака. Яшчэ ў яго бабкі ў вёсцы вісела такая маляванка, але ён быў малады, хату паламалі, маляванку спалілі разам з іншым смеццем. А зараз ён так выпраўляе памылкі юнацтва ці змагаецца з пачуццём віны, не ведаю. Яму парэкамендавалі мяне. З музеямі я не здолеў дамовіцца: чамусьці яны ўчапіліся ў гэтыя анучы. І ўва мне пачалі расчароўвацца. А тут – такая зачэпка. І, Ліза, ён заплаціць добрыя грошы. Яму надакучыла чакаць, і я яго разумею. Я дасылаў справаздачы ўвесь час, што я шукаю, працую, а ён прыспешваў, штотыдзень пытаўся: «Дзе, Алесь, вынік?» Я пісаў пра цябе, пра зачэпку з артыкулам, ён любіць усё кантраляваць, быць у курсе. Здаецца, у мінулым ён быў ваенным, позірк такі жорсткі, міліцэйскі. Але, Ліза, тут справа не толькі ў грашах, калі расчароўваецца такі чалавек, гэта значыць, у мяне будуць праблемы.