– Алесь, я не брала дыван.
– Тады дзе ён? Дзе? Я падзялюся з табой грашыма. Тым больш, ён ведае, што дыван быццам бы твой, перададзены ў спадчыну, ён слухаў запіс.
Шэрань распаўзалася ўсё далей і далей, па нагах, па жываце. Бы нарастала слізкая рыбная луска.
– Як ты мог шукаць у хаце, там жа зараз замкнёна?
– Я… Добра, я буду з табой шчырым, бачыш, Ліза, нічога не буду хаваць. Я паехаў сюды ў той самы дзень, як атрымаў ад цябе запіс. Размаўляў з гэтай Марынай-як-яетам-Сямёнаўнай. Яна таксама прыкідвалася, што нічога не ведае, ні пра які дыван не чула. Тады я даў паслухаць запіс.
– Навошта? Я толькі зараз зразумела, што нарабіла. Гэта ж здрада! Я перадала табе нашу размову, а гэта ж быў не канспект лекцыі ці выпіска з энцыклапедыі.
– Ты не хвалюйся, я супакоіў яе, што мы з табой пажэнімся, таму ты нічога ад мяне не хаваеш. Але, здаецца, яна не паверыла. Ва ўсялякім разе, не аддала мне дыван. Прамармытала, што табе на пасаг тады. Лухта нейкая, так?
– Я пачынаю разумець. То Жанне не падалося: у хаце сапраўды штосьці шукалі. І гэта ты, ты адвёз Марылю на возера? Яна не хадзіла сама так далёка.
Алесь памарудзіў, але зірнуў на Лізу і зразумеў, што лепей адказаць хутчэй:
– Я хацеў ёй дапамагчы, каб расчуліць, каб яна змяніла да мяне адносіны. Вы размаўлялі пра тое, што яна даўно не была на магіле мужа – бачыш, я ці не на памяць вывучыў твой запіс, – і я прапанаваў яе туды адвезці. Я амаль нёс яе на сабе да машыны, бо прыпаркаваўся далёка, на ўсялякі выпадак. Як ведаў…
– Цябе не заўважылі, не хвалюйся.
– Ты распытвала ў вёсцы? – ён відавочна ўзрадаваўся, і Ліза адразу пашкадавала, што гэтак яго заспакоіла. – Я правёў яе на могілкі, даў час пабыць там адной. А пасля яна папрасіла прывесці сюды, на гэты бераг. Распавяла, як пераплывала возера, калі была маладая, і што быццам бы тут яны пазнаёміліся з мужам. Мы спусціліся, бабка захацела зайсці ў возера, казала, «у апошні раз». Я не вінаваты, што так сталася. Я зноў спытаў пра дыван, яна працягвала маўчаць. А я ж паабяцаў, што назаўтра прывязу дыван. Ну, я прыкрыкнуў, можа, страсянуў яе за плечы. Я не думаў, што так атрымаецца. Ёй стала дрэнна, сэрца. Яна ўпала ў ваду і…
– Ты забіў яе?
– Не! Я не ведаў, як дапамагчы. Перапалохаўся. Усё скончылася вельмі хутка.
– І ты пакінуў яе там, у вадзе?
Алесь нахіліў галаву, счапіў рукі і моцна сціснуў. Бы каяўся.
– Ліза, я расказаў табе ўсё. А зараз ты раскажаш мне, куды схавала дыван. Калі ласка, Ліза. Для мяне гэта справа жыцця і смерці, як бы зацёрта гэта ні гучала.
– Я не хавала. І не забірала з сабой. Я не магла нават падумаць аб тым, каб вынесці яго з хаты. Ён жа не мой.
– Тады дзе?
– Дзверы з кухні ў пакой, белыя двухстворкавыя, стаяць заўсёды адчыненыя. Калі зачыніць адну створку, убачыш дыван – палова прымацавана да сцяны, палова да створкі. Як малюнак на развароце кнігі.
– І ўсё?
– І ўсё. Яна так хавала яго, каб ніхто не бачыў. Калі зачынялася ад усіх, перад ёй з’яўляўся яе асабісты райскі сад.
– Так проста! А я збіраўся шукаць па вёсцы патаемныя схованкі!
Напружанне звалілася з Алеся, як мокрае паліто: ён нават паспрабаваў усміхнуцца, але не сустрэў усмешкі ў адказ. І зразумеў, у чым толькі што прызнаўся. І спахмурнеў.
– Не глядзі на мяне так. Ліза, ты модумаеш паведаміць камусьці пра тое, што пачула ад мяне? Яна ж была старою. Годам раней, годам пазней.
Змрок спускаўся на возера. Плёскалі хвалі, гайдаўся човен.
Наста: Ліза, мы ў вёсцы. Шукаем цябе, але сустрэлі толькі нейкага дзеда, які нічога не ведае. Нас аббрахалі ўсе сабакі, мы аблазілі ўсе двары. Цябе тут няма. Няма? Калі ўключыш тэлефон, ведай, што мы прыязджалі.
Наста: Прывітанне ад Юры
Ліза: (паведамленне не прачытана)
Алесь уладкоўваўся, каб грэбці:
– Смешна, канешне. Ён быў у хаце. Але я не адмаўляюся ад сваіх словаў: падзялюся з табою грашыма, бо ты дапамагла з росшукамі.
Зірнуў на Лізу і кінуў вёслы:
– Ліза, калі ласка, хопіць! Мне шкада, што так атрымалася.
Вёслы матляліся па баках чоўна, як крылы. Крылы без пер’я і без мяса, абгрызеныя косткі птушкі, якая больш ніколі нікуды не паляціць.
– Паабяцай, што нікому нічога не раскажаш. І штозгодная прадаць дыван. Добра?
– Не магу.
Такая ўпартасць з’яўлялася ў яе жыцці толькі аднойчы. Калі ўсе адмаўлялі яе паступаць на журфак, казалі, што будзе шкадаваць пасля, а яна зрабіла па-свойму. І, канешне ж, шкадавала пасля.
І вось зноў тое самае – дурная ўпартасць на сярэдзіне возера.
– Паабяцай, і паедзем адсюль. Я замудохаўся ў гэтай срацы свету. Я паверу табе, ты атрымаеш грошы, гісторыя скончыцца хэпі-эндам.