Выбрать главу

– Алесь, мне трэба падумаць, што будзе далей. Бо гэта не толькі мая спадчына, як бы зацёрта гэта ні гучала.

Ён замаўчаў, быццам нешта пралічваў. І пралічыў:

– Тады застаецца план «Б».

Ведаеш, што такое правенанс? Гэта гісторыя валодання прадметам мастацтва, якая пацвярджае, што ён сапраўдны. Тут мы маем добры правенанс: аўдыёсведчанні той, хтосябравала з Кіш. Але глядзім шырэй: у нас ёсць не проста правенанс, а таямнічы, містычны правенанс.

Мастачка, што намалявала гэты дыван, утапілася. Яго старая ўладарка памірае таксама ад вады. І да таго ж яна верыць, што дыван пракляты, а пракляцце – гэта не толькі прыгожа, але і дорага. Праклятыя рэчы каштуюць болей. І вось наступная яго ўладарка памірае. Таксама ад вады. І цалкам магчыма, што гэта самагубства, як і ў Кіш. Ну, ці не прыгожы, ні не смачны правенанс?

Ліза слухала і не верыла. Ёй расказвалі страшную казку і прымушалі цешыцца з таго, што яна – галоўная гераіня. Ці не галоўная, а тая, што загіне напрыканцы, каб разжаліць і настрашыць чытачоў.

Хацелася думаць, што ён жартуе, але Алесь быў сур’ёзны. Ліза асцярожна намацала ў кішэні мабільны, ды што з ім можна было зрабіць – выключаны, не паспее нікому патэлефанаваць.

– Гэтую траістую гісторыю з праклёнам прыдумаў зараз, але яна мае права на жыццё, ты згодная? Не, хлушу: я пачаў думаць пра яе тады, калі ты паехала ў вёску. А што, калі б ты знайшла дыван і памерла б, як Кіш? Гэта адразу зрабіла б знаходку ў некалькі разоў даражэйшай.

Пальцы Алеся стукалі па борце чоўна, нібы ён акампанаваў сабе на піяніна: спачатку павольна, а пасля хутчэй і хутчэй, бо аповед набіраў тэмп:

– І я збіраў доказы таго, што ты не хочаш быць на гэтым свеце. Так, на ўсялякі выпадак, як збіраюць старыя квітанцыі. Я, выбачай, запісваў нашы тэлефонныя размовы, каб перадаць майму замоўцу, які хацеў быць у курсе справы.

А для сябе прыкмячаў месцы, дзе ты казала пра нежаданне жыць. І пра тое, што ты не ўмееш плаваць. А яшчэ, я ж прызнаваўся табе, што пісаў дзённік. Але ён паступова ператварыўся ці не ў літаратурныя нарысы, дзе я ствараў вобраз такой сабе дэпрэсіўнай асобы. Мо падсвядома. А мо і наўмысна.

Пальцы спыніліся. Але Ліза разумела, што гэта не канец, а толькі паўза, якая павінна дадаць у твор драмы.

– Ведаеш, едучы сюды, я зрабіў запіс пра смерць, так, мо прыдасца. Быў упэўнены, што на такое ніколі не рашуся, што гэта літаратурныя практыкаванні, размінка для фантазіі. А тут во як атрымалася.

– Са мной не атрымаецца так, як з Марыляй. Крычаць? Ніхто не пачуе. Кінуцца на яго? Але ён мацнейшы. Выскачыць з чоўна? Але ж да берага не пратрымацца. Пальцы Алеся зноў ажылі і выстуквалі нешта бязладна і хутка. Ці гэта быў рытм, у якім пачало біцца яе сэрца?

– Чаму не? Звалілася ў ваду, а я не змог дапамагчы. Ды, увогуле, як і тады, мяне тут не было. Ты сама адвязала човен, адплыла насярэдзіну і ўтапілася. Суіцыдальныя думкі былі раней, да іх дадалася яшчэ і смерць той, да каго ты прывязалася. Ты вінаваціла сябе, што пакінула яе тут адну. І да таго ж, няшчаснае каханне. Да мяне. Калі мяне запытаюць, я пакажу свае запісы, скажу, што ты мне прызнавалася, але я адмовіў, і пашкадую, што быў да цябе занадта жорсткі. Усё сышлося. Наша міліцыя ўчэпіцца за версію з самагубствам.

Зноў памаўчаў. Размяў пальцы.

– Ведаеш, мне не патрэбнае тваё абяцанне нічога не расказваць, бо мая праклятая гісторыя падабаецца мне больш. Прабач.

І вельмі марудна, як ёй падалося, пасунуўся наперад, моцна сціснуў яе рукі. Ліза хацела выкруціцца, але дарэмна: пальцы ўпіліся мацней, човен затросся, бы ад жаху таго, што мела адбыцца.

Яна паспрабавала ўдарыць Алеся нагой, але толькі страціла раўнавагу і напалову вывалілася з чоўна – спіна завісла над вадою. Тады Ліза падумала, што варта кульнуцца, каб пацягнуць яго за сабой, ды Алесь вывернуўся, схапіў яе пад каленам і перакінуў, бы мех з бульбай, за борт.

Яна правалілася пад ваду, нібыта ў снег, і некалькі імгненняў не магла зразумець: няўжо гэта так проста, няўжо яе выпхнулі з жыцця?

Калі вынырнула, убачыла, што Алесь адганяе човен: яшчэ некалькі ўзмахаў вёсламі – і ўсё, ён недасяжны.

Ліза трымалася на паверхні, але ведала, што вельмі хутка саслабее. Яна ўмела толькі боўтацца па-сабачы, амаль не рухаючыся з месца, а да берага было некалькі дзясяткаў метраў.

Алесь падняўся на ногі, каб сачыць за ёю, а човен адносіла ўсё далей і далей. Сілы пакідалі яе, іх вымывала вадою, і разумеючы, што зараз будзе яе апошні ўчынак на гэтым свеце, Ліза крыкнула, як старая баба:

– Каб ты здох!

І адразу ж глынула вады.

Алесь нават не змяніўся ў твары.

І яны нейкі час глядзелі адно на аднаго: ён – узвышаючыся над азёрнай паверхняй, і яна – з кожнай секундай апускаючыся ўсё глыбей пад ваду.