І раптам штосьці чорнае шуснула ў паветры. Вялікая птушка? Ці падалося? Але Алесь захістаўся, замахаў рукамі і грымнуўся за борт.
Падаючы, зачапіўся аб човен – той адштурхнула на некалькі метраў. Ліза спадзявалася, што Алесь не вынырне, але вось з’явіўся над вадой, мацюкнуўся і паплыў за чоўнам.
Не, ён мацнейшы, ён выдужае.
А яна? Паспрабавала ляжаць на паверхні – не здолела. Трэба было плысці. Рукі і ногі цяжэлі, таму яна рухала імі вельмі асцярожна.
Алесь кінуў даганяць човен і накіраваўся да зямлі. Ён дык адлегласць да берага адолее. А Ліза амаль не зрушылася з месца: некалькі метраў – усё, на што яе хапіла.
Яна паглядзела на неба, на якім мігцелі першыя зоркі, і адчула, што болей не можа змагацца.
Алесь ужо быў далёка, там, дзе расла асіна, якую яна разглядала, здаецца, у мінулым жыцці. Але чамусьці спыніўся. І пачаў біць рукамі па вадзе. Вось схаваўся пад вадой, вось вынырнуў, нема крыкнуў і зноў схаваўся – нешта цягнула яго ўніз.
Лізе хапала моцы толькі на тое, каб трымацца на паверхні, і яна не ведала, што адбываецца там, наперадзе, якая пачвара ўчапілася ў Алеся, але вельмі хацела датрываць да моманта, калі гэтае нешта завалодае ім цалкам.
Алесь зноў знік за хвалямі. І ўсё. Больш не вынырнуў.
Пустая паверхня. Ні крыкаў, ні плёскату.
І ў гэтай мёртвай цішыні Ліза зразумела, што зараз прыйшоў і яе час. Сусвет і без таго быў ласкавы да яе: яна пабачыла смерць свайго забойцы.
І Ліза перастала варушыцца, зрабіла апошні ўздых і дазволіла вадзе завалодаць сваім целам. Перадавала яго іншай гаспадыні.
І нечакана нага намацала цвёрдае. І другая таксама.
Ліза абапёрлася і не паверыла: яна стаяла на зямлі. Вада дасягала ёй да плеч, кеды танулі ў нейкай мяккай твані, але ж гэта была зямля!
Яна асцярожна крыкнула:
– А-а-а!
Пасля яшчэ, і яшчэ раз, а пасля закружылася, затанцавала, на сваёй асабістай водмелі, і зоркі закружыліся таксама.
– А-а-а, – крычала Ліза. – А-а-а!
Яна была адна пасярод возера, і здавалася, адна ў цэлым свеце, але пад нагамі яна мела тое, на што абаперціся. І гэта быў цуд.
І таму яны крычала:
– А-а-а!
Знячэўку на беразе з’явіліся дзве постаці і закрычалі таксама:
– А-а-а-а! Лі-і-і-і-і-за-а-а-а! Мы цябе знайшлі-і-і-і!
І Ліза магла паклясціся, што гэта былі Наста і Юра. А да іх набліжалася трэцяя постаць, жаночая, але Ліза не пазнавала яе ў цемры.
Добры дзень, Сяргей Уладзіміравіч!
У гэтай тэчцы сабранае ўсё, што тычыцца «знойдзенага дывана Алены Кіш»: флэшка з аўдыёзапісам Марыі Сямёнаўны, якая ведала Алену, і з тэлефоннымі размовамі Алеся Загорскага, які загінуў падчас росшукаў; копія яго асабістагадзённіка (найцікавейшыя фрагменты абведзеныя маркерам) і чарнавік старога артыкула пра Алену.
Навошта я дасылаю тэчку, калі Вам патрэбны дыван? Калі ласка, дачытайце да канца, я ўсё патлумачу. Прабачце за такі танны кручок, але я мушу карыстацца ўсім, што ў мяне ёсць. І спадзяюся, Вы не палічыце нахабствам тое, што я стаўлю Вам умовы.
Дыван зараз належыць мне, і Вы гэта ведаеце. Напэўна, яшчэ не ведаеце, што гэта трэці з сюжэтаў Алены Кіш: ёсць «Дзева на водах», «Ліст да каханага», а гэты – «У райскім садзе». Наіўная спроба намаляваць месца, дзе ніколі не быў, атаму засяліць яго жывёламі, якія ніколі не бачыў. І наіўная патрэба мець хоць такі рай у хаце.
Але да справы. Я прапаную Вам не дыван, але гісторыю. Кнігу. Пра тое, як яго стварылі, як хавалі і як знайшлі.
І, увогуле, пра маляванкі, якія яшчэ гадоў семдзесят таму віселі па хатах, а цяпер зніклі і ніколі не вернуцца.
Мабыць, я смешная ў гэтым звароце. Гэта быццам бы надзея на кагосьці моцнага, магутнага, які прыйдзе і адмые нашу мінуўшчыну, уратуе спадчыну, пераканае нас, штояна вартая пашаны і таго, каб ёй ганарыцца. Бо Вы ж шукалі дыван не толькі таму, што падобны мела Ваша бабуля, так? Кнігу, матэрыял да якой змяшчаецца ў гэтай тэчцы, напішам я і мая сяброўка Наста. Мы ўсё размеркавалі: я напішу пра апошнія месяцы жыцця Алены Кіш, калі яна малявала гэты дыван. А Наста – пра падзеі сучаснасці: мне пра іх пісаць пакуль складана, бо я ледзь не загінула сама. Алесь казаў, што Вы цікавіцеся легендамі. Таму гэта будзе гісторыя яшчэ і пра русалак. І не пра няшчасны выпадак (афіцыйная версія), а пра шчаслівую (для мяне) верагоднасць. Міліцыя зрабіла выснову, што Алеся зацягнула ў вір. Мясцовыя пацвердзілі, што вір там быў яшчэ да вайны, а я дзівам натрапіла на адзіную ў возеры водмель. Бачыце, наш сюжэт мае цалкам кніжную канцоўку. Да таго ж Алесь у сваім апошнім дзённікавым запісе прадказваў, што павінна з’явіцца смерць. І яна была. А мне, як добрай гаспадыні, шкада, каб што-небудзь прападала дарма.